БУРДЗЕ́ЙНЫ (Аляксей Сямёнавіч) (18.10.1908, г. Жытомір, Украіна — 21.4.1987),
савецкі ваен. дзеяч, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Ген.-палк. (1961), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1932), ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА (1940), Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял.Айч. вайну камандзір палка, нач. штаба танк. брыгады, корпуса. Удзельнік абароны Кіева, Харкава, баёў пад Варонежам, Сталінградскай і Курскай бітваў. З восені 1943 у складзе Зах., 3-гаБел. франтоў вызваляў Оршу, вызначыўся пры вызваленні Мінска. Удзельнік баёў у Літве, Усх. Прусіі. У 1954—63 на адказных ваен. пасадах у БВА, да 1974 — у Мін-ве абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЖА,
возера ў Беларусі, у Мёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Вята, за 12 км на ПдЗ ад г. Мёры, уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 2,94 км², даўж. 2,62 км, найб.шыр. 1,11 км, найб.глыб. 5,1 км. Пл. вадазбору 24,4 км².
Схілы катлавіны на Пд, ПдЗ і Увыш. 8—10 м, месцамі да 17 м, пад лесам, на Пн і ПнЗ разараныя. На У да возера прымыкае балота, берагі месцамі сплавінныя, паўн. і зах. абразійныя, часта зліваюцца са схіламі. 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай (шыр. 200 м) з воз. Абстэрна; упадае рэчка без назвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎНІКІ,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Займаліся паляваннем на баброў, наглядалі за бабровымі гонамі і іх аховай. Сачылі за выкананнем звычаёвых і кадыфікаваных нормаў паляўнічага права. Мелі выязнога каня, паляўнічых сабак і лоўчыя сеткі. Падпарадкоўваліся баброўнічаму, службоўцу са шляхты. За работу мелі плату ў залежнасці ад выслугі, месца службы і жыхарства, атрымлівалі кожнага 5-га бабра або падчарэўе кожнага здабытага звера, або 1—3 грошы; прыцягваліся да выканання інш. павіннасцяў, у т. л.талок. Маглі мець гаспадарку (беспадатковы зямельны надзел 0,5—1 валока). У сувязі з драпежніцкім вынішчэннем баброў у 18 ст. баброўнікі зліліся з інш. катэгорыямі насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КТРЫЯ,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр.Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-гатыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз.Тахарыстан.
Літ.:
Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;
Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЛЬШАВІ́К»,
тэарэтычны і паліт. орган ЦККПЗБ. Выдаваўся нелегальна са снеж. 1924 да 1936 у Вільні, пазней у Мінску на бел. (асобныя матэрыялы на рус.) мове. Нумары 1—40 выйшлі як газета, з нумара 41-га — часопіс (выйшла 50 нумароў). Змяшчаў артыкулы па тэорыі і практыцы камуніст. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі, рабоце секцый Камінтэрна ў краінах Зах. Еўропы, пастановы пленумаў ЦККПЗБ, матэрыялы канферэнцый і з’ездаў КПЗБ, хроніку парт. работы. Пісаў пра паліт і эканам. становішча ў СССР і БССР. Адыгрываў актыўную ролю ў кіраўніцтве рэв. і нац.-вызв. рухам працоўных Зах. Беларусі. Друкаваў і сектанцкія матэрыялы, асабліва ў 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс.га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек. раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́БУТАЎ (Валерый Міхайлавіч) (18.12.1885, г. Валгаград — 1.11.1961),
рускі рэжысёр. Засл. арт. Расіі (1934), засл. дз. маст. Татарстана (1945). Творчую дзейнасць пачаў у МХТ (1912). Удзельнічаў (з У.Меерхольдам) у стварэнні Т-ра РСФСР 1-га (1920). З 1924 узначальваў Т-рмуз. буфанады (пазней Т-рмуз. камедыі). Яго мастацтва было адметнае высокай рэжысёрскай культурай, пошукамі новых выразных сродкаў. Пастаноўкі ў розных тэатрах: «Смерць Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна 91924), «Карневільскія званы» Р.Планкета (1925), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1935), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1940), «Гамлет» У.Шэкспіра (1946 і 1955 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, адзін з лепшых шэкспіраўскіх спектакляў на Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКМА́НІЯ (Beckmannia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 2 віды. Пашыраны ў нетрапічных раёнах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на заліўных лугах і каля вадаёмаў трапляецца бекманія звычайная (Beckmannia eruciformis); бекманія ўсходняя (Beckmannia syzigachne) — рэдкая заносная расліна.
Шмат- або двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі парасткамі або без іх; утвараюць рыхлыя ці шчыльныя дзярніны. Сцябло (саломіна) выш. 30—150 см, прамастойнае. Лісце лінейнае, плоскае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 1—2-кветкавыя сціснутыя з абодвух бакоў каласкі. Суквецце — густая аднабокая коласападобная мяцёлка даўж. да 30 см. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны. Культывуецца (ураджайнасць да 30 ц/га), выкарыстоўваецца ў травасумесях пры залужэнні поймаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ,
гідралагічны заказнік у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў. Пл. 950 га (1995). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град, на водападзеле Балтыйскага і Чорнага мораў. Уключае воз. Белае ў бас.р. Шоша і прылеглую тэрыторыю ў межах вадазборнай плошчы. У возеры водзяцца лешч, судак, шчупак, акунь, краснапёрка, верхаводка; па берагах пасяленні баброў. Пашыраны мох фантыналіс — адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае плаваючыя дзярнінкі). На Пд пераважна хваёвыя лясы, на ПдЗ і З трапляюцца ельнікі. Лясістасць 90%. На ПнУ асобныя ўчасткі хваёва-яловых лясоў, уздоўж азёрнага берага курціны шэраалешнікаў.