МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),
рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў ў 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.К.Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял.Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГ ((Nag) Марцін) (н. 30.7.1927, г. Ставангер, Нарвегія),
нарвежскі славіст, перакладчык, паэт. Скончыў ун-т у Осла (1953), з 1964 выкладчык слав. л-р у ім. Даследуе нарвежска-слав.культ. сувязі. Аўтар прац «Ібсен у рускім духоўным жыцці» (1967), «Гамсун у рускім духоўным жыцці» (1969), «Двое нарвежцаў з Талстым» (1979), «Пісьменнік і яго перакладчык: Кнут Гамсун і П.Е.Гансэн» (1980), «Горкі ў Нарвегіі» (1983) і інш. У 1979 наведаў Беларусь. Надрукаваў шэраг артыкулаў пра бел. л-ру і культуру: «Янка Купала — беларускі Нурдаль Грыг» (1980), «Аблічча Беларусі» (1981) і інш. У лірычных мініяцюрах (зб. «Сустрэчы», 1981) адлюстраваў асобныя з’явы гіст. і культ. жыцця бел. народа, намаляваў вобраз Я.Купалы: «Паэт Янка Купала і беларускі народ», «Дом дзяцінства Янкі Купалы», «Драма Янкі Купалы» і інш. На нарв. мову пераклаў верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1980). На бел. мову яго вершы пераклалі М.Мятліцкі, У.Сакалоўскі, В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ (Алесь) (Аляксандр Восіпавіч; 16.1.1905, в. Прусінава Ўздзенскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1979),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Іскры Ільіча». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Ніжагародскай вобл. У 1946—48 настаўнічаў на Міншчыне. У 1949 зноў незаконна асуджаны, высланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 у Мінску, з 1957 працаваў у час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяданняў «Родныя берагі» (1958), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), аповесцей і апавяданняў «Жнівеньская раніца» (1963), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Пісаў для дзяцей п’есы, апавяданні (кн. «Беражанкі», 1958; «Аля і Галя», 1961; «Дым над лесам», 1964; «Таемная крушня», 1969; «Аднавокі сом», 1974), аповесці («Ты не адзін». 1959; «Данеўцы — нашы знаёмыя», 1965; «Тайна аднаго звяна», 1970; «Сцежкі», 1976). Асн. рысы яго творчасці — улюбёнасць у родны край, добрае веданне псіхалогіі селяніна, сял. побыту, жыцця дзяцей і юнацтва. На бел. мову перакладаў творы рус., укр. і груз. пісьменнікаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1975;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.
Літ.:
Грахоўскі С. Чаго не паспеў сказаць // Маладосць. 1980. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1856,
дагавор, які завяршыў Крымскую вайну 1853—56. Падпісаны ў Парыжы 30 сак. на заключным пасяджэнні міжнар. кангрэса прадстаўнікамі краін—удзельніц вайны (з аднаго боку пераможанай Расіі, з другога — Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі і Сардзінскага каралеўства), а таксама Аўстрыі і Прусіі. Расія вяртала Турцыі г. Карс у абмен на Севастопаль і інш. гарады Крыма, захопленыя саюзнікамі, Малд. княству (васал Турцыі) — вусце р. Дунай і ч.Паўд. Бесарабіі. Чорнае м. абвяшчалася нейтральным, Расія і Турцыя не маглі трымаць тамваен. флот і арсеналы. Дзяржавы гарантавалі аўтаномію Сербіі, Малд. княства і Валахіі, што выключала прэтэнзіі Расіі на яе асобую апеку над правасл. насельніцтвам Асманскай імперыі. Да дагавора прыкладаліся 3 канвенцыі: 1-я пацвярджала Лонданскую канвенцыю 1841 аб закрыцці Чарнаморскіх праліваў для ваен. суднаў, 2-я вызначала колькасць лёгкіх вартавых суднаў Расіі і Турцыі на Чорным м., 3-я абавязвала Расію не будаваць ваен. умацаванняў на Аландскіх астравах у Балтыйскім моры. П.