лёс 1, ‑у, м.

1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.

2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.

3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.

•••

Іронія лёсу гл. іронія.

На волю лёсу гл. воля.

лёс 2, ‑у, м.

Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.

[Ням. Löss.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нож, нажа, м.

1. Прылада для рэзання, якая складаецца з ляза і ручкі. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Лынькоў. Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы. Шамякін.

2. Рэжучая частка розных машын, інструментаў. Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас.

•••

Фінскі нож — кароткі з тоўстай рэжучай часткай нож, які носяць у ножнах.

Без нажа зарэзаць гл. зарэзаць.

Легчы пад нож гл. легчы.

На нажах з кім — у варожых адносінах.

Нож у спіну каму — аб подлым, здрадніцкім ўчынку.

Памерці пад нажом гл. памерці.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Тачыць нож гл. тачыць.

Як нажом адрэзаць гл. адрэзаць.

(Як) нож у сэрца — наносіць крыўду, боль, пакуты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.).

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разлівацца — разліцца (у 2, 3 і 4 знач.). І ў гэтым разліве пяшчоты, дзіцячай ласкі .. [Галя] адчула, што ўжо не можа быць без яго, без хлопчыка, які ёй стаў такі родны. Сабаленка.

3. Выхад з берагоў ракі, возера; паводка. Мне не часта даводзілася бачыць Дняпро ў час яго разліву, ды яшчэ ў такую слаўную ранішнюю пару... Ракітны. // Веснавая вада, а таксама прастора, залітая вадой. [Раўбіч:] — Паколькі пачнём вясной, а разліў .. часам дасягае шасці вёрст ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Караткевіч. Пешаходы сцішалі свае таропкія крокі, спыняліся на мосце і, любуючыся шырокім разлівам, прыслухоўваліся: ні то гэта шуміць веснавая вада, ні то тое новае, што ідзе разам з вясной. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́рам, ‑у, м.

1. Пачуццё моцнай збянтэжанасці, хвалявання ад усведамлення непрыгожасці свайго ўчынку. Сеня пачырванеў ад няёмкасці і сораму і стаў у чаргу за старэнькай бабуляй. Пальчэўскі. Сумненні апошніх дзён нахлынулі на Максіма Сцяпанавіча, і да сораму прымяшалася крыўда на сябе. Карпаў. // Пачуццё збянтэжанасці, няёмкасці.

2. Разм. Ганьба. Як у бубен, пра сорам мой біла сяло. Куляшоў. — Ведаеце, — гаварыла Антаніна Мікалаеўна, — я не хацела рабіць сораму перад усімі. Скрыпка.

3. у знач. вык., часцей з інф. Сорамна. Сяк-так дзядзька плечы й грудзі Папалам памые з горам, Але далей кажа, — будзе, — Раздзявацца, бачыш, сорам. Крапіва. Сорам не ведаць сваёй мясцовасці. Якімовіч.

4. Сарамяжлівасць. Аленка зачырванелася ад сораму і вочы ўніз апусціла. Колас.

5. Разм. Знешнія палавыя органы. Сорам [Міхась] схаваў поламі перад чужым чалавекам. Баранавых.

•••

Згарэць ад сораму гл. згарэць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нна, прысл.

З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́рствы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. □ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.

2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. □ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. □ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прэ́сны1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр. при́сний, рус. пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск. przasny ’няквашаны, свежы’, чэш. přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац. presný ’тс’, серб.-харв. пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен. présen ’свежы; няквашаны’, балг. пре́сен ’тс’, макед. пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл. *prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ. prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням. frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.

Прэ́сны2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр. жытом. прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг. пре́снище ’від глебы’ (БЕР, 5, 668).

