ВА́ГНЕР ((Wagner) Вільгельм Рыхард) (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),

нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.​Лістам і Дж.​Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз. т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн. тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.

Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.​В.​Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.

Літ. тв.: Рус. пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.

Літ.:

Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;

Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч. М., 1953. Т. 2;

Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;

Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;

Левик Б.В. Р.​Вагнер. М., 1978;

Галь Г. Брамс;

Вагнер;

Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;

Рихард Вагнер: Сб. ст. М., 1987;

Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;

Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;

Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;

Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;

Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.

Л.​А.​Сівалобчык.

Партрэт В.Р.Вагнера. Мастак невядомы.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),

від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).

Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж. маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).

У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел. АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.

Літ.:

Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;

Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;

Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;

Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;

Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.

Ф.​Р.​Вількін, Я.​Ю.​Ленсу.

Да арт. Дызайн. 1. Ю.​Жуцяеў, С.​Паланевіч, В.​Сонца, С.​Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.​Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.​Кузюкова, А.​Пастухоў, А.​Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.​Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.​Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.​Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.
Да арт. Дызайн. 1,2. С.​Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.​Скарыны. 1989. 3. Т.​Гардашнікава, Дз.​Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.​Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.​А.​Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.
Да арт. Дызайн. 1. У.​Цэслер, С.​Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.​Мялоў, С.​Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.​Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.
Да арт. Дызайн. В.​Мінько, А.​Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.

т. 6, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́ЦКІ (Міхась) (сапр. Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, с. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 29.10.1937),

бел. пісьменнік. Скончыў Аршанскае духоўнае вучылішча, вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Служыў перапісчыкам у паўвайсковай часці, настаўнічаў на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел нар. асветы. У 1920—27 палітработнік Чырв. Арміі. Адзін з арганізатараў літ. аб’яднання «Маладняк», пасля ўваходзіў у аб’яднанне «Полымя». У ліст. 1936 па лжывым даносе арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922 (апавяд. «Ці ж так?», «Спатканне», «Цімка Бабыль» у газ. «Савецкая Беларусь»). Гал. тэма творчасці ранняга перыяду (зб-кі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», абодва 1925, «Пад сонцам», 1926) — перамены ў жыцці народа пад уздзеяннем рэвалюцыі, барацьба старога і новага, цяжкія пошукі шляхоў да будучыні. Распрацоўваў новую ў бел. л-ры тэму «былых», «учарашніх», тэму трагічнага лёсу прадстаўнікоў пераможаных рэвалюцыяй класаў. Гэтыя творы («Ворагі», «Кветка пажоўклая») прасякнуты гуманіст. пафасам, ідэяй спачування і міласэрнасці да ахвяр рэвалюцыі, учарашніх ворагаў. Апавяданні 1920-х г. вылучаюцца глыбокай змястоўнасцю, напружанасцю сюжэта, вастрынёй канфліктаў, псіхалагізмам, увагай да ўнутранага свету герояў, іх пачуццяў і перажыванняў. Як мастак і крытык распрацоўваў канцэпцыю «пазітыўнага рамантызму», рамант. стылявой плыні. Не прымаў пасіўнае адлюстраванне рэчаіснасці, статычнасць, кампазіцыйную аморфнасць, уласцівую тагачаснай бел. прозе апісальнасць, адстойваў суверэннасць і духоўную свабоду чалавека. На шляху яго ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця заканамерным быў пераход ад «малой прозы» да буйных жанравых форм — аповесці «Голы звер» (1926), раманаў «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932). У аповесці пераканана выкрываюцца негатыўныя з’явы паслярэв. рэчаіснасці і носьбіты філасофіі эгаізму, індывідуалізму, абывацельскай маралі. Раман «Сцежкі-дарожкі» закладваў плённую традыцыю праўдзівага маст. асэнсавання рэвалюцыі ва ўсёй яе складанасці і супярэчлівасці, без ідэалізацыі і псеўдагероікі. У святле гуманіст. ідэалаў паказаны пакутлівы шлях інтэлігенцыі ў рэвалюцыю, выяўлены розныя погляды яе прадстаўнікоў на сродкі ажыццяўлення рэв. мэт. Маральна-этычным праблемам прысвечаны п’есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—29), вытрыманыя ў рамант. ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва і меладрамы, сімволіка-алегарычных вобразаў, фалькл. паданняў і літ. рэмінісцэнцый. П’есы апасродкавана звязаны з тэатр. дыскусіяй і абмеркаваннем праблем развіцця бел. кіно (арт. «Два экзамены: (Да пытання аб тэатральнай крытыцы» і «Чым пагражае нам Белдзяржкіно», 1928). Беспадстаўныя абвінавачанні вульгарызатарскай крытыкі ў прапагандзе антысав. поглядаў («Падарожжа на новую зямлю», 1929) перашкодзілі завяршэнню рамана «Крывічы» («Полымя», 1929, № 4), негатыўна паўплывалі на творчую дзейнасць З. (апавяданні «Хвіліна», «Пра дзеда Альпіна»). У рамане «Вязьмо» пераадолены творчыя цяжкасці, з выразна грамадз. пазіцый асвятляюцца трагічныя падзеі масавай калектывізацыі, у сюжэтна-вобразнай форме праводзіцца ідэя яе эканам. немэтазгоднасці і маральнай недапушчальнасці гвалтоўнага рассяляньвання сялянства, прымусовага разбурэння вясковага ўкладу жыцця. Раман прасякнуты пафасам абароны чалавека як найвышэйшай каштоўнасці. Выступаў як літ. крытык (арт. «Размова незвычайнае шчырасці», 1932, і інш.), нарысіст («Вясна 1930 года», 1930, «Новы вобраз Беларусі», 1934, і інш.), перакладчык («Цэмент Ф.​Гладкова, 1930, «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» Я.​Гашака, ч. 1, 1931).

