ушанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., каго-што.
1. Выказаць чым‑н. пашану, павагу каму‑, чаму‑н. Мы ж памяць героя ўшануем І справай, і песняй, сябры, І помнік яму пабудуем З гранітнай уральскай гары. Куляшоў. Малашкін заклікаў усіх устаць і ўшанаваць мінутным маўчаннем верных савецкіх людзей, што загінулі ад рукі ворага. Пестрак.
2. Урачыста павіншаваць каго‑н. у сувязі з чым‑н. [Язва:] Сёння .. [Жлукта] будзе ўшанаваны як мае быць. Крапіва.
3. Удастоіць сваёй прысутнасцю. [Стрыбульскі:] Святы божа! Ці бачыш ты, якія госці ўшанавалі наш куток!.. Мележ. Мядзведзь падлізу Ліса ўшанаваў, — Згадзіўся да яго прыйсці на імяніны. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ціка́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які імкнецца ўсё ўведаць, убачыць ва ўсіх падрабязнасцях. [Стрэлачнік] быў чалавек цікаўны і вельмі любіў прачуць сёе-тое. Колас. Цікаўныя суседкі адна за адной падбягалі зірнуць на Сташэвічаў лён. Чарнышэвіч. / у знач. наз. ціка́ўны, ‑ага, м.; ціка́ўная, ‑ай, ж. Вакол напіралі цікаўныя, падскаквалі, каб убачыць, каго злавілі. Хомчанка. Сабраліся члены прафкома, прафоргі і так цікаўныя. Карпюк. // Які выяўляе жаданне ўсё ўведаць, убачыць. [Раман] нават не заўважыў цікаўных і не вельмі спагадлівых позіркаў сваіх таварышаў па рабоце. Чарнышэвіч.
2. Які пашырае свой кругагляд, папаўняе веды; дапытлівы. Многаму навучыла яго [Тураўца] — уважлівага, цікаўнага — партыйная работа. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
часі́на, ‑ы, ж.
1. Час, пара, момант. Хвала табе, слаўная часіна наваселля, часіна спадзяванняў і мар!.. Мележ. Настала часіна, калі кожнаму захацелася пабыць з самім сабою. Скрыган.
2. Высок. Прамежак часу, які вызначаецца чым‑н. важным, адметным. Я рад, што нарадзіўся ў бурлівую часіну грамадзянскай вайны і рэвалюцыі. Грамовіч. Светлай прыждалі часіны. Пілы, сякеры бяры, На папялішчах-руінах Новыя ўстануць муры. А. Александровіч.
3. Кароткі адрэзак часу. [Стары] падумаў нават, што няблага было б прылегчы на часіну адпачыць... Брыль. Пагуляць — смела адкладай, а зрабіць — і на часіну не адкладай. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чупры́на, ‑ы, ж.
Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (у мужчын); чуб. Мая чупрына расла ўніз і звісала над вачыма так, як звісае са страхі старая салома, калі яе вецер павырывае. Карпюк. У хлопца чупрына спаўзла на бачок, Над скрыпкай засноўдалі рукі. Калачынскі. // Валасы наогул. І кучаравы [хлопец] быў, чупрына — як лаза густая! Мележ. Толькі ў чорнай чупрыне гусцей і бялей Пракідаюцца пасмы сівыя. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Векавыя дубы, клёны паднімаліся сваімі магутнымі чупрынамі ў самае неба. Новікаў. Недалёка стукаў чорны дзяцел (жаўна) з чырвонай чупрынай. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Вестка, паведамленне. [Кандрат:] — А ад Барташэвіча чутак няма? — [Домна:] — ..Чаму няма? Напісаў, што скора прыйдзе. Лобан. Чуткі з вайны трохі-трохі даходзілі да горада, надта далёка была яна адгэтуль. Мурашка. І вось гэтай вясною маланкай абляцела ўсе вёскі чутка: да Першага мая шахцёры абяцаюць даць калійную соль. Кулакоўскі. // звычайна мн. (чу́ткі, ‑так). Звесткі (звычайна няпэўныя, недакладныя); пагалоска. Справы ў яго доўга не ладзіліся, і да Зыбіна даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Мележ. Хадзілі чуткі, што ніякі.. [Мінін] не слесар, а жандар коннай петраградскай паліцыі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шарэ́ць, ‑эе; незак.
1. Станавіцца шэрым. Твар у .. [Севы] шарэў, калі ў такія хвіліны даводзілася гаварыць з бацькам. Карпаў. Неба шарэла. Было вельмі холадна. Мележ.
2. Выдзяляцца сваім шэрым колерам, віднецца. Пераезд у нізіне ўжо ледзь шарэў у вячэрнім паўзмроку. Быкаў. Зрабілася яшчэ больш цёмна, толькі шарэлі ў цемры шыбы вокнаў. Асіпенка.