Прэ́сны3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРША́НСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Папярэднікам павета было Аршанскае (Рошскае) намесніцтва, утворанае ў 1392 вял. князем ВКЛ Вітаўтам. Верагодна, яно ўваходзіла ў Віцебскую зямлю і падзялялася на шэраг валасцей. У 15 — пач. 16 ст. значная іх частка падаравана буйным феадалам (Друцкім-Пуцяцічам, Друцкім-Бабічам, Адзінцэвічам, Гальшанскім і інш.). Назва Аршанскі павет (ці Аршанскае староства) ужывалася з 16 ст. Пасля ўключэння Смаленскай зямлі ў Маскоўскую дзяржаву Аршанскі павет стаў пагранічным і неаднойчы быў тэатрам ваен. дзеянняў. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Аршанскі павет увайшлі Лукомскае і Друцкае княствы, Барысаўскае і Магілёўскае староствы, частка Аболецкага пав., Любашанская і ўсх. Частка Свіслацкай валасцей і інш. Аршанскі павет уваходзіў у Віцебскае ваяводства. Сцягам Аршанскага павета была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні». У канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. на тэр. павета сфарміравалася латыфундыя Сапегаў (частка Лукомскага і Друцкага княстваў, Аршанскае і Магілёўскае староствы і інш.). Буйнымі землеўладальнікамі былі кн. Галоўчынскія, Друцкія, Лукомскія, Сангушкі, Радзівілы, Хадкевічы і інш. Самыя вял. гарады ў 16—17 ст. Магілёў, Орша, Барысаў. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) б.ч. павета (да р. Друць) адышла да Рас. імперыі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя, астатняя частка (з цэнтрам у Халопенічах) праіснавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У складзе Рас. імперыі Аршанскі павет з 1773 — адзін з трох паветаў Аршанскай правінцыі, з 1777 непасрэдна ў Магілёўскай губ., павялічаны за кошт скасаванага Дубровенскага пав. У 1796—1802 у Беларускай губ., павялічаны за кошт паўд. часткі скасаванага Бабінавіцкага пав., потым зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем межаў 1777. У 1840 да Аршанскага павета далучаны паўторна скасаваны Бабінавіцкі пав., у 1861 — частка скасаванага Капыскага пав., частка Аршанскага павета на левым беразе Дняпра ўключана ў новаўтвораны Горацкі пав. З крас. 1919 у Гомельскай, з ліст. 1920 у Віцебскай губ. РСФСР. У сак. 1924 усх. частка Аршанскага павета ўключана ў Смаленскую губ., рэшта перададзена БССР, дзе 17.7.1924 Аршанскі павет скасаваны і замест яго ўтворана Аршанская акруга.

В.​Л.​Пасевіч.

