разнавіднасць канвертарнага працэсу, пры якой атрымліваюць сталь прадзіманнем вадкага (звычайна пераробнага) чыгуну тэхнічна чыстым (больш за 95,5%) кіслародам. Ажыццяўляецца пераважна ў глухадонных канвертарах з асн. футэроўкай.
Кісларод падаюць зверху праз фурму, якая ахаладжаецца вадой. Пад уздзеяннем выдзімання дамешкі чыгуну (Si, Mn, C і інш.) акісляюцца з вылучэннем значнай колькасці цяпла. Пасля прадзімання метал раскісляюць (выдаляюць лішні кісларод). Выкарыстанне кіслароднага выдзімання замест паветранага дазваляе атрымаць сталь з нізкай (0,002—0,006%) колькасцю азоту. У параўнанні з мартэнаўскім працэсам К.-к.п. больш прадукцыйны, яго роля ў сусв. выплаўцы сталі пастаянна расце.
Да арт.Кіслародна-канвертарны працэс. Схема атрымання сталі ў кіслародным канвертары: 1 — загрузка металалому; 2 — заліўка чыгуну; 3 — прадзіманне кіслародам; 4 — выпуск сталі; 5 — зліў шлаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,
2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5 °C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял.колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн.прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА БЕЛАРУ́СКІХ СПРАЎ ЛІТВЫ́,
орган выканаўчай улады ў літ. урадзе ў 1918—23. Створаны ў выніку перагавораў паміж Віленскай беларускай радай і Прэзідыумам Літоўскай Тарыбы ад 27.11.1918. Беларусам адводзілася 25% з агульнай колькасці месц у літ. урадзе, дзейнічала на тэр. Гродзеншчыны і Віленшчыны. Мін-ва ўзначальвалі Я.Варонка (1.12.1918—12.3.1919; 12.4.1919—19.6.1920) і Д.Сямашка (19.6.1920—2.2.1922). Сфарміравала 1-ы бел. пешы полк, які дыслацыраваўся ў Гродне. Пры ўдзеле прадстаўнікоў М.б.с.Л. створаны гродзенскія пав. рада, бел. краёвая ўправа і к-т сувязі культ.-нац. адраджэння Беларусі. Мела на мэце папярэдзіць акупацыю бел.зах. зямель Польшчай шляхам стварэння супольнай бел.-літ. дзяржавы. У 1923, пасля канчатковага далучэння Віленшчыны да Польшчы, адносіны з ліг. урадам пагоршыліся і мін-ва спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,
кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУ́НІЙ (лац. Neptunium),
Np, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 93; адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 227—241; найб. устойлівы 237Np (перыяд паўраспаду 2,14∙106 гадоў, α-выпрамяняльнік). У вельмі нязначнай колькасці знойдзены ва ўранавых рудах. Першы трансуранавы элемент; адкрыты Э.М.Макміланам і Ф.Эйблсанам у 1940; назва — ад планеты Нептун.
Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 639 °C, шчыльн. 20450 кг/м³. Вельмі рэакцыйназдольны (ступень акіслення ў хім. злучэннях ад +3 да +7). Утвараецца ў ядз. рэактарах пры працяглым апрамяненні урану, вылучаюць як пабочны прадукт пры атрыманні плутонію. Ізатоп 237Np выкарыстоўваюць для вытв-сці плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў 2,6∙10−6Бк/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРУХО́МАСЦЬу праве,
зямля і інш. прыродныя ўгоддзі, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. і юрыд. асоб, інш.маёмасныя правы на зямлю, а таксама ўсялякая інш. маёмасць, прымацаваная да зямлі і цесна звязаная з ёю (будынкі, збудаванні, заводы і інш.). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ва ўласнасці грамадзян могуць знаходзіцца жылыя дамы, дачы, садовыя домікі, зямельныя ўчасткі, сродкі вытв-сці для вядзення сял. гаспадаркі, індывідуальнай і інш.гасп. дзейнасці. Да Н. можа быць аднесена і інш. маёмасць: прадпрыемствы, маёмасныя комплексы ў сферы вытв-сці тавараў, быт. абслугоўвання, гандлю і ў інш. сферах прадпрымальніцкай дзейнасці, збудаванні, абсталяванне, трансп. сродкі і да т.п. Закон не абмяжоўвае ні колькасці, ні кошту маёмасці, набытай за кошт прац. даходаў грамадзян, акрамя маёмасці, што знаходзіцца ў выключным валоданні дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЕ́НІКІ,
палонныя ў ВКЛ, адзін з відаў чэлядзі нявольнай. Выконвалі паншчыну і інш. работы, жылі пры дварах феадалаў, некат. мелі сваё жыллё і ўчасткі зямлі. Паступова палон як крыніца папаўнення чэлядзі нявольнай страціў сваё значэнне. П. часта выкуплялі і як феадальна-залежных сялян саджалі на зямлю, ператвараючы іх у агароднікаў. Заканадаўства ВКЛ 16 ст. было накіравана на памяншэнне колькасці чэлядзі нявольнай, ператварэнне яе ў сялян, якія займаюцца апрацоўкай зямлі. Статут ВКЛ 1588 адмяняў назву «чэлядь неволная» і ўказваў, што ў далейшым гэта катэгорыя насельніцтва будзе называцца «челедью дворною отчызною материстою купленою або полонениками». Збеглых П., як і інш. чэлядзь, належала шукаць і вяртаць з усёй сям’ёй і маёмасцю феадалу. П. нельга было завяшчаць маёмасць, не падараваўшы ім спачатку волю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЕТ ((Paneth) Фрыдрых Адольф) (31.8.1887, Вена — 17.9.1958),
нямецкі хімік, адзін з пачынальнікаў радыехіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947). Вучыўся ва ун-тах Мюнхена, Глазга і Вены (д-р філасофіі, 1910). У 1912—18 у Ін-це радыю ў Вене, з 1919 выкладаў у розных ун-тах Еўропы, з 1933 у Вялікабрытаніі. З 1953 дырэктар Ін-та хіміі М.Планка (г. Майнц, Германія). Навук. працы па радыехіміі, геахіміі, даследаванні метэарытаў. Прапанаваў метад ізатопных індыкатараў (разам з Дз.Хевешы, 1913). Сфармуляваў правіла суасаджэння радыеактыўных элементаў (правіла Фаянса — П.). Устанавіў абс. ўзрост метэарытаў, з дапамогай распрацаванага ім метаду вызначэння колькасці гелію ў іх. Атрымаў і ідэнтыфікаваў свабодныя метыльныя радыкалы (1929).
Літ.:
Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎЛЕ́ННЕ,
пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл.Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл.Плаўка).
П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл.Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.