МАРЫ́Я ЦЮ́ДАР (Mary Tudor),
Марыя I (18.2.1516, Лондан — 17.11.1558), англійская каралева [1553—58], Дачка Генрыха VIII (гл. Генрых, англ. каралі) і Кацярыны Арагонскай. На прастоле пасля смерці Эдуарда VI. Аднавіла каталіцызм (1554), жорстка праследавала прыхільнікаў Рэфармацыі, шмат якія з іх былі пакараны смерцю (адсюль яе мянушка Марыя Крывавая). Зблізілася з папствам і каталіцкай Іспаніяй. З 1554 жонка наследніка ісп. прастола Філіпа (з 1556 кароль Філіп II). У саюзе з Іспаніяй вяла вайну супраць Францыі (1557—59), якая скончылася стратай Англіяй апошняга порта на кантыненце — Кале.
т. 10, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМА́Й (? — 1380),
татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.
т. 10, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.Я.Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.
т. 10, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
*Мярза́вы, мерза́ву, мерзе́ны ’агідны, дрэнны’ (ТС), мярзя́ва ’нягоднік, паганец’ (Ян.), укр. мерзе́нний, мерзосві́тний, рус. мерзкий, ст.-рус. мьрзъкъ, чэш., славац. mrzký, славен. mŕzək, серб.-харв. мр̏зак, макед. мрзешен, мрзешник, ст.-слав. мръзъкъ. Звязана з мёрзнуць, мароз (Фасмер, 2, 603), параўн. алб. mardhem ’дрыжу ад холаду’, marth ’мароз’. Параўн. аналагічна чэш. osiuditi ’выклікаць агіду’, ostuda ’сорам’ — рус. студить, ням. Schauder ’дрыготка’ і ’жах, агіда’. Супраць такіх паралелей выступае Махэк₂ (381) і звязвае чэш. mrzeti з ц.-слав. мръсьнъ ’гідкі, агідны, жудасны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зіпу́н ’даўняя верхняя вопратка’. Рус. зипу́н. Ст.-рус. зипунъ (1583 г.), зипунецъ (1577 г.), зипунишко (1568 г.). Ст.-бел. зипунъ (1552 г.). Верагодна, з новагрэч. ζιπούνι < венец. zipón < іт. giubbone (параўн. юбка). Фасмер, Этюды, 63–64; Булыка, Запазыч., 122; Шанскі, 2, З, 92. Менш верагодная думка, што зіпун < тур. zubun, zybun. Шыпава, Сл. тюрк., 139; Кубанава. О тюркизмах русской диалектной лексики, 1967, 32–34. Супраць Фасмер, 2, 98 (дзе іншая літ-pa). Дзмітрыеў (Строй, 534, 558, 565) не ўключыў слова ў спісы цюркізмаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сло́пы ‘пахілы’: слопая страха (мін., Сл. ПЗБ); таксама тапонім Слопішча (Жучк., КТС). Фармальна слова можна звязаць з рус. ослоп ‘дубіна, кругляк; дурань’, дыял. ослопи́на ‘доўгая жардзіна’, стараж.-рус. ослопъ ‘дубіна, палка’; далей параўноўваюць з славен. poslȏpje ‘будынак’ (Міклашыч, 432); супраць супастаўлення з *chlopati ‘ляскаць, бразгаць’, як гэта меркаваў Мацэнаўэр (LF, 12, 172), Фасмер (3, 161). Бязлай (3, 91) дапускае роднасць з літ. slaptú, paslaptú ‘тайнік, сховішча’, лат. slapsts ‘кут, сховішча’. Але словаўтварэнне (меркаваўся б дзеяслоў *слопіць) і семантыку вытлумачыць цяжка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Інжыне́р. Запазычанне з польск. inżynier, націск пад рускім уплывам. У польск. з франц. ingénieur (SWO, 315), якое ўзыходзіць да лац. ingenium ’вынаходлівасць, трапная выдумка’. Ст.-бел. инъенеръ (1601 г.) са ст.-польск. ingenier (Булыка, Лекс. запазыч., 91). У рускай мове инженер (XVII ст.) таксама запазычана праз польскае пасрэдніцтва; гл. Шанскі, 2, I, 76–77; Біржакова, Очерки, 363; супраць Фасмер (2, 133) называе нямецкую крыніцу. Недакладна Гіст. лекс., (245) адносіць да неалагізмаў XIX ст.; Крукоўскі (Уплыў, 77) лічыць запазычаным з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
камуне́рас
(ісп. comuneros, ад лац. communis = агульны)
1) паўстанне сярэдневяковых гарадоў Кастыліі ў 16 ст. супраць каралеўскага абсалютызму;
2) удзельнікі антыіспанскага паўстання ў Новай Грэнадзе ў 18 ст.;
3) левая плынь у Іспанскай рэвалюцыі 1820—1823 гг.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЛОК ВАЕ́ННЫ,
ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.
Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).
т. 3, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),
медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.
Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.
На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.І.Вацякоў, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман, Б.П.Савіцкі, І.І.Протас, М.А.Кавалёў, Л.М.Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.
Літ.:
Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.
т. 4, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)