Тв.:

36. твораў. Т. 1—4. Мн., 1989—92.

Літ.:

Майсеенка А.Ф. Творчасць Міхася Зарэцкага. Мн., 1978;

Мушынскі М.І. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.

М.​І.​Мушынскі.

М.Зарэцкі.

т. 6, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАІ́Р,

горад, сталіца Егіпта. Знаходзіцца на правым беразе і астравах Ніла, на Пд ад дэльты. 9690 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Міжнар. аэрапорт. У К. і яго наваколлі сканцэнтравана каля ​1/4 прамысл. вытв-сці краіны. Прам-сць: металургічная, металаапр., маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, цэм., папяровая, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Маст. рамёствы (вырабы з металу, скуры, дрэва, керамічныя і інш.). Метрапалітэн. Акадэмія. Ін-т Егіпта, ун-ты Каірскі, аль-Азхар, Айн-Шамс і інш. Тэатры.

Засн. Фатымідамі ў 969, у 973—1171 сталіца Фатымідаў халіфата. Пры Айюбідах (1171—1250) і мамлюках (1250—1517) буйны рэліг.-паліт., гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1517 захоплены і зруйнаваны туркамі-асманамі. У 1798—1801 акупіраваны франц. войскамі. Цэнтр нац.-вызв. руху (паўстанні 1798, 1800 супраць французаў, 1795, 1804—05 супраць мамлюкаў і туркаў). У 1882 акупіраваны брыт. войскамі, адм. ц. брыт. пратэктарата (1914—22). З 1922 сталіца Каралеўства Егіпет, з 1953 — Егіп. Рэспублікі, з 1958 — Аб’яднанай Араб. Рэспублікі, з 1971 — Араб. Рэспублікі Егіпет. У 2-ю сусв. вайну месца правядзення Каірскай канферэнцыі 1943.

