БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.

Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял. кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс. чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НЬ,

з’ява, звязаная з працэсам гарэння; уключае вонкавае і сенсорнае ўспрыманне яго чалавекам. Сляды агню археолагі знаходзяць пры раскопках паселішчаў сінантрапаў і неандэртальцаў.

Доўгі час людзі карысталіся прыродным агнём, які ўзнікаў пры самазагаранні дрэў і раслін ад маланкі, вывяржэння вулканаў, загарання прыроднага газу і інш., і падтрымлівалі гарэнне ў ямах і агнішчах. У пач. верхняга палеаліту людзі навучыліся здабываць агонь ад трэння кавалкаў дрэва. Пазней (у пач. жал. веку) агонь высякалі з крэменю пры дапамозе жал. крэсіва, з 19 ст. сталі выкарыстоўваць запалкі, запальнічкі. Авалоданне агнём спрыяла канчатковаму аддзяленню першабытнага чалавека ад жывёльнага свету і зрабіла вызначальны ўплыў на развіццё агульначалавечай культуры і ўзаемаадносін паміж людзьмі. У стараж. беларусаў агонь лічыўся радавым і хатнім бажаством, абаронцам хатняга ачага і лек. сродкам. Уяўленні пра яго надпрыродную сілу захаваліся ў рытуальных звычаях раскладваць купальскія вогнішчы, скакаць цераз іх парамі для «ачышчэння» і інш. Да канца 19 ст. на Беларусі існавалі ахвяраванні ў гонар агню (спальвалі першы сноп жыта перад тым як сушыць у асеці); «жывым агнём», г. зн. здабытым ад трэння кавалкаў дрэва, абносіліся паселішчы ў час эпідэміі і эпізаотыі, пасевы ў час засухі ці вымакання. Багамі агню ва ўсіх славян лічыліся Сварожыч і Жыжаль. Некаторыя народы Індыі, Ірана і цяпер пакланяюцца агню.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІ́НСТВА І РАЗНАСТА́ЙНАСЦЬ СВЕ́ТУ,

адна з асноватворных светапоглядных праблем, якая вырашаецца з пазіцый манізму, дуалізму і плюралізму. Манізм прымае за аснову ўсяго існага адзін пачатак. Матэрыялістычны манізм бачыць пачатак свету ў яго матэрыяльнасці (усе прадметы і з’явы — розныя віды ці ўласцівасці матэрыі, якая рухаецца). Наяўнасць структурных узроўняў матэрыі, на кожным з якіх яна валодае рознай будовай і падпарадкоўваецца спецыфічным законам руху, лічыцца крыніцай разнастайнасці свету. Ідэалістычны манізм звязвае адзінства свету з агульнасцю яго духоўнага пачатку. У Гегеля пачатак, які складае аснову ўсіх з’яў прыроды і гісторыі, прадстаўлены абсалютнай ідэяй. Дуалізм у поглядах на свет заключаецца ў прызнанні яго першапачаткам дзвюх раўнапраўных субстанцый: матэрыяльнай і духоўнай. Дэкартаўская (картэзіянская) карціна свету выцякае з паралельнага існавання цялеснай (працяглай) і мыслячай субстанцый (дуалізм цела і душы). Адзінкавыя прадметы — гэта модусы (часовы стан) працягласці і мыслення. Плюралізм грунтуецца на тым, што свет складаецца з мноства незалежных, раўнапраўных утварэнняў, якія не зводзяцца да адзінага пачатку. Паводле Лейбніца, субстанцыяльнымі адзінкамі прыроды з’яўляюцца манады — непадзельныя, замкнутыя духоўныя істоты; вышэйшай манадай ён лічыў Бога.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. Наука логики. М., 1974;

Декарт Р. Первоначала философии // Соч. М., 1989. Т. 1;

Лейбниц Г.В. Монадология // Соч. М., 1982. Т. 1;

Кучевский В.Б. Философские проблемы естествознания. М., 1985.

А.​В.​Рубанаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),

жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.​Скрыб, Э.​Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.​Фрэдра), Германіі (Г.​Фрайтаг), Даніі (І.​Л.​Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.​Шахаўской, Дз.​Ленскі, П.​Каратыгін, Ф.​Коні, М.​Някрасаў, А.​Чэхаў).

