ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод),

разнаплоддзе, генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́СЦЕЙКА,

высокаспецыялізаванае ўтварэнне эпідэрмісу раслін. Складаецца з 2 замыкальных клетак і міжклетніка — вусцейкавай шчыліны, якая падзяляе іх і праз якую ажыццяўляецца газаабмен, неабходны для дыхання раслін, фотасінтэзу і транспірацыі. Ноччу, а таксама ўдзень пры недастатковым водазабеспячэнні шчыліна зачыняецца. Нярэдка да замыкальных клетак прылягаюць 2 ці некалькі калявусцейкавых (т.зв. пабочных), што адрозніваюцца ад асн. клетак эпідэрмісу памерамі і формай. Разам з замыкальнымі яны ўтвараюць т.зв. вусцейкавы апарат. Колькасць (ад некалькіх дзесяткаў да 300 і болей на 1 мм² паверхні ліста), выгляд і размеркаванне спецыфічныя для кожнага віду і служаць важнай таксанамічнай прыкметай.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗЕ́Й (Іван Андрэевіч) (н. 7.10.1938, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне генетыкі раслін. Д-р біял. н. (1988). Скончыў БСГА (1965). У 1969—74 і з 1994 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (нам. дырэктара), у 1974—94 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па генетыцы і біятэхналогіі збожжавых культур, цытагенетыцы, структурнай і функцыян. будове генома раслін, фарміраванні карыятыпу.

Тв.:

Гетерозис и радиоустойчивость растений. Мн., 1977 (разам з М.​В.​Турбіным, У.​Г.​Валодзіным);

Тритикале: Генетич. основы создания. Мн., 1992.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГРЭДЫЕ́НТЫ ў біялогіі,

віды раслін, якія часова належаць да раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) засушлівых абласцей (сухія стэпы, паўпустыні). Развіваюцца эпізадычна, у вільготныя гады магчыма масавае развіццё. Выкарыстоўваюць вільгаць ранняй вясной ці позняй восенню, калі кампаненты ці віды, які складаюць пастаянную аснову расліннага покрыва (прэваліды), толькі пачынаюць вегетацыю або заканчваюць яе. У засушлівыя гады перажываюць неспрыяльны перыяд у выглядзе насення, якое доўга захоўвае ўсходжасць. У двухгадовых раслін позняй восенню адрастаюць ліставыя разеткі, а ранняй вясной яны цвітуць і пладаносяць. Тыповыя І.: каласоўнік растапыраны, канюшына палявая, крупка вясенняя, клапоўнік пранізаналісты і інш.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛОН (ад грэч. klōn галіна, парастак, нашчадак),

сукупнасць клетак або асобін, што паходзяць ад агульнага продка ў выніку бясполага размнажэння. Аснова ўтварэння К. — мітоз (у бактэрый — простае дзяленне): генетычная інфармацыя падзяляецца пароўну паміж мацярынскімі і даччынымі клеткамі. У мікрабіялогіі К. — патомкі адной клеткі. У селекцыі раслін К. — патомкі адной расліны, расплоджаныя атожылкамі, чаранкамі, цыбулінамі, карэнішчамі і інш. яе часткамі. Новы метад атрымання К. раслін (напр., новы сорт бульбы) — вырошчванне іх з адной клеткі з дапамогай клетачнай культуры. Выкарыстоўваецца ў біялогіі, медыцыне, харч., хім. і мікрабіял. прам-сці.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛЕВАЯ КІСЛАТА́, аксівоцатная кіслата,

HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш. прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАВА (Праскоўя Самойлаўна) (н. 13.10.1921, в. Рэкта Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне агратэхнікі агароднінных культур. Д-р с.-г. н. (1970), праф. (1988). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1992). Скончыла Бел. с.-г. ін-т (Горкі, 1947). З 1956 у Бел. НДІ агародніцтва. Навук. працы па барацьбе з пустазеллем і выкарыстанні рэгулятараў росту раслін, даследаванні па пытаннях узаемадзеяння фізіялагічна актыўных рэчываў, раслін і глебы.

Тв.:

Регуляторы роста и гербициды на овощных культурах и картофеле Мн., 1990;

Эффективность применения регуляторов роста в овощеводстве и картофелеводстве. М. 1990.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛКАВА́ННЕ,

1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.

2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РАСТАК, праталій,

палавое пакаленне (гаметафіт) у вышэйшых споравых раслін — папарацей, хвашчоў, дзеразы. Развіваецца са споры і ўтварае мужчынскія (антэрыдыі) і жаночыя (архегоніі) палавыя органы. У насенных раслін моцна рэдукаваны.

Невял. расліна (да 5 см), мае форму цэласнай або рассечанай пласцінкі, ніці, клубеньчыка з рызоідамі на ніжняй паверхні. Жыве нядоўга (толькі З. дзеразы дажывае да 15—20 гадоў). Пасля апладнення на З. з зіготы вырастае бясполае пакаленне (спарафіг), які ўтварае спарангіі са спорамі бясполага размнажэння. Такім чынам адбываецца змена палавога (З.) і бясполага (спарафіт) пакаленняў. Гл. таксама Чаргаванне пакаленняў.

т. 6, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБАРО́Ў, Крупелка,

геалагічнае агаленне адкладаў лоеўскага міжстадыялу і муравінскага міжледавікоўя ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Збароў, на левым беразе р. Дняпро; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Магутнасць азёрна-старычных (супескі, алеўрыты, мергель) адкладаў 2,3 м, якія агаляюцца на працягу 30 м. Адклады залягаюць у паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца дэлювіяльнымі супескамі, змяшчаюць рэшткі выкапнёвых раслін (споры, пылок, насенне), сярод якіх выяўлены 75 відаў дрэў, хмызнякоў і травяністых раслін (хвоя, елка, лістоўніца, бяроза, вярба, бразенія, наяда, ірдзесты).

Г.​І.​Літвінюк.

т. 7, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)