Сярод пабудоў рым. часу (канец 1 ст. да н.э.) — вежа ў крэпасці Вавілон (арх. Апаладор), візантыйскага (4—7 ст.) — копцкія цэрквы св. Сергія і Вакха, Божай Маці і св. Варвары (у той жа крэпасці), раннеарабскія — мячэці Амра ібн аль-Аса (641-42, перабудавана ў 9 ст.) у Фустаце, Ібн Тулуна (876—79), ніламер (715; 3-ярусны каменны калодзеж з 8-граннай калонай у цэнтры) на в-ве Рода. На тэр. Стараж. горада з вузкімі вуліцамі з глінабітнымі і каменнымі 2—4-павярховымі дамамі 16—18 ст. захавалася больш за 400 помнікаў архітэктуры: рэшткі каменных гар. сцен з умацаванымі варотамі (11 ст.), мячэці аль-Азхар (970—72, неаднаразова перабудавана), аль-Хакіма (990—1012), маўзалеі Саб’а Банат («Сем дачок», 11 ст.), Ум Кульсум (1122), жылыя дамы 10—11 ст., цытадэль Салах-ад-дзіна (1176—93, 1315 ст.), рынак Хан аль-Халіль (засн. ў канцы 13 ст.) з майстэрнямі рамеснікаў, комплекс султана Калауна (1284—85, са шпіталем), комплекс мячэці-медрэсэ султана Хасана (1356—63), маўзалеі мамлюкаў 15 — пач. 16 ст., мячэці Сінан-пашы (1571), Мухамеда Алі (1830—48, арх. Ю.​Бохна), султана ар-Рыфаі (1869) і інш. Новы горад з прамымі шырокімі вуліцамі, плошчамі і набярэжнымі ўздоўж Ніла забудаваны шматпавярховымі будынкамі: ансамбль будынкаў Егіпецкага музея, атэля «Ніл-Хілтан» (абодва 1959, арх. В.​Бекет, М.​Рыяд), Лігі араб. дзяржаў (1967, арх. Рыяд, міжнар. аэрапорт (1962, арх. С.​Зайтун і інш.), гранітная набярэжная з будынкам тэлецэнтра (1967, арх. Дж.​Момін). Перад ун-там (1-я пал. 20 ст.) — манумент «Абуджэнне Егіпта» (1919—28, арх. М.​Мухтар). Музеі: Егіпецкі нацыянальны музей, Копцкі, Ісламскага мастацтва і інш.

Літ.:

Ходжаш С.И. Каир. 2 изд. М., 1975.

Да арт. Каір. Мячэць султана ар-Рыфаі. 1869.
Да арт. Каір. М.​Сабры. Раён Каіра. Пастэль.
Каір у пач. 19 ст.
Да арт. Каір. Порцік мячэці Мухамеда-Алі. Арх. Ю.​Бохна. 1830—48.
Царква святога Георгія ў Каіры.

т. 7, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕНГА́ГЕН (København),

горад, сталіца Даніі. Знаходзіцца на ПнУ в-ва Зеландыя, часткова на в-ве Амагер. Адм. ц. амта Капенгаген. 466 тыс. ж., у агламерацыі Вял. Капенгаген 1339 тыс. ж. (1992). Порт у праліве Эрэсун. Міжнар. аэрапорт Каструп. Аўтамаб. і чыг. паромамі звязаны з гарадамі Мальмё, Хельсінгбарг і Ландскруна (Швецыя). Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. У К. выпускаецца каля 40% прамысл. прадукцыі краіны. Пераважаюць машынабудаванне (у т. л. вытв-сць суднаў, дызеляў, эл.-тэхн. і радыёэлектроннае) і металаапрацоўка. Развіты харчасмакавая, фарфоравая (з 18 ст., Каралеўская ф-ка фарфору), хім. прам-сць. Метрапалітэн. Цэнтр міжнар. турызму. Ваенна-марская база.

Упершыню згадваецца ў 1043 як вёска Хаўн, каля якой у 1167 пабудаваны замак (з 1170 наз. К.). З 1254 горад. У 1186—1416 (з перапынкамі) уладанне епіскапаў. Як каралеўскі горад (з 1416) меў шмат прывілеяў, з 1443 каралеўская рэзідэнцыя і сталіца Даніі.

Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. У 1658 і 1659 абложаны шведамі; моцна разбураны паводкай 1728 і пажарам 1795, бамбардзіроўкай брыт. флотам у 1807. У выніку паражэння Даніі ў вайне 1813—14 горад заняпаў. Пасля рэканструкцыі (з 2-й пал. 19 ст.) значны прамысл. цэнтр. У 1940—45 пад ням.-фаш. акупацыяй.

