ТЭАТРА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й імя А.​А.​Бахрушына, Дзяржаўны цэнтральны тэатральны музей імя А.​А.​Бахрушына,

найбуйнейшы ў свеце тэатр. музей. Засн. ў 1894 у Маскве рас. тэатр. дзеячам К.А.Бахрушыным на аснове ўласнай калекцыі. З 1909 літ.-тэатр. музей, пасля перадачы літ. збору ў інш. архівы — тэатральны. У 1913 перададзены Бахрушыным Рас. АН, з 1918 дзярж., з 1919 імя Бахрушына, які прызначаны пажыццёвым дырэктарам музея. У фондах больш за 1 млн. адзінак па гісторыі рас. т-ра: асабістыя фонды, рукапісы буйнейшых акцёраў, рэжысёраў, драматургаў і інш., зборы тэатр. праграм і афіш, эскізаў дэкарацый і касцюмаў вядомых тэатр. мастакоў, рэдкіх фотаздымкаў і негатываў. У кніжным фондзе больш за 70 тыс. тамоў. Дзейнічае (з 1948) пастаянная выстаўка, прысвечаная Ф.​Шаляпіну.

Літ.:

Государственный центральный театральный музей им. А.​А.​Бахрушина: Альбом. М., 1971;

По страницам театральных рукописей. М., 1988.

т. 16, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІНАЯ́НА (санскр., літар. — малая калясніца, вузкі шлях),

адзін з асноўных (разам з махаянай) кірункаў будызму. Узнікла ў пач. н.э. на ПнУ Індыі і Цэйлоне, пазней распаўсюдзілася ва ўсіх азіяцкіх краінах. У 5—6 ст. на Пн выцеснена махаянай, але канчаткова замацавалася ў Паўд.-Усх. Азіі, на Цэйлоне, у Бірме, Лаосе, Тайландзе.

У аснове Х. — будыйская ідэя пра 2 станы быцця: праяўлены і непраяўлены (непраяўлены атаясамліваюць з хваляваннем дхармаў — пэўных адзінак жыццядзейнасці асобы). У Х. «Я» і свет разглядаюцца як хуткамінучыя камбінацыі, адмаўляецца душа як самаст. духоўная сутнасць, адначасова падкрэсліваецца рэальнасць дхармаў. Для будызму характэрна ідэя незалежнага развіцця асобы, асабістага ўдасканалення дзеля дасягнення нірваны. Буда ў Х. — гіст. асоба, якая адрозніваецца ад інш. большай дасканаласцю як узор для іншых (патэнцыяльна кожны чалавек можа стаць Будай). Найб. значныя школы Х.: тхеравада (найб. блізкая да першапачатковага будызму), вайбхашыка, саўнтрантыка.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЛАДАВА Алена Аляксееўна (н. 6.7.1930, г. Екацярынбург, Расія),

бел. і рас. вучоны ў галіне эндакрыналогіі; заснавальнік бел. навукова-практычнай школы эндакрынолагаў. Д-р мед. н. (1981), праф. (1982). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыла Екацярынбургскі мед. ін-т (1955). З 1965 у Чэлябінскім мед. ін-це. З 1984 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (у 1985—98 заг. кафедры). Навук. працы па клінічнай эндакрыналогіі, сучасных метадах лячэння цукр. дыябету і інш. Распрацавала новы навук. кірунак па медыка-сац. рэабілітацыі насельніцтва на аснове дыягностыкі эндакрынных расстройстваў на ранніх стадыях (ухвалена Еўрап. бюро Сусв. арг-цыі аховы здароўя).

Тв.:

Экспертная система диагностики диабетических ангиопатий методами вычислительной ИК-термографии: концепция и критерии. Мн., 1990 (у сааўт.);

Болезни щитовидной железы: ранние признаки, дифференциальный диагноз. Мн., 1991 (разам з Л.​І.​Данілавай);

Справочник по клинической эндокринологии. Мн., 1998.

т. 17, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШВЕ́ДСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў (паўн. падгрупа); мова шведаў. Афіц. мова Швецыі, адна з афіц. моў Фінляндыі. Пашырана таксама ў ЗША і Канадзе. Мае 7 груп дыялектаў: гаворкі свейскія, ёцкія, нарландскія, гутнійскія, паўн.-швед., усх.-швед., нарвежска-шведскія. Ш.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць доўгіх і кароткіх галосных і зычных гукаў, муз. націск; у марфалогіі — 4 тыпы спражэння дзеяслова, захаванне супіна, які выступае ў якасці нязменнай часткі аналіт. форм дзеяслова, агульны і ніякі род, 2 лікі і 2 склоны ў сістэме назоўніка, катэгорыя азначальнасці ў прыметніку; у сінтаксісе — цвёрды парадак слоў у сказе. Найстараж. пісьмовыя помнікі — рунічныя надпісы 9—12 ст. (каля 2500; гл. Рунічнае пісьмо). Помнікі лац. алфавітам з 13 ст. Сучасная літ. мова склалася ў 16—17 ст. на аснове свейскіх гаворак.

