БЯКЕ́ТАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (3.3.1862, г. Харкаў, Украіна — 23.11.1941),
украінскі архітэктар, педагог. Засл. дз. маст. Украіны (1941). Сын М.М.Бякетава. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885), яе акадэмік з 1894. Выкладаў у Харкаўскім буд. ін-це (з 1898 праф.). Працаваў у традыцыях рус. класіцыстычнай архітэктуры. Пабудаваў у Харкаве больш за 30 будынкаў, у т. л. забудова пл. Цевялёва (1898—1907), будынкі Зямельнага (1898) і Маскоўскага (1900) банкаў, юрыд. (1892) і с.-г. (1907—12) ін-таў, б-кі імя У.Г.Караленкі (1898), уласны дом (цяпер Дом вучоных, 1910). У 1930-я г. стварыў тыпавыя праекты жылых дамоў, школ і дамоў адпачынку для гарнякоў Данбаса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ГРУЗІ́НСКАЯ ДАРО́ГА,
гістарычная назва дарогі цераз гал. Каўказскі хр. (Крыжовы перавал, 2384 м), якая злучае г. Уладзікаўказ і Тбілісі. Даўж. 208 км. Пракладзена рус. войскамі (рух адкрыты ў 1799). Пасля далучэння Грузіі да Расіі (1801) пачата буд-ва палепшанай дарогі (у 1863 яе палатно забрукавана). Дарога праходзіць па даліне р. Церак, Дар’яльскай цясніне, затым па цясніне р. Байдаркай да перавалу, адкуль спускаецца ў даліну р. Белая Арагві і па правабярэжжы р. Кура падыходзіць да Тбілісі. На Ваенна-Грузінскай дарозе — г. Мцхета (у старажытнасці сталіца Грузіі), Зема-Аўчальская ГЭС, помнікі даўніны (саборы, крэпасці, вартавыя вежы і інш.), што ў сукупнасці з жывапіснымі краявідамі спрыяе развіццю турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДЗЬКО́ (Іван Іосіфавіч) (14.3.1895, в. Плябанцы Мінскага р-на — 24.3.1984),
бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1966). Скончыў Маскоўскі вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (1928). З 1929 у праектных арг-цыях Мінска (у 1933—44 — у праектных установах Масквы). З 1957 у НДІбуд-ва і архітэктуры АН Беларусі, у 1963—73 Бел.НДІПгорадабудаўніцтва. Работы ў Мінску: 112-кватэрны жылы дом на вул. Маскоўскай (1932, у сааўт.), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак (1934), Літ. музей Я.Купалы (1959, у сааўт.); у г. Рэчыца — бальніца (1933). Сярод інш. работ: павільён СССР на міжнар. кірмашы ў Страсбургу (Францыя, 1929), жылыя, грамадскія і прамысл. пабудовы ў Маскве (1935—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГНЕР ((Wigner) Юджын) (Эўген) Пол (17.11.1902, Будапешт),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Нац.АН ЗША. Скончыў Вышэйшае тэхн. вучылішча ў Берліне (1925). У 1930—71 у Прынстанскім ун-це (з 1938 праф.), у 1942—45 у Чыкагскім ун-це. Навук. працы па квантавай механіцы, электрадынаміцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Абгрунтаваў магчымасць працякання ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення. У складзе групы Э.Фермі ўдзельнічаў у буд-ве першага ядз. рэактара ў Чыкага. Нобелеўская прэмія 1963.
Тв.:
Рус.пер. — Физическая теория ядерных реакторов. М., 1961 (разам з А.Вейнбергам);
Теория групп и ее приложения к квантово-механической теории атомных спектров. М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НТЭР (Аляксандр Васілевіч) (10.10.1878, в. Старасельцы Беластоцкага ваяв., Польшча — 9.3.1958),
савецкі вучоны ў галіне энергетыкі. Акад.АНСССР (1932). Скончыў Пецярбургскі політэхн.ін-т (1912). Кіраваў буд-вам першай у Расіі электрастанцыі на торфе («Электраперадача», цяпер ДРЭС імя Р.Э.Класона), Шатурскай ДРЭС, Дняпроўскай ГЭС і інш. З 1944 нам. дырэктара Энергет. ін-та АНСССР. Даследаваў энергет. рэсурсы краіны, пытанні рацыяналізацыі энергасістэм, эксплуатацыі магутных электрастанцый і інш.