У старой ч. К. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі. Гал. помнікі: у стылі дацкага рэнесансу — палац Росенбарг (1606—34) і будынак біржы (1619—25, арх. абодвух браты Стэнвінкель); барочныя палац Шарлотэнбарг (1672—77, арх. Л.​Хавен, цяпер будынак Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў) і палацавы комплекс Амаліенбарг (будаваўся з 1750, арх. Н.​Эйтвед), палац-парламент Крысціянсбарг (1733—40, арх. Э.​Д.​Хёйсер, адноўлены пасля пажару арх. Х.​К.​Хансенам у 1800—20, Т.​Ёргенсенам у 1907—22 у псеўдабарочных формах); класіцыстычны Музей Торвальдсена (1839—48, арх. Г.​Бінесбёль, мастак І.​Зоне); ратуша ў стылі нац. рамантызму (1892—1905, арх. М.​Нюрап) і інш. Развіваецца ў 5 асн. кірунках у выглядзе рукі з растапыранымі пальцамі («далонь» — стары горад, «пальцы» — новыя раёны), паміж імі зялёныя насаджэнні. Сярод збудаванняў 20 ст.: царква Грунтвіга (1921—40, арх. П.​В.​Енсен-Клінт і К.​Клінт), аэравакзал з гасцініцай «Роял» (1959—61, арх. А Якабсен) і інш. Сімвал горада — скульптура «Маленькая русалачка».

У К. знаходзяцца Дацкія каралеўскія акадэмія навук і л-ры (з 1742), акадэмія тэхн. навук, акадэмія прыгожых мастацтваў, акадэмія музыкі, шматлікія ВНУ, у т. л. Капенгагенскі універсітэт (з 1479), вышэйшыя эканам. і с.-г. школы. Бібліятэкі: Нац. (Каралеўская; з 17 ст.), ун-та (з 1482), Муніцыпальная і Публічная. Музеі: Нац., Каралеўскі марскі, гар., маст. і дэкар. мастацтва, заал., гісторыі тэатра, гісторыі музыкі, Торвальдсена, кінамузей, Новая гліптатэка Карлсберга (зборы ант. мастацтва, дацкі і франц. жывапіс) і інш. Тэатры: Нар., «Новы», «Ню Скала», «Гладсакстэатр» і інш. Паркі, у т. л. Каралеўскі (з 17 ст.), бат. сад (з 1874), заал. сад, лунапарк Цівалі.

Панарама Капенгагена.
Да арт. Капенгаген. Будынак біржы. Арх. браты Стэнвінкель. 1619—25.
Да арт. Капенгаген. Скульптура «Маленькая русалачка».

т. 8, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕНТА́ЛЬНЫ ЖЫ́ВАПІС,

творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы М.ж. валодаюць і самаст. вобразным зместам, вырашаюць дэкар. задачы (наз. таксама манум.-дэкар. жывапісам). Да М.ж. адносяць вял. памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка М.ж. вымагае асаблівага ладу маст. форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вял. колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вял. адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.

Вядомы здаўна ў мастацтве Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гіст. маст. стыляў, творчасці асобных майстроў і рэліг.-культурных традыцый народаў свету. Найб. росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння (работы Мазачыо, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш.). Высокім маст. узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш.​Лебрэна, 19 ст. — Э.​Дэлакруа, П.​Пюві дэ Шавана, Ф.​Овербека, у 20 ст. — А.​Гаўдзі, М.​Дэні, Ф.​Лежэ, Д.​Сікейраса, Д.​Рыверы, М.​Урубеля, А.​Дайнекі і інш.

На Беларусі найб. стараж. ўзоры М.ж. датуюцца 11 ст. (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора і Полацкага храма-пахавальні). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фрэскі Нясвіжскага касцёла езуітаў, Магілёўскага касцёла кармелітаў, Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплексу, мазаікі Баранавіцкага Пакроўскага сабора. У 1920—30-я г. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сац. і эканам. зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М.​Лебедзева, І.​Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В.​Волкаў, М.​Керзін, М.​Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыг. ст. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (Волкаў) і інш. У 1940—41 мастакі І.​Давідовіч, Я.​Зайцаў, М.​Тарасікаў, Я.​Ціхановіч, М.​Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў Мінску. Сярод найб. значных работ 1950—60-х г. размалёўка плафона «Дружба народаў» у т-ры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел. т-ва дружбы з замежнымі краінамі І.​Ахрэмчыка і Давідовіча, пано «Палёт» Г.​Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А.​Кішчанкі і Г.​Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску. Творы М.ж. 1970—90-х г. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусв. мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М.​Савіцкага ў Дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны, «Асветнікі» Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С.​Катковай і З.​Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В.​Барабанцава (усе ў Мінску); размалёўкі «Зямля Светлагорская» Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У.​Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобл.; «Эстафета пакаленняў» Савіцкага і Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я.​Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага р-на Мінскай вобл.; пано «Песня пра Радзіму» Т.​Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобл. і інш.

