ВАСІЛЬКО́Ў (Мікалай Карнілавіч) (6.5.1902, Віцебск — 4.7.1973),

савецкі ваенны дзеяч, ген.-лейтэнант артылерыі (1954). Скончыў Ваенна-тэхн. акадэмію імя Дзяржынскага (1931). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. У 1934—36 выкладаў у Ваен. артыл. акадэміі імя Дзяржынскага. У Вял. Айч. вайну на Сталінградскім, Варонежскім, Цэнтр., 1-м Укр., Паўд., 1-м Бел. франтах: камандзір асобнай брыгады, корпуса ППА. З 1945 на адказных пасадах у войсках ППА краіны. У 1959—62 нам. начальніка Ваен. каманднай акадэміі ППА.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ АКУЛЯ́РНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1892—1941 у Віцебску; першая ў Расіі ф-ка такога тыпу. Мела 10 імпартных машын-станкоў, паравую машыну (з 1910). У розны час выпускала акуляры, пенснэ, фіз., аптычныя і хірург. інструменты, павелічальнае шкло. Працавалі 125 рабочых, выпускалася прадукцыі на 115 тыс. руб. за год (1913).

У Вял. Айч. вайну ф-ка эвакуіравана ў г.п. Суксун Пермскай вобл. (Расія). Пасля вайны ў яе будынках размясціўся з-д быт. прылад (цяпер ВА «Электравымяральнік»).

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛДО́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (3.3.1900, г. Барысаў Мінскай вобл. — 14.11.1975),

генерал-лейтэнант інж. войск (1945). Скончыў Маскоўскую ваенна-інж. школу (1923), Вышэйшыя акадэм. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на воз. Хасан (1938). У Вял. Айч. вайну нач. інж. войск арміі на Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім, 2-м і 3-м Укр. франтах. Да 1961 нач. інж. войск ваен. акруг, нам. нач. інж. войск Мін-ва абароны СССР.

А.І.Галдовіч.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАГЛЯ́Д (Леанід Іванавіч) (13.4.1916, г. Ашгабат, Туркменістан — 14.7.1986),

Герой Сав. Саюза (1948), ген.-маёр авіяцыі (1953). Беларус. Скончыў акадэміі Ваенна-паветр. (1941), Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд.-Зах., 2-м і 1-м Укр. франтах: нач. штаба авіядывізіі, камандзір знішчальнага авіяпалка, дывізіі. Зрабіў 146 баявых вылетаў, удзельнічаў у 53 паветр. баях, асабіста збіў 15 самалётаў праціўніка. Да 1976 у Сав. Арміі.

Л.І.Гарагляд.

т. 5, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЕЎ (Муса Гайсінавіч) (9.7.1922, в. Ілякшыды, Башкортастан — 17.9.1987),

двойчы Герой Сав. Саюза (люты, крас. 1945), палкоўнік (1956). Скончыў ваен.-авіяц. школу (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1951), Ваен. акадэмію Генштаба (1959). У Чырв. Арміі з 1940, на фронце з вер. 1942: пілот, камандзір звяна, эскадрыллі, штурман авіяц. палка. Удзельнічаў у вызваленні Барысава, Мінска, Гродна, у баях на Волзе, у Данбасе, Крыме, Польшчы, Германіі. Зрабіў каля 250 баявых вылетаў. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

М.Г.Гарэеў.

т. 5, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК (Саламон Аронавіч) (7.7.1913, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 22.10.1941),

Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Ленінградскую ваен. школу авіяц. тэхнікаў (1932). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце: пад варожым агнём рамантаваў падбітыя танкі, удзельнічаў у баях як камандзір танка. 22.10.1941 у баі пад Белгарадам яго танк быў падбіты і загарэўся; экіпаж змагаўся да апошняга снарада. Гарэлік загінуў у гэтым баі.

С.А.Гарэлік.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСКО́НЬ (Gascogne),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст. баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЕРО́Н II (грэч. Hierōn) Малодшы

(каля 306 — каля 215 да н.э.),

тыран у Сіракузах (Сіцылія) каля 268 — каля 215 да н.э., насіў тытул цара. У 265 вёў паспяховую барацьбу з мамертынцамі (італьян. наёмнікі). У пач. 1-й Пунічнай вайны (264—241) падтрымліваў карфагенян, пасля асады Рымам Месаны і Сіракузаў заключыў у 263 мірны дагавор з Рымам, чым забяспечыў незалежнасць Сіракузаў. У 2-й Пунічнай вайне (218—201) выступаў на баку Рыма. Заахвочваў развіццё земляробства, рамёстваў, будаўніцтва.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЙШЫК (Мікалай Васілевіч) (17.1.1927, в. Воля Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1944),

удзельнік партыз. руху у Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З пач. вайны партыз. сувязны, з 1943 падрыўнік партыз. брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкай вобл. Пусціў пад адхон 7 варожых эшалонаў. У час чарговай аперацыі партызанам не ўдалося замініраваць рэйкі, таму Гойшык кінуўся з мінай пад эшалон з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага. У в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на пастаўлены помнік, у г. Івацэвічы адкрыты дом-музей Гойшыка.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕГЦЯРО́Ў (Васіль Аляксеевіч) (2.1.1880, г. Тула, Расія — 16.1.1949),

савецкі канструктар стралковай зброі. Ген.-маёр інжынерна-артыл. службы (1940), д-р тэхн. н. (1940). Герой Сац. Працы (1940). З 1931 нач. праектна-канструктарскага бюро аўтам. стралковай зброі. У 1920—30-я г. сканструяваў ручны, авіяц., танкавы і буйнакаліберны кулямёты, пісталет-кулямёт. У гады Вял. Айч. вайны 1941—45 стварыў процітанкавае ружжо і новы ручны кулямёт. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1944, 1949.

Літ.:

Нагаев Г.Д. Русские оружейники. М., 1966.

В.А.Дзегцяроў.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)