3. безас. Світаць або змяркацца. Бярэцца на досвітак. Прыкметна шарэе, але хмары густа зацягваюць і без таго хмурнае неба, — мусіць, будзе мяцеліца. Сачанка. Унізе, ля зямлі, шарэла: надыходзіў вечар — хутка, па-зімоваму, адразу ж пасля паўдня. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкадава́нне, ‑я, н.
1. Пачуццё смутку аб чым‑н. (страчаным, непапраўным і пад.), засмучэнне з прычыны чаго‑н. непажаданага. На .. твары.. [Аксінні] ціхі шчаслівы спакой, а ў светлых, даўно палінялых вачах — туга і шкадаванне. Ракітны.
2. Спагада, спачуванне да каго‑н. Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Мележ. Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка. [Марыя Хведараўна] пранікаецца да .. [хлопчыка] нейкай незвычайнай любасцю і шкадаваннем. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шырыня́, ‑і, ж.
1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.
3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неспако́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не жадае спакою; няўрымслівы, мяцежны. І рашыў будаваць Неспакойны салдат Гідрастанцыю На трыццаць пяць кілават. Куляшоў. Скончылася кіно, і з клуба на калідор хлынула і расплылася па вестыбюлі неспакойнае мора студэнцкай моладзі. Адамчык. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Неспакойны характар. □ Акіліна гатова была паверыць, што ў жыцці яе павінны адбыцца нейкія перамены, пасля якіх вальней і радасней будзе яе неспакойнаму сэрцу. Вітка.
2. Які адчувае і выказвае трывогу, хваляванне. [Антось] вярнуўся ў амбулаторыю хвілін праз дваццаць, вельмі неспакойны. Мележ. // Які выражае неспакой, трывогу. Неспакойныя думкі. □ Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.
3. Поўны трывогі, неспакою. Трымаць.. [стрэльбу] дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Колас. Сны неспакойныя, нядолі поўныя, Спаць не даюць мне начамі. Купала. // Такі, на якім няма спакою. Атрад Кавалевіча быў на самым неспакойным участку. Мележ. Было неспакойнае начное дзяжурства, а потым гэтакі ж цяжкі быў дзень. Васілевіч.
4. Які знаходзіцца ў хваляванні, бурны (пра з’явы прыроды). Шумелі дрэвы ў гарадскім садзе. Неспакойны вецер кідаўся над горадам. Самуйлёнак. Гальфстрым! Я нават ў чую яго подых Гарачы, неспакойны, ад якога Аж застагналі рэі парахода З трывогай. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уе́длівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны глыбока пранікаць, упівацца ў што‑н.; едкі. Уедлівы пах. □ Дробны ўедлівы пыл залазіць у горла і нос, і няма ад яго збавення. Асіпенка. Полымя пачало скакаць ад куста к кусту, хапаць .. сухія, зляжалыя галінкі, буралом, і неўзабаве ўсё навокал завалакло горкім, уедлівым дымам. Сачанка. Спазнаць мне хочацца І важкасць цэглы І як шурпаціць пальцы ўедлівы раствор. Арочка. // Пільны, напружаны, пранізлівы (пра позірк, вочы). Фактычна спрачаліся двое: Халіма і яшчэ адзін заўсёды дагэтуль ціхі, нявідны хлопец .. з поглядам глыбокім, уедлівым, якім ён нібы стараўся працяць усё, што трапляла на вочы. Зарэцкі. // Пранізлівы, рэзкі (пра гукі, голас і пад.). Хутка, імкліва расце ўедлівы свіст. Мележ. І ў духмянай начной цішыні, відаць, далёка чуліся ўсхлёсты пугі і ўедлівае хрыплівае выгукванне. Пестрак. // перан. Які запамінаецца надоўга. Вельмі ўедлівымі і даўкімі былі ўражанні апошніх дзён, каб іх можна было лёгка забыць. Мележ.
2. Які ўзнікае, умешваецца ва ўсе дробязі, прыдзірлівы. Уедлівы характар. □ З Тамарай стаў праседжваць вечары над кнігамі і бацька,.. учэпісты, уедлівы. Ермаловіч.
3. Разм. З’едлівы. Уедлівы жарт. □ Гаварыў [Мікульскі] ціха, павольна, але злосна, падбіраючы самыя пякучыя, уедлівыя словы. Марціновіч. — А што я нарабіў? — Быццам і не ведаеш? — з уедлівай іроніяй спытаў Мятлюг. Сабаленка.
4. Які вельмі надакучыў; надаедны. На дварэ вісела кіслая пахмурнасць, дзьмуў вецер — сеяў уедлівы дождж. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)