электрамагнітныя ваганні, у якіх плоскасці роўных фаз і роўных амплітуд непаралельныя. Узнікаюць у празрыстых асяроддзях пры поўным адбіцці і ў паглынальных (узмацняльных) асяроддзях пры падзенні выпрамянення нахільна да мяжы асяроддзяў. Уласцівасці Н.х. улічваюцца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад, напр., хваляводаў і аптычных ліній сувязі, лазераў хваляводнага тыпу і інш.
Тэорыя Н.х. распрацавана ў Ін-це фізікі АН Беларусі Ф.І.Фёдаравым у 1950—70-я г. на аснове каварыянтных метадаў. Н.х. адрозніваюцца тым, што вектары эл. і магн. палёў ляжаць у розных плоскасцях і апісваюць розныя крывыя (за выключэннем выпадку кругавой палярызацыі). Паток і шчыльнасць энергіі такіх хваль залежаць ад палярызацыі зыходнага выпрамянення. На ўласцівасцях Н.х. заснавана з’ява бакавога зрушэння адбітага праменя (Фёдарава зрух). У крышталях пры адсутнасці падвойнага праменепраламлення магчыма ўзнікненне Н.х., палярызацыя якіх змяняецца з глыбінёй пранікнення паводле лінейна-экспаненцыяльнага закону (хвалі Фёдарава—Пятрова).
Літ.:
Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;
Петров Н.С., Федоров Ф.И. Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ АКУ́СТЫКА,
галіна акустыкі, якая вывучае гукавыя ваганні і хвалі настолькі высокай інтэнсіўнасці, што ўзнікае ўзаемадзеянне паміж палямі гукавога і інш. паходжання.
Пры распаўсюджванні магутнага гукавога выпрамянення наглядаюцца скажэнне формы хвалі і ўзнікненне ўдарных хваль, змена спектра і ўзнікненне хваль камбінацыйных частот, дадатковае паглынанне і своеасаблівае насычэнне інтэнсіўнасці, прамянёвы ціск, акустычнае цячэнне вадкасцей і інш. Характэрная асаблівасць нелінейных эфектаў — іх залежнасць ад амплітуды хвалі. Для апісання гэтых з’яў Н.а. зыходзіць з нелінейных ураўн.механікі суцэльных асяроддзяў. Пры ўліку затухання хваль Н.а. карыстаецца вынікамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў і статыстычнай механікі. Пры мікраскапічным апісанні акустычныя хвалі і цеплаабмен разглядаюцца як розныя выяўленні аднаго працэсу (мех. ваганняў) і Н.а. зліваецца з малекулярнай і квантавай акустыкай, асабліва ў дыяпазоне ультрагукавых частот. Прыклады спецыфічных нелінейных эфектаў — ціск гукавога выпрамянення, акустычная кавітацыя. Узаемадзеянне акустычных і эл.-магн. хваль адначасова вывучаецца Н.а. і нелінейнай оптыкай.
Літ.:
Такер Дж., Рэмптон В. Гиперзвук в физике твердого тела: Пер. с англ.М., 1975;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РУДА (Neruda) Ян (9.7.1834, Прага — 22.8.1891),
чэшскі пісьменнік, публіцыст. Вывучаў права і філасофію ў Карлавым ун-це ў Празе. У аснове яго творчасці — перакананні ў прагрэс чалавецтва, што бяруць свае вытокі ў гегельянстве, багацці і пільнасці жыццёвых назіранняў, разнастайным эмацыянальным рэагаванні на іх. Першы паэт.зб. «Могільнікавыя кветкі» (1857). Грамадз., філас. і інтымная лірыка Н. (зб-кі «Кнігі вершаў», 1868; «Касмічныя песні», 1878; «Балады і рамансы», 1883; «Песні перадвелікоднай пятніцы», 1896) адметная арган. спалучэннем лёсу паэта і радзімы, дасканаласцю і натуральнай прастатой. Як празаік выступіў у жанры сац.-быт. апавядання (зб-кі «Арабескі», 1864; «Розныя людзі», 1871). Аўтар цыкла «Маластранскія аповесці» (1878), падарожных нарысаў (кн. «Парыжскія карцінкі», 1863; «Блізкія вандроўкі», 1877), артыкулаў і фельетонаў пра музыку і мастацтва, падзеі грамадскага і культ. жыцця Чэхіі і інш. краін. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Зарыцкі.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1959;
Малостранские повести. Рассказы. М., 1983.
Літ.:
Соловьева Я.П. Ян Неруда и утверждение реализма в чешской литературе. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя бел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел.нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРА́ДКАВАННЕў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),
арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).