Літ.:

Попов О.К., Попова Н.М. Шведский язык. М., 1969.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РЦІН Барыс Алегавіч (н. 29.11.1932, г. Чыта, Расія),

бел. архітэктар. Скончыў Львоўскі палітэхн. ін-т (1958). Працаваў у г. Новакузнецк Кемераўскай вобл., у г. Алма-Ата. З 1971 у Мінску ў Гал. арх.-планіровачным упраўленні, з 1973 у ін-це «Мінскпраект». Асн. работы ў Мінску: добраўпарадкаванне берагавой зоны р. Свіслач (1976—90), тэрыторый, прылеглых да гасцініцы «Беларусь» (1989) і Камароўскага рынку (2001), Міхайлаўскага сквера (1990-я г.), Партызанскага праспекта на ўчастку станцый метро «Аўтазаводская» — «Магілёўская» (2000—03), сквераў на пл. Перамогі (2003); спарт. комплекс «Працоўныя рэзервы» (1980—84), арх.-маст. афармленне станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» (1984), стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), рэканструкцыі тэр. стадыёна «Дынама» (1980), участка праспекта Скарыны (ад пл. Незалежнасці да вул. Філімонава, 1984—85; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву).

т. 18, кн. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБ-БАРА́Н, грыфала кучаравая,

губавы базідыяльны грыб сям. албатрэлавых. Трапляецца ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі рэдкі рэліктавы від, знойдзены ў Пружанскім, Барысаўскім, Чэрвеньскім і Жыткавіцкім р-нах; занесены ў Чырвоную кнігу. Расце ў шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах пры аснове старых ствалоў дуба, граба, вяза, клёна, значна радзей сасны. Дэкаратыўны малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у ліпені—верасні.

Пладовае цела дыям. да 1 м і масай да 10—20 кг. Складаецца з паўторна-галінастых пянькоў з агульнай асновай. Шапкі шматлікія, паўкруглыя, радыяльна-маршчакаватыя, шурпатыя, жаўтавата-шэрыя ці шаравата-бурыя. Тканка белая, валакніста-мясістая, з прыемным пахам арэха. Споры гладкія, бясколерныя. Фітапатагенны грыб. Грыбніца жыве ў каранях і ствалах дрэў на працягу многіх гадоў, утварае белую стрыжнёвую гніль са шматлікімі поласцямі.

Грыб-баран.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЗЕФСАНА ЭФЕ́КТ,

працяканне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакт Джозефсана). Прадказаны Б.Джозефсанам (1962); эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі П.​Андэрсанам і Дж.​Роўэлам у 1963 пры вывучэнні вольт-ампернай характарыстыкі джозефсанаўскіх кантактаў.

Уласцівасці Дж.э.: электроны праводнасці праходзяць праз дыэлектрык з-за тунэльнага эфекту і, калі ток праз кантакт меншы за пэўнае значэнне, падзення напружання на кантакце няма (стацыянарны Дж.э.), а калі перавышае — узнікае падзенне напружання і кантакт выпрамяняе эл.-магн. хвалі (нестацыянарны Дж.э.). На аснове Дж.э. распрацаваны звышправодныя інтэрферометры, маламагутныя генератары, хуткадзейныя элементы ЭВМ, параметрычныя пераўтваральнікі, адчувальныя дэтэктары, узмацняльнікі і інш.

Да арт. Джозефсана эфект: а — тунэляванне звышправодных пар; б — элемент Джозефсана; 1 — электронная пара; 2 — звышправаднік; 3 — дыэлектрык (слой вокіслу); 4 — падложка.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗНАЯ́ЎНЫ РАЗЛІ́К,

разлік без удзелу наяўных грошай — шляхам пераводу (пераліку) пэўнай сумы з рахунку плацельшчыка на рахунак крэдытора ў крэдытных установах ці шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. У нац. абароце выконваецца: плацежнымі патрабаваннямі, даручэннямі, патрабаваннямі-даручэннямі, чэкамі, акрэдытывамі, вэксалямі, інкасавымі даручэннямі. Найчасцей безнаяўныя разлікі звязаны з інкасаўскімі аперацыямі банкаў, калі банк паводле даручэння свайго кліента і на аснове разліковых дакументаў атрымлівае грашовыя сродкі, якія належаць гэтаму кліенту, ад інш. суб’ектаў гаспадарання і залічвае іх на рахунак атрымальніка (кліента). Плацяжы па безнаяўных разліках ажыццяўляюцца: пасля адгрузкі (водпуску) прадукцыі, выканання работ, аказання паслуг ці як папярэдняя аплата на агавораных (устаноўленых) умовах; са згоды плацельшчыка і пры наяўнасці сродкаў на яго рахунку ці крэдыту, прадугледжанага дагаворам. Безнаяўныя разлікі выкарыстоўваюцца і ў міжнар. эканам. адносінах.

Г.​І.​Краўцова.

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.

Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).

Р.​А.​Чарнушзвіч.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,

механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.​М.​Жакарам.

Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д.).

Жакарда машына: 1 — грузік; 2 — вочка; 3 — дзялільная дошка; 4 — шнур; 5 — кручок; 6 — іголка; 7 — прызма; 8 — падымальны нож.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)