ГУГО́ КАПЕ́Т (Hugues Capet; каля 940 — 24.10.996),
французскі кароль з 987, заснавальнік дынастыі Капетынгаў. Выбраны каралём пасля смерці Людовіка V Каралінга (гл.Каралінгі) пры падтрымцы буйных свецкіх і духоўных феадалаў. Улада Гуго Капета над усёй Францыяй была намінальнай і фактычна распаўсюджвалася толькі на землі яго дамена (Іль-дэ-Франс з Парыжам і Арлеанам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАМО́КЛАЎ МЕЧ»,
выраз, які абазначае пастаянную небяспеку. Паводле стараж.-грэч. падання, Дамокл, фаварыт сіракузскага тырана Дыянісія I Старэйшага, лісліва называў яго самым шчаслівым з людзей. Каб паказаць нетрываласць свайго шчасця, Дыянісій у час святочнага балявання пасадзіў Дамокла на сваё месца і павесіў над яго галавой на конскім воласе востры меч — сімвал небяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМА́З,
марка грузавых аўтамабіляў аднайменнага акц.т-ва (г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан). Выпускаюцца 2- і 3-восевыя мадэлі вял. грузападымальнасці: бартавыя, аўтасамазвалы, седлавыя цягачы; поўнапрывадныя 3-восевыя мадэлі, разлічаныя на работу ва ўмовах бездарожжа. Маюць дызельныя рухавікі магутнасцю да 242 кВт. Асаблівасць — кабіна размешчана над рухавіком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н V (719—14 або 23.9.775),
візантыйскі імператар [741—775). З Ісаўрыйскай дынастыі. У 743 задушыў паўстанне сталічнай знаці. Атрымаў перамогі над арабамі (746, 752) і балгарамі (763). Умацаваў ваен. і эканам. становішча Візантыі. Узначальваў іканаборскі рух (гл.Іканаборства), дамогся асуджэння царк. саборам 754 іконашанавання, пачаў барацьбу супраць апазіц. манаства (закрываў манастыры, канфіскоўваў іх багацці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮ́БІЧ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 500 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Жулкеўскія, Лапацінскія, Незабытоўскія, Радзімінскія. У блакітным полі сярэбраная падкова рагамі ўніз, на ёй стаіць залаты кавалерскі крыж, другі крыж у сярэдзіне падковы. Клейнод — над прылбіцай з каронай 3 страусавыя пёры. Вядомы з сярэдзіны 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (?—1069),
полацкі князь, сын кіеўскага вял.кн. Ізяслава Яраславіча, адзін з кіраўнікоў задушэння Кіеўскага паўстання 1068—69. На чале сваёй дружыны ўварваўся ў горад, загадаў пакараць смерцю найб. актыўных паўстанцаў, а некат. асляпіць. У 1069, пасля перамогі надкн.Усяславам Брачыславічам, атрымаў ад бацькі княжацкі прастол у Полацку, дзе неўзабаве і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫ ДЗЕНЬ,
перыяд, калі Сонца многія суткі не апускаецца за гарызонт. Бывае на Пн ад Паўн. і на Пд ад Паўд.палярных кругоў. Доўжыцца на 68°паўн. ш. з 27 мая да 19 ліп., на 80°паўн. ш. — з 15 крас. да 31 жніўня. На Паўн. полюсе Сонца бывае над гарызонтам 189 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎКУ́СТ,
шматгадовая расліна, у якой ніжняя ч. надземных парасткаў дзеравянее і захоўваецца некалькі гадоў, а верхняя (травяністая) — штогод адмірае. Выш. да 80, зрэдку да 150—200 см. Пашыраны пераважна ў арыдных зонах (некат. віды куравая, палыну, салянак), таму пупышкі ўзнаўлення размешчаны на адраўнелай ч.над зямлёй, што засцерагае іх ад перагрэву ў моцна нагрэтай глебе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦЕПРАВО́Д,
мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз.эстакадай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́ДВАН»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 150 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Дастаеўскія, Крычынскія, Паскевічы, Радзішэўскія, Шчыты, Юдзіцкія. У чырв. полі залатая царк. харугва з 3 канцамі з махрамі, на ёй залаты кавалерскі крыж. Клейнод — над прылбіцай з каронай 5 страусавых пёраў. Вядомы з пач. 15 ст.