м.д. аслабіў пазіцыі Расіі ў Еўропе і на Б. Усходзе, абвастрыў Усх. пытанне. Абмежаванні суверэнітэту Расіі на Чорным м. ліквідаваны паводле Лонданскай канвенцыі 1871. Пасля перамогі Расіі ў рус.-тур. вайне 1877—78 П.м.д. заменены трактатам, прынятым на Берлінскім кангрэсе 1878.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. і навук. устаноў Еўропы. Засн. з царк. школ у 1215 у Парыжы пры садзейнічанні караля Філіпа Агюста і папы рымскага Інакенція III. Меў 4 ф-ты: вольных мастацтваў, кананічнага права, медыцыны і тэалогіі. У 13—15 ст. — адзін з буйнейшых у Еўропе навуч. і навук. цэнтраў у галіне тэалогіі і юрыспрудэнцыі. У 1257 франц. тэолаг Р. дэ Сарбон заснаваў у Парыжы калеж для дзяцей з бедных сем’яў, якія жадалі вывучаць Тэалогію. У 1554 калеж атрымаў назву Сарбона. Паступова адбылося зліццё Сарбоны з тэалагічным ф-там П.у., пасля чаго іх назвы сталі сінонімамі. У 1793 ун-т паводле рашэння Канвента закрыты, у 1808 дэкрэтам Напалеона I адноўлены і атрымаў статус дзярж.ВНУ. У розны час з ім была звязана дзейнасць многіх вядомых вучоных, у т. л. А.Л.Лавуазье, Ж.Л.Гей-Люсака, Л.Пастэра, П.Ж.Кюры, Ж.Б.Перэна, П.Ланжэвэна, А.Данжуа, Л.В. дэ Бройля, Ж.Дрэша і інш. У 1972 ф-ты П.у. пераўтвораны ў 13 самастойных ун-таў, 4 з іх пераважна знаходзяцца ў старых адміністратыўных будынках Сарбоны, астатнія — у іншых кварталах Парыжа і яго прыгарадах.
мемуарыст, мастак. Вучыўся ў Жыровічах, Слоніме, Слуцку. Скончыў Пецярб.АМ. У 1853—56 падарожнічаў па Зах. Еўропе. Вынік яго паездак — брашура «Колькі слоў літвіна» (Парыж, 1857). З 1859 выкладчык гімназіі ў Навагрудку, заснаваў там жаночы пансіён і нядзельную школу для простанароддзя, у 1860 — самадз.т-р, дзе быў рэжысёрам, дэкаратарам, акцёрам. За ўдзел у паўстанні 1863—64 высланы ў Петразаводск, Алонец, Екацярынаслаў. З 1867 у Навагрудку, потым у Львове. Падрыхтаваў і выдаў каталогі фондаў музея Любамірскіх. У мемуарах «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), «Успаміны. Навагрудак—турма—выгнанне» (1887), «З падарожжа па Літве» (1890), «З успамінаў. Год 1846» (1898), «З жыцця літвіна» і «Мае ўспаміны з часоў настаўнічання на Літве колькі дзесяткаў год назад» (абодва 1904), «Двое памятных сутак у Мінску. 1863 г.» (1906) звесткі пра культ.-грамадскае і літ. жыццё Беларусі 1840—60-х г., пра бел. паэта Ф.Савіча, побыт беларусаў. Працаваў у жанры партрэта («Аўтапартрэт», 1853), рабіў замалёўкі Навагрудка і яго ваколіц, пісаў абразы. Аўтар працы «Погляд на становішча польскага выяўленчага мастацтва ў параўнанні з замежным мастацтвам» (1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ1740, 1743, 1764 паміж Расіяй і Прусіяй.
1) 27.12.1740 Расія і Прусія дамовіліся аб дружбе і ўзаемадапамозе ў выпадку нападу на іх трэцяй дзяржавы (але не тады, калі Расія ваявала з Турцыяй або Іранам, а Прусія — на З ад р. Везер у цэнтр. Германіі). Сакрэтнымі артыкуламі дзяржавы гарантавалі недатыкальнасць Курляндыі, абавязваліся не дапускаць умяшання трэціх краін у справы Рэчы Паспалітай, ахоўваць там правы праваслаўных і пратэстантаў.
2) 27.3.1743 Расія і Прусія ў асн. пацвердзілі ўмовы дагавора 1740, але гарантыі Прусіі не пашыраліся на землі Паўд.Усх. Фінляндыі, далучаныя да Расіі ў выніку вайны са Швецыяй (1741—43), а гарантыі Расіі — на Сілезію, захопленую Прусіяй у Аўстрыі.
