БА́ХАРАЎ (Барыс Сяргеевіч) (10.9.1902, г.п. Дзямянск Наўгародскай вобл., Расія — 16.7.1944),
савецкі военачальнік, ген.-м.танк. войскаў (1942). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял.Айч. вайну камандуючы танк. дывізіяй і 9-м танк. корпусам, які за ўдзел у Бабруйскай аперацыі 1944 атрымаў ганаровае найменне «Бабруйскага», за ўдзел у вызваленні г. Баранавічы ўзнагароджаны ордэнам Чырв. Сцяга. Загінуў каля в. Шакуны Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́Д (ваен.),
1) ва ўзбр. сілах пастаяннае ці часовае вайсковае фарміраванне, якое ствараецца для выканання баявых або спец. задач. Бываюць разведвальныя, перадавыя, спецыяльныя, ваенна-будаўнічыя і інш. У час Вял.Айч. вайны — асн.арганізац. адзінка партыз. фарміраванняў (гл.Партызанскі атрад).
2) У ВМФ адрозніваюць атрад караблёў рознага прызначэння (дэсантныя, прыкрыцця і інш.); у ВПС — штатнае падраздзяленне, якое ўваходзіць у склад эскадрыллі.
3) У пагранічных войсках — асобная вайсковая часць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МКАЎ Пракоп Іванавіч (16.10.1923, в. Пакроўка Родзінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 23.1.1944, Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. На пач.Вял.Айч. вайны добраахвотнікам пайшоў у армію. На фронце з ліст. 1941, удзельнік абароны Масквы, ваяваў на Паўн.-Зах. фронце. 22.1.1944 камандзір стралк. аддзялення сяржант Аўрамкаў у баі каля в. Амшары Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобласці закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На яго радзіме пастаўлены бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЎРО́РА»,
крэйсер рас. Балтыйскага флоту. У страі з 1903; удзельнічаў у марскіх баях пры Цусіме (май 1905), на Балтыйскім м. ў 1-ю сусв. вайну. 25.10(7.11).1917 «Аўрора» зрабіла халасты стрэл — сігнал да штурму Зімняга палаца. З 1923 вучэбны карабель. У Вял.Айч. вайну гарматы «Аўроры» выкарыстоўваліся пры абароне Ленінграда. З 1948 крэйсер стаіць на Няве як помнік Кастр. рэвалюцыі ў Петраградзе; у 1957 на ім створаны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАФАЗІРО́ЎКА (ад аўта... + фаза),
з’ява, якая забяспечвае аўтаматычнае падтрыманне сінхранізму (рэзанансу) паміж рухам зараджанай часціцы і зменай паскаральнага электрычнага поля. Абумоўлена залежнасцю прамежку часу паміж паслядоўнымі момантамі паскарэння часціцы ад яе поўнай энергіі. Адкрыта У.І.Векслерам (СССР, 1944) і незалежна Э.М.Макміланам (ЗША, 1945). Выкарыстоўваецца ў асн. тыпах паскаральнікаў: сінхратронах, сінхрафазатронах, фазатронах. На аснове аўтафазіроўкі спраектаваны цыклічныя паскаральнікі зараджаных часціц на вял. энергіі (100 МэВ і вышэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАДЫНАМІ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
павышэнне тэмпературы цела, якое рухаецца з вял. скорасцю ў паветры або газе. Узнікненне аэрадынамічнага нагрэву — вынік тармажэння малекул газу паблізу паверхні цела і ўтварэння ўдарнай хвалі. Аэрадынамічны нагрэў адбываецца пры ўваходзе касм. апарата ці метэарыта ў атмасферу Зямлі з 1-й касм. скорасцю (8,1 км/с), т-ра можа дасягаць больш за 8000 К, таму паверхня касм. караблёў, ракет і звышгукавых самалётаў мае спец. тэрмічную ахову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ГІДРО́ЛІЗНЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1936 у г. Бабруйск для перапрацоўкі адходаў Бабруйскага дрэваапр. камбіната. У час Вял.Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944—47. У 1960 пушчаны цэх па вытв-сці вуглекіслаты, у 1967 — па вытв-сці кармавых дражджэй, у 1994 — цэх рэктыфікацыі этылавага спірту. З 1985 выпускае штучны заменнік жэньшэню. Асн. прадукцыя (1995): дрожджы кармавыя, фурфурол, тэхн. этылавы рэктыфікаваны спірт, вуглякіслы газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (Рыгор Багданавіч) (4.2.1910, в. Марцюшы Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці — 1.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім франтах. Камандзір батальёна ст. лейт. Багданаў вызначыўся ў вер. 1943 у баях на Пн ад Кіева: батальён з ходу фарсіраваў Дзясну, выйшаў да Дняпра, фарсіраваў яго, захапіў плацдарм, адбіў 10 контратак, заняў 2 нас. пункты і ўтрымліваў іх да падыходу падмацавання. Памёр ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),
дачка вял. князя ВКЛГедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн.Давыдам Гарадзенскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАДЭ́Н (Almaden),
ртутнае радовішча ў Іспаніі, самае вял. ў свеце і унікальнае па якасці руды. Распрацоўваецца з 1-га тыс. да н.э. Руды — кварцыты ў ніжнепалеазойскіх сланцах, маюць у сабе кінавар і самародную ртуць (да 1/20). У 1980-я г. здабыча ў межах 1,2—2 тыс.т металу. Запасы ацэньваюцца ў 250 тыс.т. Здабыча вядзецца ў глыбокіх шахтах. Самародная ртуць, якая сцякае ў ачышчальныя вырабаткі, збіраецца асобна.