т. 10, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,

адзін з найб. стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.

Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав. карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.

Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб. стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж. акад. нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.

Літ.:

Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».

т. 11, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ЗБРО́Я,

халодная і агнястрэльная зброя для палявання на дзікіх звяроў і птушак, а таксама для спартыўных мэт. З глыбокай старажытнасці як П.з. выкарыстоўваліся апрацаваныя камяні, каменная сякера, кап’ё, дроцік, прашча, суліца, пазней — рагаціна, кінжал, нажы. Найважнейшымі якасцямі розных відаў П.з. была магчымасць дзеяння іх на аддаленні ад аб’екта палявання і паўторнае выкарыстанне.

Вял. значэнне мела вынаходства лука, які на працягу многіх тысячагоддзяў (аж да з’яўлення агнястрэльнай зброі) быў асн. відам П.з. ў большасці народаў (некаторыя народнасці-абарыгены карыстаюцца ім і цяпер, а стральба з лука стала самаст. відам спорту). З 1-га тыс. да н.э. на Крайняй Поўначы для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўваўся гарпун — кідальнае дрэўка з зубчастым касцяным або метал. наканечнікам, які пасля пападання заставаўся ў целе жывёлы і цягнуў на рэмені бачнае на вадзе дрэўка. Сучасны гарпун — метал. страла на канаце, якая мае галоўку з раскрыўнымі лапамі і навінчанай гранатай, што разрываецца ў целе жывёлы; выстрэльваецца гарпуннай пушкай. У Інданезіі і Паўд. Амерыцы выкарыстоўвалася духавое ружжо — трубка (даўж. да 3 м), укладзеная ў другую трубку. Пад ціскам паветра, што ўдзімалася стралком, атручаныя стрэлы ляцелі да 40 м, паражаючы жывёл (пераважна птушак). У Стараж. Егіпце і Аўстраліі для палявання шырока выкарыстоўваўся бумеранг, які пры промаху вяртаўся да паляўнічага. У 10 ст. ў Кіеўскай Русі з’явіўся лук-самастрэл — арбалет (у Зах. Еўропе пашырыўся ў 12 ст.). Новы этап у развіцці П.з. пачаўся з паяўленнем агнястрэльнай зброі (у 12 ст. ў арабаў — модфа, у 14 ст. ў Зах. Еўропе і на Русі). У 14—15 ст. з’явіліся гладкаствольныя ружжы — аркебуза, куляўрына, пішчаль, у 16 ст. — вінтоўкі (у т. л. штуцэры), пасля вынаходства кнотавага замка створаны мушкет. З 17 ст. для палявання акрамя ваенных пачалі выкарыстоўвацца спец. паляўнічыя стрэльбы — аднаствольныя, а з 1738 двухствольныя. З 16 ст. знайшлі выкарыстанне пісталеты, з 19 ст. — рэвальверы, паляванне з якімі набывае значную папулярнасць (асабліва ў ЗША).

На тэр. Беларусі з часоў сярэдняга палеаліту выкарыстоўвалі розныя рубілы, адшчэпы, востраканечнікі, коп’і, пазней — дроцікі, кап’якідальнікі, рагаціны, гарпуны. Наканечнікі коп’яў і гарпуноў найчасцей рабілі з рагоў паўн. аленя. У раннім сярэдневякоўі быў удасканалены лук, з 12 ст. пашыралася куша (арбалет) з кольбай, ложам і мех. напінаннем цецівы. Агнястрэльная зброя пашырылася з 15 ст., да канца 19 ст. карысталіся шомпальнымі стрэльбамі: «звярынымі» і «птушынымі» ручніцамі, крамянёвымі, аднаствольнымі, пазней двухствольнымі дубальтоўкамі, у канцы 19 — пач. 20 ст. бярданкамі. Гл. таксама Зброя, Ружжо, Стрэльба.

