су́ды, ‑аў; адз. няма.

Абл. Два вядры (звычайна з вадой). Была .. [бабка], як казюлька, аднак жа цяжкія суды вады спраўна насіла — за квартал, за два, а то і далей ад крыніцы. Гарэцкі. [Барашкін] напіўся проста з крынічкі, прыгадваючы, як Людміла разыграла яго, потым зачэрпнуў поўныя суды і амаль бегма кінуўся назад да хаты. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяве́ц 1, сяўца, м.

Абл. Сейбіт. Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам. Чарнышэвіч.

сяве́ц 2, сяўца, м.

Невялікая птушка атрада сеўцападобных. Як пчаліны рой, ля[ця]ць шпакі, Іх над Нёманам сяўцамі клічуць. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фаты́га, ‑і, ДМ ‑тызе, ж.

Абл. Турботы, клопат. — А мо б наўперад, пан Хадыка, Калі фатыга невяліка, Нам паказаў бы сваё поле? — Сказаў Міхал. Колас. Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не расквіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі.

•••

Не варта за фатыгу — аб справе, якая не заслугоўвае клопату.

[Польск. fatyga з фр. fatique — стомленасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапатлі́васць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць хапатлівага. Апейку нярэдка штурхалі, але ён не злаваў; яму гэта было нават нібы прыемна, — як і сама працоўная клопатнасць, хапатлівасць, што ўсё больш апаноўвалі вуліцу. Мележ. Такое гарэнне непакоіла Зімчука, якога гэта і цешыла і непакоіла. Непакоіла, бо ў хапатлівасці Васіля Пятровіча адчувалася хваравітасць і надрыў. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЎТАВАКЗА́Л (ад аўта... + вакзал),

комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў міжгародніх і прыгарадных аўтобусных ліній. Размяшчаюць аўтавакзалы ў гарадах з развітой сеткай міжгародніх аўтобусных маршрутаў (на Беларусі найбуйнейшыя ў Мінску і абл. цэнтрах).

У залежнасці ад прапускной здольнасці і ўмяшчальнасці тыпавыя аўтавакзалы будуюць на 100, 200, 300 і 500 пасажыраў (большыя — па індывід. праектах). У склад аўтавакзала, акрамя асн. будынка з памяшканнямі службовымі і для абслугі, уваходзяць трансп. тэрыторыя з перонам пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўкі для стаянкі аўтобусаў і інш. Буйныя аўтавакзалы аснашчаюць апаратурай для кіравання рухам аўтобусаў і інфармацыі пасажыраў. Часта аўтавакзалы аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (чыгуначным, паветраным, рачным), пры іх узводзяцца атэлі, канцэнтруюцца гандлёвыя і інш. Ўстановы.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́Н (Васіль Якімавіч) (н. 28.4.1924, с. Балын Ліцінскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна),

бел. і ўкр. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1968). Праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). Працаваў у Маладзечанскай абл. б-цы, Мін-ве культуры Беларусі, Мінскім пед. ін-це. З 1970 у Кіеўскім ін-це культуры. Даследуе праблемы бел. і ўкр. л-р, кнігазнаўства, бібліяграфіі. Піша на бел. і ўкр. мовах. Адзін з даследчыкаў творчасці В.Быкава (манаграфія «Васіль Быкаў», 1976). Аўтар падручніка «Асновы кнігазнаўства» (1996), рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць А.Кулакоўскага, А.Марціновіча, І.Навуменкі, Р.Няхая, М.Ракітнага, Б.Сачанкі і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), падручніка «Бібліяграфія: Агульны курс» (1984).

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА (ВАГ),

партызанскія злучэнні на акупіраванай тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, а таксама назва органаў кіраўніцтва гэтымі злучэннямі. Ядналі партыз. палкі, брыгады, асобныя атрады. У крас. 1943 пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б для кіравання партыз. рухам створана абл. ВАГ, адначасова — Магілёўскае партыз. злучэнне, якое таксама называлася Магілёўскай ВАГ. У мэтах узмацнення кіраўніцтва партыз. рухам на месцах у ліп.жн. 1943 створаны раённыя ВАГ: Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская і Шклоўская, пачата ўтварэнне ВАГ у Задняпроўі. У ліст. 1943 у Магілёўскую вобл. перайшла 8-я Рагачоўская партыз. брыгада, якая ў сак. 1944 пераўтворана ў Рагачоўскую ВАГ. Расфарміроўваліся па меры вызвалення тэр. вобласці часцямі Чырв. Арміі.

А.Л.Манаенкаў.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,

сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеі вял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш. абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.

І.А.Юхо.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЁКМА,

рака ў Расійскай Федэрацыі, у Чыцінскай і Амурскай абл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 1436 км, пл. бас. 210 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Алёкмінскага Станавіка, цячэ ў вузкай даліне з крутымі схіламі (рэчышча з перакатамі), далей — у глыбокай даліне прарыву паміж хрыбтамі Удакан і Станавы, мае 13 парогаў, непраходных для суднаў. На апошніх 410 км цячэ ў шырокай даліне па Сярэднесібірскім пласкагор’і (суднаходны ўчастак). Асн. прытокі Тунгір, Нюкжа (справа), Чара (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Летам бурныя паводкі. Замярзае ў канцы кастр., крыгалом у маі, у нізоўях у чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2000 м³/с. Сплаўная ніжэй вусця р. Тунгір.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен. танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)