прыско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скокнуўшы, наблізіцца да чаго‑н., скачкамі дасягнуць чаго‑н.; падскочыць. Прыскочыць з кулакамі. □ — Я і нажом магу парнуць! — схапіўшы са стала нож, прыскочыў Ціток. Лобан. // Хутка прыехаць, прыбегчы. А пасля .. прыскочыў Шпулькевіч, кінуўся ў сані і пагнаў як толькі мог каня. Чорны. Тут начальнік з раёна прыскочыў: — Чаго ж ты ляжыш, Абібоча? Крапіва.

2. Падскочыць у такт чаму‑н. То прыскочыць, то прыгнецца, То рукою павядзе, Плечы ўскіне, засмяецца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыслу́жнік, а, м.

1. Той, хто прыслужвае; слуга, служыцель. — Як далажыць аб вас .. рэдактару? — звярнуўся да Лабановіча прыслужнік з рыжаватаю бародкаю, чалавек без усякай формы і нецікавы на выгляд. Колас. Усё гэта убранства пільнаваў касцельны прыслужнік без шапкі, з цёмнымі кругамі пад вачыма. Пестрак.

2. Разм. неадабр. Той, хто прыслужваецца перад кім‑н.; прыхільнік, памочнік у якой‑н. дрэннай справе. Царскія прыслужнікі. Фашысцкія прыслужнікі. □ Ёсць прыслужнікаў нямала, Што за долар прадаюцца І гатовы да паслуг. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўзня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца; зак.

1. Трохі ўзняцца, перамясціцца ўгару. Матор напружана ўзвыў, вал пад’ёмніка закруціўся, кузаў прыўзняўся. Вышынскі. Шырокія бровы прыўзнялася, а вейкі ледзь прыкметна ўздрыгнулі. Васілёнак.

2. Трохі прыўстаць, падняцца. Угледзеўшы настаўніка на парозе канцылярыі, пісар прыўзняўся ў крэсле, працягнуў суседу руку, як добры знаёмы, як прыяцель. Колас. Георгій напружана прыўзняўся, абапіраючыся на мыліцы, твар яго пабялеў. Мележ.

3. перан. Стаць лепшым, радасна-ажыўленым. Настрой яшчэ больш прыўзняўся, калі вечарам мы сышліся ўсе разам. Ляўданскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Вылучацца сваім пунсовым колерам; быць пунсовым. Калі ў лесе кукуе зязюля, то на палянках пунсавеюць суніцы, а ў полі красуе і наліваецца колас. Няхай. Замест каменя на .. [магіле] стаіць фанерная піраміда з чырвонай зоркай і пунсавее, нібы пляма гарачай чалавечай крыві, невялічкі вянок з апошніх восеньскіх кветак. Сяргейчык. Шчокі Аніны пунсавелі заўсёды макавым цветам. Васілевіч.

2. Рабіцца пунсовым, чырвоным. Праз некалькі хвілін госць пунсавее мацней, як у дарозе на стрэчным ветры. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распасце́рціся, ‑струся, ‑стрэшся, ‑стрэцца; ‑стромся, ‑страцеся; пр. распасцёрся, ‑сцерлася; зак.

1. Легчы або сесці шырока, свабодна, заняўшы многа месца. [Каляда:] — А ну, кума, пасунься. Не захопіш і так усяго, — распасцерлася... Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць сабой шырокі абшар, вялікую прастору. Якая навокал далеч! Яна распасцерлася ва ўсе бакі, куды ні глянеш, без канца і краю... Гамолка. Над зямлёю распасцёрся ясны купал бяздоннага неба. Колас.

3. перан. Пашырыць сферу свайго дзеяння, ахапіўшы большае кола прадметаў, з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зрабіць больш шырокім. Расшырыць вуліцу. Расшырыць праход. Расшырыць зрэнкі. □ Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлі і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Колас. // Спец. Павялічыць у аб’ёме. Расшырыць шляхам награвання.

2. Павялічыць колькасна, у аб’ёме. Расшырыць завод. Расшырыць сетку кінаў становак. Расшырыць сетку медыцынскіх устаноў.

3. Распаўсюдзіць на што‑н. (кола дзеяння чаго‑н.); узмацніць. Расшырыць дэмакратызм. Расшырыць сферу ўплыву. Расшырыць правы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.

2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вельмі цвёрды камень, які выкарыстоўваюць для выкрэсвання агню; крэмень. [Сымон] па скалцы крэсівам чок! чок! і іскру ў губцы раздзімае. Колас. У часе свайго дзяцінства я бадай што не бачыў, каб хто распальваў агонь запалкамі. Усе мелі пры сабе скалку, крэмень, крэсіва і цэру. Дубоўка.

2. Тлушчавая кропля на вадзе, у страве. На паверхні [малака] — жоўтыя скалкі, як маленькія сонцы. Ермаловіч. А тлустая ж.. [капуста], з баранінай. Скалкі плаваюць наверсе. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбу́р 1, а, м.

Абл.

1. Стаўбун (у 2, 3 знач.). Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару нейкія абломкі, стаўбуры зямлі. Мележ. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Казека.

2. Ствол дрэва, слуп і пад. Чорны, як вугаль, тоўсты, роўны, гладкі дубовы стаўбур ляжаў упоперак ракі. Колас.

стаўбу́р 2, ‑у, м.

Вірусная хвароба паслёнавых раслін (бульбы, памідораў, тытуню і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сукно́, а; мн. сукны, ‑аў; н.

1. Шарсцяная або паўшарсцяная тканіна з гладкім ворсам, якая пры вырабе апрацоўваецца валеннем. Сторы разгарнуў пакунак .. Кавалак сукна... Бядуля. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма. Колас.

2. толькі мн. (су́кны, ‑аў). Камплект куліс і заслон, якія афармляюць сцэну. Блізнюк, як спуджаны заяц, матануў за кулісы сцэны і знік там у сукнах і бакоўках. Сабаленка.

•••

Салдацкае сукно — шэрае тоўстае сукно для шынялёў.

Класці пад сукно гл. класці.

Ляжаць пад сукном гл. ляжаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)