т. 1, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАВА ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне сялян Тамбоўскай і часткова Варонежскай губ. у Расіі ў 1920—21. Асн. прычына — незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму», прымусовай працай, харчразвёрсткай. Кіраўнік паўстання — эсэр А.​С.​Антонаў, б. нач. міліцыі Кірсанаўскага пав. Тамбоўскай губ. Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў стаў на шлях тэрору, хаваўся ў лясах, завочна прыгавораны да расстрэлу. 19.8.1920 у с. Каменка Кірсанаўскага пав. пачалося стыхійнае сял. выступленне, якое хутка пашырылася на тэр. суседніх паветаў. За некалькі месяцаў Антонаў сабраў рассеяныя сял. групы (каля 500 чал.) і сфарміраваў атрад. У 2-й пал. 1920 сфарміраваны кіруючыя органы руху — гал. аператыўны штаб партыз. арміі Тамбоўскага краю, складзены праграма і статут тамбоўскага «Саюза працоўнага сялянства» (СПС), арганізаваны к-ты СПС у паветах, валасцях і вёсках. СПС выступаў за «звяржэнне ўлады камуністаў-бальшавікоў», за ліквідацыю падзелу ўладамі грамадзян на класы, спыненне грамадз. вайны, скліканне Устаноўчага сходу, грамадз. Свабоды, правядзенне ў жыццё закону аб сацыялізацыі зямлі, частковую дэнацыяналізацыю фабрык і з-даў, развіццё кааперацыі, свабодны гандаль, устанаўленне рабочага кантролю над вытв-сцю і размеркаваннем прадукцыі і інш. Да канца 1921 2 арміі Антонава аб’ядноўвалі 14 тэр. палкоў, 5 асобных кав. палкоў, атрады самаабароны ў сёлах агульнай колькасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, з іх каля 8—10 тыс. узброеных. У студз. 1921 для ліквідацыі паўстання была створана спец. камісія на чале з У.​А.​Антонавым-Аўсеенкам. У лют. 1921 пасля няўдалых спробаў задушыць паўстанне сілай улады пайшлі на частковыя ўступкі, гал. з якіх была датэрміновая адмена харчразвёрсткі ў Тамбоўскай губ. Аднак к-ты СПС скіроўвалі паўстанцаў на працяг барацьбы са сваім паліт. праціўнікам. Больш як 50-тысячная армія пад камандаваннем М.​М.​Тухачэўскага, узмоцненая атрадамі спец. войскаў ВЧК, з артыл. гарматамі, браневікамі, самалётамі, да восені 1921 задушыла паўстанне. Антонаў загінуў у перастрэлцы летам 1922. Нягледзячы на паражэнне, Антонава паўстанне стала адным з фактараў, што прымусілі ўлады адмовіцца ад ваенна-камуніст. метадаў пабудовы сацыялізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Фельдман Д. Крестьянская война // Родина. 1989. № 10.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎ,

горад у Беларусі, цэнтр Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.; прыстань на р. Дняпро. За 51 км ад Магілёва. Чыг. ст. на лініі Магілёў—Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў—Гомель і Магілёў—Бабруйск. 20,7 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы харч. (Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод), лёгкай, металаапр. прам-сці, сац.-быт. абслугоўвання. Быхаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у 1430. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча. У 15—17 ст. належаў кн. Дз.​С.​Друцкаму-Зубравіцкаму, Гаштольдам, Жыгімонту I Старому, Хадкевічам, Сапегам. У канцы 16 ст. тут распачата буд-ва гар. умацаванняў і замка, засн. касцёл. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61. У Паўночную вайну 1700—21 Быхаў — важны стратэгічны пункт, адбыліся Быхава аблога 1702 і Быхава абарона 1707. У 1755 у Быхаве 2522 ж. У 1772—96 і 1802—1923 цэнтр Быхаўскага павета Магілёўскай губ. У 1781 зацверджаны герб горада: на чырв. полі 2 скрыжаваныя чыгунныя гарматы. У 1796—1802 заштатны горад Беларускай губ. З 1831 дзярж. ўласнасць. У 1897 у Быхаве каля 6,4 тыс. ж. З 1924 цэнтр раёна. У 1939 — 11 тыс. ж. З 5.7.1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Быхаве і раёне 9158 чал. У 1970 — 17,4 тыс. ж. Першыя абарончыя збудаванні Быхава ўзніклі ў 14 ст., у пач. 17 ст. горад ператвораны ў магутную крэпасць. У сістэму яе ўмацаванняў увайшоў Быхаўскі замак, што стаў кампазіцыйным цэнтрам паселішча. Паводле генплана 1778 стараж. ўмацаваная ч. горада з замкам і гандл. плошчай перад ім захавана як цэнтр. планіровачнае ядро, вакол якога з Пн і Пд створаны новыя рэгулярныя раёны з сеткай амаль прамавугольных кварталаў. Помнікі архітэктуры — Быхаўская сінагога і Быхаўская Троіцкая царква. Брацкая магіла барацьбітоў за сав. ўладу, сав. воінаў і партызан.

В.​Л.​Насевіч, В.​М.​Удальцоў (гісторыя).

Быхаў. Вуліца Леніна.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)