П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныясістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРТА́Ж (франц. reportage ад англ. report паведамляць),
аператыўнае паведамленне пра з’яву, падзею, здарэнне, сведкам ці ўдзельнікам якіх быў рэпарцёр; адзін з інфарм. жанраў журналістыкі. У залежнасці ад сродкаў масавай інфармацыі (друк, радыё, тэлебачанне) Р. мае асаблівасці. У прэсе адрозніваюцца Р. падзейны (падрабязнае апісанне падзеі), тэматычны (апісваюцца падзеі, што адбываліся ў розныя часы, але аб’яднаны адной тэмай), фотарэпартаж (здымкі са сціслай тэкставай інфармацыяй). Радыёрэпартаж вызначаецца паслядоўнасцю ў выкладанні падзей. Тэлерэпартаж часта перарастае ў каменціраванне падзей (гл.Каментарый). Кінарэпартаж — фіксацыя на кінаплёнку інфармацыі з месца падзей (гл.Дакументальнае кіно). Рэпартажныя кіназдымкі падзяляюцца на падзейныя, тэматычныя, праблематычныя.
Р. ўласцівы элементы аналізу, абагульненняў, разважання і ацэнкі фактаў. У Р. няма месца вымыслу, таму што гал. крыніцы збору інфармацыі — запісы, дакументы, інтэрв’ю, асабістыя назіранні аўтара. У Р. асвятляюцца аб’ектыўныя з’явы праз непасрэднае аўтарскае адлюстраванне (што ўбачыў, пачуў, якія вывады зрабіў), таму ён мае суб’ектыўнае адценне. Адметнасць Р. ў тым, што дасягаецца эфект прысутнасці чытача ці гледача на месцы дзеяння. Словы «Р.» і «з месца падзеі» з’яўляюцца сінонімамі ў сэнсавых адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААДЗІ́ (сапр.Мусліх-ад-дзін Абу Мухамед Абдалах ібн-Мушрыф ібн-Мусліх ібн-Мушрыф Саадзі Шыразі; паміж 1203 і 1210, г. Шыраз, Іран — 9.12.1292),
персідскі пісьменнік, класік персідскай і таджыкскай літаратур. Пісаў і на араб. мове. Вучыўся ў Багдадзе. Вандраваў па краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. У 1256 вярнуўся ў Шыраз. С. лічаць пачынальнікам «чыстай» газелі. Яго газелі вылучаюцца прастатой і яснасцю вобразаў, натуральнасцю пачуццяў, даступнасцю мовы, музыкальнасцю, глыбокім зместам і вытанчанай маст. формаю. Найб. значныя творы — паэма «Бустан» (1257) і зб. прытчаў у прозе і вершах «Гулістан» (1258), якія ахопліваюць розныя бакі рэчаіснасці і кодэкса маралі, апяваюць душэўную прыгажосць чалавека. «Гулістан» — першы помнік перс. л-ры пра жыццё і побыт сярэдневяковага ўсх. горада. Многія афарызмы С. сталі нар. прымаўкамі. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклаў С.Грахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАРТЫ́ЎНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
віды гульнявых спаборніцтваў, асновай якіх з’яўляюцца розныятэхн. і тактычныя спосабы дасягнення пэўнай мэты ў проціборстве паміж камандамі ці асобнымі спартсменамі. Змест і арганізацыя С.г. абумоўліваюцца афіц. правіламі, якія вызначаюць мэту, працягласць гульні, колькасць удзельнікаў, памеры пляцоўкі, парадак вызначэння пераможцы і інш. Паводле характару дзеянняў С.г. падзяляюць на групы: з кантактным процідзеяннем сапернікаў, накіраваныя на пападанне, напр., мяча ў вароты, карзіну або ў пэўную адзнаку (баскетбол, рэгбі, футбол і інш.); з бескантактным процідзеяннем, з ударамі ў адказ (бадмінтон, валейбол, сквош, тэніс і інш.); з умоўным процідзеяннем, якое прадугледжвае пачарговае пападанне сапернікаў у цэль (бейсбол, більярд, гарадкі, дартс і інш.). Да С.г. адносяць таксама брыдж, шахматы, шашкі.
Узніклі з нар. гульняў і забаў (напр., гарадкі, тэніс, футбол), некаторыя распрацаваны спецыялістамі (напр., валейбол, гандбол) або сфарміраваліся як разнавіднасці існуючых (напр., міні-футбол, пляжны валейбол). Уваходзяць у праграмы Алімп. гульняў, рэгіянальных і інш. комплексных спаборніцтваў (напр., Панамерыканскія гульні, універсіяды і спартакіяды); па іх праводзяцца чэмпіянаты свету, кантынентаў, краін і г.д.Гл. таксама Беларускія народныя гульні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУЗО́Р’Е»,
бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль пад кіраўніцтвам А.Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.Пучынскі (гітара), А.Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.Аліпава, А.Брынцаў, Н.Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.Растопчын (гітара), А.Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).