Літ.:

Терехин С.Ф. Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Блюм М.М., Шишкин И.Б. Охотничье оружие: [Справ.]. 3 изд. М., 1994;

Маркевич В.Е. Ручное огнестрельное оружие: История развития со времен возникновения до середины XX в. СПб.;

М., 1996;

Трофимов В.Н. Охотничье оружие: Устройство, неисправности, уход: Справ. М.;

Мн.;

1997.

В.​І.​Вараб’ёу.

Паляўнічая зброя: а — гарпун (1 — граната, 2 — галоўка, 3 — лапы, 4 — шток); б — падводнае ружжо (1 — лінь, 2 — гарпуны).
Паляўнічая зброя: 1 — двухствольнае ружжо; 2 — штуцэр «Зубр»; 3 — самазараднае ружжо Браўнінга са зменнымі стваламі; 4 — малакаліберны магазінны карабін; 5 — пісталет Рэмінгтона; 6, 7 — паляўнічыя нож і кінжал у мастацкім выкананні.

т. 12, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙНЫ (264—146 да н.э., з перапынкамі; назва ад пунійцаў),

войны паміж Стараж. Рымам і Карфагенам за панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Выгаднае месцазнаходжанне Карфагена спрыяла яго хуткаму эканам. развіццю і ператварэнню ў магутную краіну, якая падначаліла зах. ўзбярэжжа Паўн. Афрыкі і большасць Сіцыліі, мела ўплыў на Пірэнейскім п-ве, на Корсіцы і Сардзініі. Рым да 265 да н.э. заваяваў усю Італію і стварыў адзіную дзяржаву — рымска-італійскую канфедэрацыю. Ён не прызнаваў гегемоніі Карфагена ў Зах. Міжземнамор’і і імкнуўся завалодаць багатай Сіцыліяй. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся ў 3 П.в., якія былі з абодвух бакоў захопніцкімі.

1-я Пунічная вайна (264—241 да н.э.) вялася за Сіцылію. Рымляне мелі моцную толькі сухапутную армію. Вымушаныя ваяваць на моры, яны стварылі ваен. флот, які перамог у бітвах пры Мілах (260), мысе Экном (256) і пры Эгадскіх а-вах (241). Паводле мірнага дагавора ўладанні Карфагена ў Сіцыліі і а-вы паміж Сіцыліяй і Італіяй перайшлі да Рыма. У 237 Рым захапіў а-вы Корсіку і Сардзінію. Карфаген хутка аднавіў эканам. і ваен. магутнасць і нават кампенсаваў страчаныя ўладанні захопам значнай тэр. на Пірэнейскім п-ве, якія ператварыў у плацдарм для наступлення на Рым.

2-я Пунічная вайна (218—201 да н.э.) пачалася з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам г. Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2.8.216 пры Канах адбылася бітва, у якой рым. армія была акружана і знішчана (гл. ў арт. Каны). Каб працягваць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г. Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыю. страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе ісп. ўладанні перайшлі да Рыма.

У час 3-й Пунічнай вайны (149—146 да н.э.) ваенныя дзеянні вяліся на тэр. Карфагена. Рым. саюзнік нумідыйскі цар Масініса сваімі дзеяннямі вымусіў карфагенян узяцца за зброю. Гэта дало падставу рым. сенату для вайны за канчатковае знішчэнне Карфагена. Пасля трохгадовай аблогі рым. армія ўварвалася ў горад, разбурыла яго, а насельніцтва ператварыла ў рабоў. Ч. карфагенскай тэр. рымляне перадалі Нумідыі за дапамогу ў вайне. Астатняя тэр. ператворана ў рым. правінцыю Афрыка. Ў выніку П.в. Рым стаў магутнай рабаўладальніцкай дзяржавай у 3 частках свету: Еўропе, Афрыцы і Азіі.

Літ.:

Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;

Яго ж. Войны Рима с Карфагеном: основные тенденции и направления историогр. Мн., 2000;

Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д., 1997.

