ДЭГЕ́ЙТЭР, Дэжэйтэр (Degeyter) П’ер (8.10.1848, г. Гент, Бельгія — 27.9.1932), французскі кампазітар. Рабочы, удзельнік рэв. руху. Захапляўся музыкай, спяваў у хоры, кіраваў хар. гурткамі. Аўтар музыкі міжнар. пралетарскага гімна «Інтэрнацыянал» на вершы Э.​Пацье (1888; напісаны для пеўчага т-ва «Рабочая ліра» ў г. Ліль), а таксама рэв. песень «Камунар» (словы Пацье), «Наперад, рабочы клас», «Серп і молат» (словы Д.) і інш.

т. 6, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛА́МБР ((Delambre) Жан Батыст Жазеф) (19.9.1749, г. