ГРАНУЛЯВА́ННЕ (ад лац. granulum зярнятка),

наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам і інш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне і г.д.

Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры і інш. мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў і інш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў і інш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУНТ (польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),

1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.

2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТО́ПЫ (ад іза... + грэч. topos месца),

разнавіднасці атамаў пэўнага хім. элемента, ядры якіх маюць аднолькавую колькасць пратонаў і розную — нейтронаў. Тэрмін «І.» прапанаваў англ. фізік Ф.​Содзі ў 1910. Выкарыстоўваюць у якасці ізатопных індыкатараў; радыеактыўныя І. — і як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення; І. урану і плутонію з’яўляюцца ядзерным палівам.

Маюць аднолькавыя зарад ядраў і будову электронных абалонак, блізкія хім. ўласцівасці і займаюць адно месца ў перыяд. сістэме хім. элементаў (адсюль назва). Існаванне І. даказана эксперыментальна ў 1906—10 пры вывучэнні радыеактыўных элементаў. Кожны хім. элемент можа мець стабільныя і радыеактыўныя І. Большасць прыродных элементаў — сумесь І.; залежнасць іх ізатопнага складу ад узросту ўзораў і ўмоў іх утварэння пакладзена ў аснову вызначэння ўзросту горных парод і рудных радовішчаў. Маюць блізкія фіз.-хім. ўласцівасці, таму іх адноснае ўтрыманне амаль не змяняецца пры розных прыродных працэсах. Невял. адрозненні ўласцівасцей І. прыводзяць да ізатопных эфектаў і выкарыстоўваюцца, напр., для іх раздзялення.

Э.​А.​Рудак.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЭКСНЫ МЕ́ТАД у статыстыцы,

сукупнасць спосабаў і прыёмаў статыстычнай навукі, заснаваных на пабудове і аналізе індэксаў, якія дазваляюць сувымяраць складаныя сац.-эканам. з’явы. Спецыфіка І.м. ў тым, што колькасна непараўнальныя велічыні ў індэксе прыводзяцца да адзінства, якое робіць іх параўнальнымі, сувымернымі. Такім адзінствам з’яўляецца грашовая ацэнка (вартасць) несувымерных элементаў з’явы. Так, колькасць рознай прадукцыі (яе відаў) можа быць прыведзена да сувымернага выгляду з дапамогай цэн (памнажэннем аб’ёму прадукцыі на цану яе адзінкі), што дае магчымасць улічваць змяненне толькі дадзенай з’явы, звязанай з ім. У гэтым выпадку ў якасці сувымерніка выступае вартасць сукупнасці рэчаў. У ролі сувымерніка пры пабудове індэксаў выступаюць выдаткі працы (працоўныя адзінкі вымярэння) на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і інш. І.м. шырока выкарыстоўваецца пры вывучэнні дынамікі з’явы, для супастаўлення ў прасторы (пры параўнанні ўзроўняў сац. эканам. з’яў па тэрыторыі — вобласці, краю, рэспублікі) і ў інш. выпадках; ён дазваляе вылучаць і вымяраць уплыў фактараў на змяненне вывучаемай з’явы, у прыватнасці на змяненне яе структуры.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІНЭ́ ((Leviné) Эйген) (Яўген Юльевіч; 23.5.1883, С.-Пецярбург — 5.6.1919),

дзеяч расійскага і германскага рэв. руху. З 1896 вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це. З 1904 у Расіі, чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), з 1905 — яе Пецярбургскага к-та. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Неаднаразова арыштаваны, у т. л. восенню 1908 у Мінску, куды быў накіраваны ў якасці эмісара ЦК партыі эсэраў. У 1908 уцёк у Германію, далучыўся там да левага крыла с.-д. партыі. У час 1-й сусв. вайны чл. камуніст. «Саюза Спартака», з вясны 1918 афіц. прадстаўнік рас. партыі левых эсэраў у Германіі. Удзельнік Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. Дэлегат устаноўчага з’езда Камуніст. партыі Германіі (снеж. 1918 — студз. 1919), у студз. 1919 прымаў удзел у паўстанні берлінскіх рабочых. З сак. 1919 узначаліў барацьбу за сав. ўладу ў Баварыі, 13—27.4.1919 кіраваў Выканаўчым саветам Баварскай сав. рэспублікі, пасля яе разгрому расстраляны паводле прыгавору ваен.-палявога суда.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),

сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.​Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл. Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, які павінен быць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар. дагаворы (гл. Калізійнае права).

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

кампазіты, матэрыялы, якія мэтанакіравана ўтвораны з некалькіх кампанентаў і маюць уласцівасці, што перасягаюць уласцівасці кампанентаў, узятых паасобку. У агульным выпадку складаюцца з матрыцы (з металаў, палімераў, вугляродных і керамічных матэрыялаў) і арміруючай фазы (больш трывалай, чым матрыца).

У К.м. выкарыстоўваюцца толькі лепшыя якасці кампанентаў. таму пры стварэнні кампазіцыі падбіраюць кампаненты з рэзка адметнымі і дапаўняльнымі ўласцівасцямі. У палімерных К.м. арміруючай фазай з’яўляюцца вугляродныя, баваўняныя, поліэфірныя валокны, вугле- і шклотканіна. У метал. кампазіцыях спалучаецца пластычная матрыца з высокамодульнымі стальнымі, борнымі, графітавымі валокнамі, гарачаўстойлівая матрыца з гарачатрывалымі валокнамі. К.м. з метал. матрыцай падзяляюцца на біметалы, дысперснаўмацаваныя, валакністыя і эўтэктычныя матэрыялы. Атрымліваюць К.м. метадамі парашковай металургіі, вакуумнай пракаткай ці насычэннем порыстых каркасаў расплаўленымі металамі, выбухам, ліццём пад ціскам, электралітычным асаджэннем, накіраванай крышталізацыяй сплаваў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.м. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це і Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН, НДІ парашковай металургіі і інш.

Г.​У.​Купчанка.

т. 7, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІФО́ЛЬ,

цвёрды прадукт, што застаецца пасля адгонкі шкіпінару са смольных рэчываў драўніны хваёвых парод.

Крохкая, шклопадобная, празрыстая смала светла-жоўтага (часам цёмна-рудога) колеру. Размякчаецца пры т-ры 40—75 °C, tпл 100-140 °C, шчыльн. 1070—1090 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне, бензоле. Мае 60—92% смаляных кіслот агульнай ф-лы C19H29COOH, 0,5—12% аліфатычных кіслот, 8—20% нейтральных рэчываў (сескві-, ды- і трытэрпеноіды). Атрымліваюць адгонкай з парай з жывіцы хвоі звычайнай (К. жывічная, якая мае найлепшыя спажывецкія ўласцівасці), са здробненай драўніны прасмоленых хваёвых пнёў экстракцыяй бензінам (К. экстракцыйная), вакуумнай рэктыфікацыяй талавага масла (К. талавая). Выкарыстоўваюць К. і яе вытворныя для праклейвання паперы і кардону, у вытв-сці лакаў і фарбаў, пластмас, у якасці флюсу пры паянні металаў; каніфольнае мыла (звычайна натрыевыя солі К.) як эмульгатар у вытв-сці сінт. каўчуку, латэксаў, як кампанент клеявых кампазіцый; солі кальцыю, алюмінію і некат. інш. металаў як сікатывы.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЦЛЕР (ням. Kanzler),

1) начальнік канцылярыі вял. князя ВКЛ, хавальнік вял. дзярж. пячаткі, член паноў-рады. Пасада ўведзена ў 15 ст. Назначаўся пажыццёва з феад. знаці. Дакладваў вял. князю і радзе пра дзярж. справы, рэдагаваў статуты і рашэнні рады, змацоўваў афіц. дакументы пячаткай і падпісваў іх, вёў перагаворы з замежнымі дзяржавамі, захоўваў копіі дзярж. дакументаў. Пасля Люблінскай уніі 1569 К. ВКЛ — член сената Рэчы Паспалітай, займаўся замежнымі справамі разам з каронным (польскім) К. Лічыўся другім пасля маршалка міністрам. У якасці жалавання атрымліваў ад караля староства. Займаў інш. кіруючыя пасады (ваявода, гетман). Фактычна выконваў функцыі міністра ўнутр. і замежных спраў.

2) У царскай Расіі — найвышэйшы грамадзянскі чын, уведзены Пятром I у 1709.

3) У Швейцарыі — сакратар Савета палаты парламента.

4) У Германіі (1871—1945) рэйхсканцлер — прэм’ер-міністр.

5) У Вялікабрытаніі К. казначэйства — міністр фінансаў; лорд-К. — старшыня палаты лордаў.

6) У Аўстрыі і ў Германіі федэральны К. — кіраўнік урада.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТ ((Comte) Агюст) (19.1.1798, г. Манпелье, Францыя — 5.9.1857),

французскі філосаф, заснавальнік пазітывізму і сацыялогіі. У 1818—24 сакратар А.Сен-Сімона. Прапанаваў сваю класіфікацыю навук, сфармуляваў закон трох стадый інтэлектуальнай эвалюцыі чалавецтва, канцэпцыі сац. ладу грамадства (сац. статыка) і яго развіцця (сац. дынаміка), схіляўся да стварэння пазітыўнай палітыкі і рэлігіі ў якасці ўмоў дасягнення сац. міру і гарманічнага спалучэння розных класавых інтарэсаў. Паводле яго вучэння, чалавечы дух праходзіць 3 стадыі гіст. развіцця: тэалагічную (мае таксама 3 этапы развіцця — фетышызм, політэізм і монатэізм, характэрна панаванне духавенства і ваенных, з’явы прыроды тлумачацца звышпрыроднымі прычынамі), метафізічную (свет тлумачыцца з дапамогай метафіз. паняццяў), пазітыўную або навуковую (свядомасць людзей грунтуецца на дакладнай ацэнцы знешняй рэальнасці, што дапамагае прадбачыць будучае і прадухіліць памылкі ў пазнанні і практ. дзейнасці). Асн. працы: «Курс пазітыўнай філасофіі» (т. 1—6, 1830—42), «Сістэма пазітыўнай палітыкі, або Сацыялагічны трактат аб асновах рэлігіі чалавецтва» (т. 1—4, 1851—54).

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)