група паўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э.былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬСКІ (сапр.Няелаў) Мамант Віктаравіч
(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),
расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯК (ад грэч. diakonos служыцель),
1) начальнік, пісьмавод канцылярыі розных устаноў у Расіі да 18 ст. Напачатку слуга князя, якому даручаліся казна і пісьмовыя справы, з 15 ст. — чын урадавай адміністрацыі, кіраўнік канцылярыі цэнтр. (т.зв. прыказа) і мясц. устаноў. Адрознівалі Дз. гасударавых (царовы, вял. князя, дварцовы), буйных феадалаў, вечавыя (пры гар. вечы), гарадскія, земскія і інш. З 16 ст.былі думныя Дз. (засядалі ў Баярскай думе). У ВКЛ функцыі Дз. выконвалі сакратар і пісар.
2) Святар у праваслаўнай царкве, у абавязкі якога ўваходзіць чытанне св. пісання і спевы на клірасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́КЛА, дзякло,
прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш.с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былідварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1706—1832 у Друі. Засн. браслаўскім падчашым П.К.Качаноўскім. Мураваныя касцёл і жылы корпус пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. па праекце італьян. архітэктара Парака. Касцёл св. Антонія асвячоны ў 1767 бел. біскупам-суфраганам Ф.Тавянскім. У 1839 будынкі кляштара перададзены праваслаўным; мясц. памешчык Мілаш царскім загадам быў абавязаны пераабсталяваць касцёл у царкву, але потым выдаткі былі перакладзены на прыхаджан. З-за адсутнасці сродкаў работы не выконваліся. У канцы 19 ст. кляштар разабраны на цэглу, касцёл узарваны ў 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПАНСЕ́Р (франц. dispensaire ад лац. dispenso размяркоўваю),
лячэбна-прафілакт. ўстанова, аснова дзейнасці якой — ранняе выяўленне і лячэнне хворых, дынамічны нагляд і ажыццяўленне сан.-аздараўленчых мерапрыемстваў (гл.Дыспансерызацыя). На Беларусі першы (процітуберкулёзны) Д. адкрыты ў 1921 у Мінску. Папярэднікамі Д. (Мінск, Бабруйск) былі процітуберкулёзныя амбулаторыі (1910—11). На пач. 1997 у рэспубліцы дзейнічаюць Д.: процітуберкулёзныя (30), анкалагічныя (11), скурна-венералагічныя (34), псіханеўралагічныя (13), процівалляковыя (6), урачэбна-фізкульт. (10), наркалагічныя (11), кардыялагічныя (5), 2 спец. Д. для хворых пасля радыяцыйнага ўздзеяння ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́НА,
у рымскай міфалогіі багіня расліннасці, жаноцкасці, заступніца шлюбу і дзетанараджэння, увасабленне Месяца — Селены. Мела эпітэт Трывія — «багіня трох дарог», як знак трайной улады на небе, зямлі і пад зямлёй. Д. лічылі таксама апякункай Лацінскага саюза. Свяцілішчы Д. былі на гары Тыфаце (вобласць Кампанія, адсюль Д. Тыфаціна) і на Авенціне, дзе 13 жн. быў заснаваны храм (гэты дзень лічыўся святочным для рабоў). У грэч. міфалогіі Д. атаясамлівалі з Артэмідай і Гекатай.
Да арт.Дыяна. Вяртанне Дыяны з палявання. Мастак П.П.Рубенс. Каля 1615.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ,
санітарна-проціэпідэмічная ўстанова, якая ажыццяўляе сістэму мер па знішчэнні ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб чалавека і жывёл. Праводзіць прафілакт. і проціэпідэмічную дэзінфекцыю, эвакуацыю інфекц. хворых і падазроных на гэтыя хваробы, сан. апрацоўку людзей, якія былі ў кантакце з інфекц. хворымі. Ажыццяўляе кантроль за станам дэзінфекц. тэхнікі і правядзеннем штодзённай дэзінфекцыі лячэбна-прафілакт. ўстановамі і інш. На Беларусі першая Д.с. адкрыта ў 1939 у Мінску. У 1997 дзейнічаюць 3 Д.с. Асн. структурныя аддзяленні Д.с.: эвакуацыі інфекц. хворых і ачаговай дэзінфекцыі; камернай дэзінфекцыі і сан. апрацоўкі; прафілакт. дэзінфекцыі; лабараторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНТЫ́КУЛЫ (ад лац. denticulus зубец),
зубчыкі, сухарыкі, у класічнай архітэктуры рад невял. дэкар. выступаў на карнізе ў іанічным карынфскім і адным з варыянтаў рымска-дарычнага ордэраў (гл.Ордэр архітэктурны). Правобраз іх — рады тарцоў бэлек-брусоў, што перакрывалі порцік у арх. збудаваннях Стараж. Грэцыі. На Беларусі Д. выкарыстоўвалі як дэкор у культавай і грамадз. архітэктуры сярэдзіны 18—19 ст. (Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, жылыя дамы ў Мінску, Гродне, палац у в. Сноў Нясвіжскага р-на і інш.). Былі пашыраны ў архітэктуры 1950-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСО́ЎЕЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў 1974 у в. Засоўе Лагойскага р-на. Схаваны не пазней 1608. Складаўся з 741 сярэбранай, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асн. частка З.с. — трохграшовікі часоў Стафана Баторыя (61 экз.), трохграшовікі (598) і шасціграшовікі (31) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрамаркіраваныя паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвейг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, эрцгерцагства Карынтыя, герцагства Курляндыя, курфюрства Саксонія, Злучаных правінцый, герцагства Цешын, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Скарб зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.