На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл. т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.​Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.​Каганца (1910), «Прымакі» Я.​Купалы (1913), «Снатворны мак» К.​Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.​Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.​Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.​Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),

бел. паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, М.​Багдановічам, А.​Грыневічам, З.​Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд. Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац. АН Беларусі ў Мінску.

Літ.:

Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;

Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІЛЯ́РНЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць фіз. з’яў, абумоўленых сіламі паверхневага нацяжэння на мяжы падзелу паміж асяроддзямі, якія не змешваюцца; асобны выпадак паверхневых з’яў. Адкрыты і даследаваны Леанарда да Вінчы, Б.​Паскалем і Дж.​Журэнам; тэорыя К.з. распрацавана ў работах П.​Лапласа, Т.​Юнга, Дж.​Гібса і інш.

Да К.з. звычайна адносяць з’явы ў вадкасцях, выкліканыя скрыўленнем іх паверхняў, якія мяжуюць з інш. вадкасцямі, цвёрдымі целамі, газам ці ўласнай парай. Напр., падыманне змочвальнай (гл. Змочванне) ці апусканне нязмочвальнай вадкасці ў тонкіх (капілярных) трубках або сітаватасцях цвёрдага цела; гідрастатычны ціск у гэтым выпадку ўраўнаважваецца капілярным ціскам (гл. Лапласа закон). Ва ўмовах бязважкасці пры адсутнасці датыкання да інш. цел абмежаваны аб’ём вадкасці прымае пад уздзеяннем паверхневага нацяжэння форму шара (гл. Кропля). Такую ж форму вадкасць набывае і ў тым выпадку, калі яна знаходзіцца ўнутры інш. вадкасці, якая мае такую ж шчыльнасць. К.з. значна ўплываюць на ўласцівасці сістэм, што складаюцца з дробных кропель (эмульсіі, вадкія аэразолі, пены), а таксама ўмовы іх утварэння; вызначаюць умовы ўтварэння зародкаў кандэнсацыі, кіпення, крышталізацыі і адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (асабліва ў водным рэжыме глебы і абмене рэчываў у раслін), тэхніцы (напр., у працэсах сушкі, прамочвання) і інш.

Літ.:

Современная теория капиллярности. Л., 1980.

П.​С.​Габец.

Да арт. Капілярныя з’явы: а — капілярнае падняцце змочвальнай вадкасці; б — апусканне нязмочвальнай вадкасці.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,

адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр. БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш. бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».

Літ.:

Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел. правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).

Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.

Літ.:

Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;

Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́ВАЯ МО́ВА,

мова, на якой створана пісьменнасць і якая мае пісьмовую традыцыю. Пры дапамозе П.м. ажыццяўляюцца зносіны паміж людзьмі, фіксуецца і перадаецца інфармацыя. Для перадачы П.м. ствараюцца сістэмы графічных знакаў (літар, іерогліфаў, лічбаў і інш., гл. Пісьмо), правіл (арфаграфіі, пунктуацыі і інш.), а таксама неабходны матэрыял (папера, скура, тканіна і інш.).

П.м. адрозніваецца ад вуснай мовы тым, што разлічана на зрокавае ўспрыманне, больш позняя па часе ўзнікнення. Яна характарызуецца стройнасцю і паслядоўнасцю выкладання думкі, ужываннем складаных і ўскладненых сінтакс. канструкцый, абстрактнай, спец. і тэрміналагічнай лексікі; адсутнасцю дапамогі з боку жэстаў, мімікі, гукавой інтанацыі.

П.м. неабходная для многіх стыляў мовы. напр., навук., афіц.-дзелавога. Калі П.м. губляе сувязь з жывым маўленнем, то становіцца мёртвай мовай. Існуюць пісьмовыя штучныя мовы.

Пісьмовая беларуская мова пачала фарміравацца ў 13 ст. Зараз яна рэалізуецца ў разнавіднасцях: уніфікаваная, літ. П.м. — агульнапрынятая, без парушэнняў норм сучаснай бел. літаратурнай мовы; неліт. П.м. — з вял. парушэннем агульнапрынятых літ. норм, напр., фанет. транскрыпцыя дыялектнай мовы (гл. Дыялект), сац. жаргонаў і інш.; стылізаваная П.м. — матываваная літ.-гутарковая, літ.-прастамоўная, літ.-дыялектная П.м., якая часта сустракаецца ў мове маст. твораў і служыць для стварэння адпаведнага каларыту.

Літ.:

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984.

М.​В.​Абабурка.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)