МЕСХЕ́ТЫ, Месхетыя,
гісторыка-геаграфічная вобласць у Паўд. Грузіі (Ахалцыхскі край). Цэнтр — Ахалцыхе. З 2-й пал. 13 ст. ў складзе княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. заваявана Турцыяй. Паводле Адрыянопальскага міру 1829 паўн. ч. далучана да Рас. імперыі.
т. 10, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́СМА, намізма (грэч. nomisma манета ад nomos закон),
у познарымскай і ранневізантыйскай імперыях назва любой залатой манеты, у 8—13 ст. у Візантыйскай імперыі назва соліда. На Беларусі Н. зрэдку абарачалася ў канцы 10—2-й трэці 11 ст.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМ,
найменне Рыма і Рымскай (з 4 ст. н.э. Візантыйскай) імперый у краінах Усходу; у перыяд заваявання М. Азіі сельджукамі ўжывалася як адна з назваў Канійскага султаната (Румскі султанат), у час Асманскай імперыі назва яе еўрап. уладанняў (гл. Румелія).
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),
тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.
т. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДУНА́ЙСКАЯ СЕЧ,
арганізацыя запарожскіх казакоў у 1775—1828 на тэр. Асманскай імперыі, у вусці Дуная, куды яны ўцяклі пасля скасавання Запарожскай Сечы (1775). У 1806 і 1828 большая частка запарожцаў вярнулася ў Расію і склала Дунайскае і Азоўскае казацкія войскі.
т. 6, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́КТ,
парадкавы нумар года ў 15-гадовым цыкле — індыктыёне. Летазлічэнне па І. існавала ў Рымскай імперыі, у краінах Еўропы ўжывалася поруч з інш. сістэмамі да 19 ст. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15—17 ст. разам з пазначэннем гадоў «ад нараджэння Хрыста».
т. 7, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗНАЧЭ́ЙСТВА,
у шэрагу краін дзярж. фін. орган, што складае праект дзярж. бюджэту, забяспечвае яго выкананне, рэгулюе дзярж. доўг, праводзіць эмісію (выпуск) дзярж. каштоўных папер. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, функцыянавалі губернскія і павятовыя К.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́ СХОД,
распарадчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзены ў 1797 для дзярж. сялян. У сувязі са скасаваннем валасцей на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. валасныя сходы тут не склікаліся. Пасля сялянскай рэформы 1861 уведзены ў еўрап. частцы імперыі для б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. адноўлены для б. дзярж. сялян.
Складаўся са службовых асоб і сялян, выбраных на сельскіх сходах па 1 ад 10 двароў; у зах. губернях удзельнічалі і парабкі. Вырашаў адм.-гасп. справы воласці, выбіраў службовых асоб, валасное праўленне, у пач. 20 ст. — упаўнаважаных сялян на выбарах у Дзярж. думу і інш. 3.6.1917 скасаваны Часовым урадам у сувязі са стварэннем валасных земстваў.
т. 3, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ АКРАПАЛІ́Т (Georgios Akropolitēs; 1217, г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — пасля 1282),
візантыйскі дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. З 1246 узначальваў адм. кіраванне Нікейскай імперыі. У 1240—50-я г. ў якасці дарадчыка і намесніка імператара ўдзельнічаў у войнах супраць Балгарыі і Эмірскага царства. Пасля 1261 на пасадах пры канстанцінопальскім двары. На 2-м Ліёнскім саборы 1274 па даручэнні імператара Міхаіла VIII Палеалога падпісаў унію паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі (не была ажыццёўлена). Аўтар «Хронікі» (ахоплівае падзеі знешнепаліт. і дыпламат. гісторыі Нікейскай імперыі ў 1203—61), шматлікіх прамоў, пахвальных слоў, лістоў, вершаў, рытарычных і тэалаг. твораў.
Літ.:
Жаворонков П.И. Некоторые аспекты мировоззрения Георгия Акрополита // Византийский временник. 1986. Т. 47;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кага́л
(ст.-яўр. kahal = сход)
1) яўрэйская абшчына ў старажытнай Польшчы, Вялікім княстве Літоўскім, а таксама ў Расійскай імперыі ў 1772—1844 гг.;
2) перан. шумны бязладны натоўп, зборышча.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)