К.​А.​Рэвяка.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТ’Я́ГА (Santiago),

горад, сталіца Чылі. Знаходзіцца ў цэнтр. ч. краіны, каля падножжа Анд (на выш. каля 540 м), на абодвух берагах р. Мапоча. 5538 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Праходзіць Панамерыканская шаша, вузел чыгунак і аўтадарог. 4 міжнар. аэрапорты. Гал. эканам., культ. і навук. цэнтр краіны. У С. сканцэнтравана каля палавіны апрацоўчай прам-сці краіны. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, паліграф., харч., фармацэўтычная, гумавая, тэкстыльная. Метрапалітэн. Акадэміі: навук, мовы, гісторыі, прыродазнаўчых навук. 3 ун-ты (найстарэйшы з 1738). Ін-т па вывучэнні Антарктыды. Музеі: Нац. гістарычны, Нац. выяўл. мастацтва і музыкі, сучаснага мастацтва і інш. Тэатры. 2 абсерваторыі. Бат. сад.

Засн. ў 1541 ісп. канкістадорам П. дэ Вальдывія як форт для абароны ад нападаў індзейцаў. У 1647 горад разбураны землетрасеннем. Пасля адбудовы да канца 18 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ісп. каланіяльных улад. У 1738 у С. засн. ун-т. У 1810 адбылося нац.-вызв. паўстанне, задушанае ісп. войскамі У 1818 каля С. рэв. сілы пад камандаваннем ген. Х.​Сан-Марціна атрымалі вырашальную перамогу над іспанцамі. З 1818 С. — сталіца незалежнай Чылі.

У 16 ст. горад набыў строга рэгулярную планіроўку, забудаваны аднолькавымі нізкімі і шырокімі дамамі з унутр. дворыкамі. У цэнтры Пласа дэ Армас з будынкамі калан. часу: сабор (1541—1619, перабудаваны ў 1647 і 1679, барока; сучасны будынак — 1780—99, арх, Х.​Таэска-і-Рычы, класіцызм), ратуша (1775—1807, арх. Таэска-і-Рычы, М. дэ Хара Кемада) і інш. План развіцця С. (складзены ў 1841—53) прадугледжваў пераважна парадную забудову цэнтра. У 19—20 ст. С. значна вырас, але пераважае невысокая забудова (3—5, у цэнтры 8—12 паверхаў). На У раён віл, садоў, асабнякоў т.зв. каліфарнійскага стылю сярэдзіны 20 ст. Сярод помнікаў: кляштар Сан-Франсіска з касцёлам (1572—1618; партал з матывамі рэнесансу і платэрэска; вежа 1756, арх. П. дэ Мадар’я, перабудавана ў 1860, арх. Ф Вівасета), класіцыстычныя прэзідэнцкі палац Ла Манеда (б. манетны двор; 1780—1805, арх. Таэска-і-Рычы, А.​Кабальера), шпіталь Сан-Хуан дэ Дзьёс (1797, арх. Таэска-і-Рычы). На працягу 19 ст. класіцызм перарос у лацінаамер. варыянт. гістарызму і эклектызму: будынкі Нац. кангрэса (1-я пал. 19 ст., арх. А.​К.​Монт, з 1876 арх. Л.​Эно, Э.​Келі), ун-та Чылі (1854—74, арх. Эно, Вівасета), муніцыпальнага т-ра (1853, арх. К.​Ф.​Бруне дэ Бен, зруйнаваны ў 1870; новы будынак 1873, арх. Келі). У духу неаготыкі — саборы Ла Кампаньія (перабудова), Эль Асіла дэль Сальвадор (арх. Х.​Т.​Гандарыльяс). Асобныя будынкі маюць выразныя рысы мадэрна: палацы трыбуналаў (1905—11, арх. Э.​Дуаер, А.​Шадэ), прыгожых мастацтваў (1910) і інш. Сярод значных збудаванняў 20 ст.: Мін-ва сац. забеспячэння (1930-я г., арх. Р.​Гансалес Картэс), Эканам. камісія ААН для краін Лац. Амерыкі (1960—66, арх. Э.​Дуарт), жылыя комплексы «Гансалес Картэс» (1960—63, арх. С.​Гансалес і інш.), тэхнал. ун-т (1962—65, арх. К.​Брэшані, Г.​Вальдэс і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Горад Сант’яга. Раён Сан-Борха.
Сант’яга. Прэзідэнцкі палац Ла Манеда.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)