АСІПО́ЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1879—81 ва ўрочышчы Асіпоўка Рагачоўскага пав. У 1879 выпушчана 2550, у 1880 — 2500 скрынак аконнага шкла. Працавала больш за 50 рабочых.

т. 2, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вітра́ж

(фр. vitrage, ад лац. vitrum = шкло)

малюнак або ўзор з каляровага шкла ў вокнах, дзвярах.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БЕЗБАРО́ДАЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (14.11.1898, С.-Пецярбург — 15.6.1983),

бел. вучоны ў галіне фіз. хіміі і тэхналогіі шкла і сілікатаў. Акад. АН Беларусі (1950, чл.-кар. з 1947). Д-р тэхн. н. (1938), праф. (1934) Скончыў Петраградскі тэхнал. ін-т (1923). У 1935—61 у БПІ, адначасова ў 1950—60 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе неарган. шкла, інтэнсіфікацыі працэсаў шклоўтварэння, вывучэнні залежнасці ўласцівасцяў шклопадобных сістэм ад іх хім. саставу і будовы. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Самопроизвольная кристаллизация силикатных стекол. Мн., 1981;

Стеклокристаллические материалы: (Синтез, составы, строение, свойства). Мн., 1982.

М.А.Безбародаў.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНЕ́ННЕ,

тэхніка апрацоўкі паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў, каляровага і бясколернага шкла, хрусталю для ювелірных і тэхн. мэт, хрустальнага посуду (гл. Гранільная справа).

На Беларусі граненне шкла і хрусталю вядома з 18 ст. на мануфактурах ва Урэччы (Любанскі р-н) і Налібаках (Стаўбцоўскі р-н), у Крычаве, Ушаках (Чэрыкаўскі р-н), Ільі (Вілейскі р-н), Гродне і інш. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі розныя віды гранення: «у брыльянт», «зоркі», «ромбы», «сценкі» і інш. Граненнем карысталіся пры апрацоўцы люстэркаў, пры вырабе асвятляльнай арматуры з хрусталю. Цяпер на з-дах найб. папулярнае граненне — «алмазнае» і «шырокая грань».

М.​М.​Яніцкая.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шы́ба, ‑ы, ж.

Кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму. Мароз яшчэ не паспеў замураваць шыбы акон. Сачанка. Хаты — трывалыя, з тоўстых бярвенняў, але чамусьці з маленькімі, у чатыры шыбы, вокнамі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкло, -а, н.

1. Празрысты матэрыял, які атрымліваецца шляхам плаўлення кварцавага пяску.

2. таксама зб. Тонкі ліст ці іншай формы выраб з гэтага матэрыялу.

Аконнае ш.

Лямпавае ш.

Выстаўка шкла (зб.).

|| памянш. шке́льца, -а (да 2 знач.) і шкле́чка, -а, н. (да 2 знач.; разм.).

|| прым. шкляны́, -а́я, -о́е.

Шкляная маса.

Ш. посуд.

Шкляныя дзверы.

Ш. завод.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дзын-дзы́н і дзінь-дзінь, выкл.

Ужываецца для перадачы гукаў званка, шкла, трамвая і пад. Мчацца коні. Дзын-дзын-дзын! Колас. Ілонка пастукала мацней.. «Дзінь-дзінь», — бразгала шыба пад яе пальцамі. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шклі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Спец. Які складаецца са шкла, які ўтрымлівае шкло (пра горныя пароды). Шклісты базальт.

2. Падобны на шкло бляскам, празрыстасцю і пад. Ямкі-лужыны ўночы зацягнула шклістым лёдам. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́церка, па́царкі, па́церкі, пацёркі, пацюркі́, па́тэркі, малар. пацёры ’каралі з бурштыну ці шкла’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Гарэц., Яруш., Дзмітр., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; слонім., кобр., гродз., Шн. 3), бяроз. патёркі ’сукаратка’ (Шатал.), пацюрова́ти ’маліцца па-яўрэйску’ (Бес.). Да па́цер (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЗАСКО́ЛАЧНАЕ ШКЛО,

ліставое шкло, якое пры ўдары ці засяроджаным ціску не дае вострых асколкаў. Атрымліваюць загартоўваннем або склейваннем лістоў сілікатнага (сілікатнага і арган.) шкла арган. рэчывам. Выкарыстоўваюць пераважна для шклення трансп. сродкаў.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)