3) 11.4.1764 Кацярына II пацвердзіла Пецярбургскі мірны дагавор 1762, але адмовілася ратыфікаваць саюзны трактат ад 19.6.1762. Расія і Прусія дамовіліся пра гарантыі адна адной еўрап. уладанняў і ваен. ўзаемадапамогу ў выпадку нападу на адну з краін.; 4 сакрэтныя і 1 сепаратны артыкулы выключалі ваен. дапамогу ў выпадку вайны Прусіі на З ад р. Везер, а Расіі — з Турцыяй, абвяшчалі абарону існуючых форм кіравання ў Швецыі, абавязвалі абодва бакі не дапускаць змен у канстытуцыі Рэчы Паспалітай і падтрымаць кандыдатуру Станіслава Аўгуста Панятоўскага на яе прастол.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЕ́НЦА (Rienzo) Кола ды [сапр.Габрыні (Cabrini) Нікола ды Ларэнца 1313—8.10.1354], італьянскі паліт. дзеяч. Паводле адукацыі натарыус. З 1334 жыў у Рыме, вывучаў ант. помнікі і л-ру. Падзяляў гуманіст. погляды Ф.Петраркі, марыў аднавіць дзярж. лад стараж.Рым. рэспублікі і былую веліч Рыма; у прамовах выкрываў беззаконні феад. магнатаў, якія апанавалі Рым у час авіньёнскага паланення папаў. Пасля перамогі нар. паўстання (май 1347) і абвяшчэння Рым. рэспублікі Р. абраны яе нар. трыбунам (кіраўніком). Ён адабраў у феадалаў замкі, упарадкаваў падаткі, скасаваў мытныя пошліны, 1.8.1347 абвясціў аднаўленне правоў рым. народа, а Рым — сталіцай свету. У снеж. 1347 скінуты феад. клікай Калона і ўцёк. У 1350 арыштаваны архіепіскапам Прагі (шукаў там падтрымкі імператара Карла IV) і зняволены ў папскай турме Авіньёна (Францыя); у 1352 адлучаны ад царквы. Новы папа Інакенцій IV выкарыстаў Р. для аднаўлення сваіх правоў у Папскай вобласці і накіраваў яго туды ў канцы 1353 з паліт. місіяй. 1.8.1354 Р. з дапамогай наёмнікаў увайшоў у Рым і зноў узначаліў Рым. рэспубліку. Аднак павелічэнне падаткаў, праведзенае Р. з мэтай забяспечыць утрыманне наёмных войск для барацьбы з феадаламі, і тыранічныя метады яго кіравання выклікалі нар. паўстанне 8.10.1354, у час якога ён забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАС ((Ritsos) Яніс) (1.5.1909, г. Манемвасія, Грэцыя — 11.11.1990),
грэчаскі пісьменнік. У 1948—52 і 1967—74 зняволены ўладамі Грэцыі. Яго сац.-паліт. погляды адлюстраваны ў зб. вершаў «Трактары» (1934), паэмах «Эпітафіі» (1936), «Песня для маёй сястры» (1937), дзе дамінуе імпрэсіянісцкае ўспрыманне рэчаіснасці. У зб-ках лірыкі «Выпрабаванні» (1943), «Каменны час» (1949), «Бяссонне» (1954), «Дзённікі высылкі» (1975), «Нататкі сляпога» (1979), «Карані Элінства» (1981), паэмах «Марш акіяна» (1940), «Ранішняя зорка» (1955), «Няскораны горад» (1958), «Мост» (1960), «Васемнаццаць мелодый горкай радзімы» (1973), «Граганда», «Званіца» (абедзве 1974) імкненне дасягнуць глыбінь чалавечай душы, спасцігнуць таямніцы жыцця. Сюррэаліст. рысы ўласцівыя вершам зб-каў «Архітэктура дрэў» (1958), «Сведчанні» (ч. 1—2, 1963—66). У раманах «Асцярожны Арыёст» (1982), «Што за дзіўныя рэчы!» (1983), «Штуршком локця» (1984) жыццё грэч. правінцыі. Пераклаў верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1983). На бел. мову яго вершы перакладала А.Кобец-Філімонава. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1977.
Тв.:
Бел.пер. — Макронісас. Мн., 1973;
Рус.пер. — Избр. лирика. М., 1968;
Избранное. М., 1973;
Становление. Стихотворения и поэмы. М., 1979;
Заметки на полях времени: Стихи и поэмы. М., 1985.
Літ.:
Ильинская С.Б. Яннис Рицос: Очерк жизни и творчества. М., 1986.