ЗВЫШГУКАВО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,

рух газу, пры якім скорасць часціц перавышае мясц. скорасць гуку ў разгляданай вобласці газу. Ажыццяўляецца, напр., пры руху пары або газу праз звышгукавое сапло (сапло Лаваля), пры абцяканні паветраным патокам самалётаў, ракет, артыл. снарадаў, метэарытаў і інш., скорасць якіх перавышае скорасць гуку ў паветры. Суправаджаецца ўтварэннем скачкоў ушчыльнення (гл. Ударная хваля).

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКТАТЭРМІ́Я (ад лац. inductio навядзенне + грэч. thermē цяпло),

метад электралячэння, пры якім пэўныя ўчасткі цела хворага награваюцца пад уздзеяннем віхравых токаў, індуцыраваных высокачастотным эл.-магнітным полем. Пад уплывам токаў утвараецца цяпло ў месцах іх уздзеяння, паляпшаюцца кровазварот, умовы для рассысання запаленчых ачагоў, нармалізацыі нерв. і мышачных працэсаў, павышаецца абмен рэчываў, зніжаецца боль.

т. 7, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРО́НІЯ (грэч. eirōneia літар. прытворства),

1) тонкая, прыхаваная насмешка. Адмаўленне або асмяянне, якім прытворна надаецца форма згоды або ўхвалення. Заснавана на іншасказанні, калі сапраўдны сэнс выказвання з’яўляецца процілеглым або адмаўляе яго.

2) У эстэтыцы від камічнага, калі смешнае прыхавана пад маскай сур’ёзнага (у процілегласць гумару). Утойвае ў сабе пачуццё перавагі або скептыцызму.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭНТРА́Т [новалац. concentratus засяроджаны, сканцэнтраваны ад лац. con (cum) разам + centrum цэнтр],

1) спецыяльна апрацаваны сухі прадукт, зручны для захоўвання і хуткага прыгатавання ежы.

2) Корм высокай пажыўнасці для жывёлы (напр., зерне, макуха, вотруб’е). Гл. таксама Канцэнтраваныя кармы.

3) Прадукт абагачэння карыснага выкапня, у якім канцэнтрацыя каштоўнага мінералу вышэйшая, чым у зыходнай сыравіне.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СА (італьян. cassa ад лац. capsa ёмішча, скрыня),

1) грашовая наяўнасць прадпрыемства, арг-цыі, установы.

2) Рахунак бухгалтарскага ўліку, на якім адлюстроўваецца рух грашовых сродкаў.

3) Падраздзяленне банкаў, некаторых прадпрыемстваў і арг-цый, якія ажыццяўляюць аперацыі з наяўнымі грашамі і інш. каштоўнасцямі.

4) Крэдытныя ўстановы.

5) Спец. памяшканне для прыёму, захавання і выдачы грошай.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС у медыцыне,

пры хваробе рэзкая змена стану хворага (як правіла, да паляпшэння). Напр., пры інфекц. хваробах К. праяўляецца раптоўнай нармалізацыяй т-ры цела, моцным («праліўным») потавыдзяленнем, слабасцю, санлівасцю, інш. раз падзеннем сардэчнай дзейнасці. Ад К. адрозніваюць т.зв. несапраўдны К., ці псеўдакрызіс, пры якім паніжэнне т-ры цела і паляпшэнне стану хворага часовыя.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЮ́БІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 500 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Жулкеўскія, Лапацінскія, Незабытоўскія, Радзімінскія. У блакітным полі сярэбраная падкова рагамі ўніз, на ёй стаіць залаты кавалерскі крыж, другі крыж у сярэдзіне падковы. Клейнод — над прылбіцай з каронай 3 страусавыя пёры. Вядомы з сярэдзіны 14 ст.

Герб «Любіч».

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ АКУ́СТЫКА,

раздзел фіз. акустыкі, у якім уласцівасці рэчыва і малекулярных працэсаў даследуюцца акустычнымі метадамі. Асн. метады М.а. заснаваны на вымярэнні скорасці і паглынання гуку, а таксама на вызначэнні залежнасці гэтых велічынь ад частаты гукавой хвалі, т-ры, ціску і інш. Метадамі М.а. даследуюць вадкасці, газы, палімеры, цвёрдыя целы, плазму ва ультрагукавым дыяпазоне.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ О́ПТЫКА,

раздзел фіз. оптыкі, у якім аптычныя працэсы, што адбываюцца ў розных асяроддзях, вывучаюцца на аснове ўліку дыскрэтнай (атамнай і малекулярнай) будовы рэчыва. Устанаўлівае сувязь паміж характарам асобных актаў узаемадзеяння светлавой хвалі з часціцамі рэчыва і макраскапічнымі параметрамі (напр., паказчыкам пераламлення) асяроддзя, што дае магчымасць растлумачыць законы распаўсюджвання, пераламлення, адбіцця і рассеяння святла.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХАРА́РЫ (ад стараж.-іранскага — галава роду),

уладары вял. абласцей Арменіі ў 1-м тыс. н.э. Падзяляліся на старэйшых Н., якія выводзілі сваё паходжанне ад легендарнага прабацькі армян — Хайка, і малодшых Н., якім гэты тытул даваўся царамі. Б.ч. старэйшых Н. загінула ў войнах да 8—9 ст. У далейшым Н. называлі сярэдніх і нават дробных князёў.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)