Літ.:
А.В.Винтер. М.; Л., 1950;
Маркин А.Б. А.В.Винтер // Люди русской науки. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СБА́ДЭН (Wiesbaden),
горад на ЗФРГ, каля падножжа гор Таўнус. Адм. ц. зямлі Гесен. 270,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн (рачны порт у прыгарадзе Шырштайн). Хім., фармацэўтычная, маш.-буд. (у т. л. цяжкае, выраб электратэхн. абсталявання, гідраўлікі, прадметаў дакладнай механікі і оптыкі), цэментная, паліграф.прам-сць. Вытв-сць шампанскіх він. У Вісбадэне знаходзяцца федэральнае стат. ўпраўленне, дзярж.б-ка, гал.дзярж. архіў. Бальнеакліматычны курорт. Вядомасць набыў з сярэдзіны 18 ст. Вызначаецца мяккай зімой і цёплым летам. Каля 30 крыніц мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб суставаў, органаў дыхання, абмену рэчываў. Санаторыі, шматлікія матэлі і пансіянаты, пітныя галерэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ДАЛАМІ́Т».
Створана ў 1931 у г.п.Руба Віцебскага р-на як вапнавы з-д. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1949 адноўлены. Пасля пуску ў 1967 1-й чаргі з-да даламітавай мукі — камбінат вапнавых матэрыялаў. У 1971 пушчана 2-я чарга гэтага з-да, у 1974 пабудаваны з-д «Гралева 1», у 1978 — «Гралева 2».
З 1978 ВА «Даламіт», з 1995 сучасная назва. Працуе на мясц. сыравіне — даламітах радовішча Гралева. Асн. прадукцыя (1996): даламітавае ўгнаенне для вапнавання кіслых глеб, мінер. парашок для асфальтабетонных сумесей, напаўняльнік для покрыўнага слоя руберойду, здробнены даламіт для буд. работ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, вулканіты,
горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку вывяржэння вулканаў. Падзяляюць на вылітыя, або эфузіўныя горныя пароды (базальты, андэзіты, трахіты, ліпарыты, дыябазы і інш.) і вулканагенна-абломкавыя, або піракластычныя пароды (туфы, туфабрэкчыі, вулканічныя бомбы, попел, пясок і інш.), якія розняцца хім. саставам, структурна-тэкстурнымі асаблівасцямі, ступенню захаванасці рэчыва. Глыбока змененыя, больш старажытныя, эфузіўныя пароды называюць палеатыпнымі, а нязмененыя — кайнатыпнымі. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял, у керамічнай і цэментнай прам-сці. На Беларусі вядомыя ў дакембрыі (звычайна змененыя другаснымі працэсамі), у верхнім пратэразоі (андэзіты, дацыты, базальты, туфы і інш.) і дэвоне (трахіты, базальты, нефелініты, сіеніт-парфіры, туфы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПРАФЕСІ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (ВПВ). Засн. паводле пастановы СМ Беларусі ад 1.3.1989 «Аб эксперыменце па бесперапыннай падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і тэхнікаў». Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Вядуць падрыхтоўку рабочых кадраў па 60 прафесіях (1-я ступень падрыхтоўкі, тэрмін навучання 2—3 гады) і спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй па 18 спецыяльнасцях (2-я ступень, 3 гады і 10 месяцаў) для машына- і прыладабудавання, чыг. транспарту, буд-ва, сельскай гаспадаркі і інш. Першае ВПВ створана ў 1989 у Мінску на базе сярэдняга прафес.-тэхн. вучылішча № 15. У 1996/97 навуч.г. на Беларусі 22 ВПВ і 1 вышэйшае тэхн. вучылішча машынабудаўнікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БРА (італьян. gabbro),
магматычная інтрузіўная горная парода асноўнага саставу; глыбінны аналаг базальту. Складаецца з асн. плагіяклазу, манакліннага, радзей рамбічнага піраксену, алівіну або рагавой падманкі. Другарадныя мінералы: біятыт, нефелін, тытанамагнетыт і інш. Акцэсарныя мінералы: апатыт, пірацін, храміт, сфен і інш. Разнавіднасці: алівінавае габра, нарыт (габра з рамбічным піраксенам), лабрадарыті г.д. Раўнамерназярністая горная парода са спецыфічнай габравай структурай. Шчыльн. 2800—3200 кг/м³; трываласць на сцісканне 80—360 МПа. З інтрузіямі габра звязаны радовішчы магнетыту, тытанамагнетыту, сульфідаў нікелю, медзі і інш. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і штучны камень, друз у буд-ве. На Беларусі габра вядомыя ў архейскім і ніжнепратэразойскім комплексах парод крышт. фундамента.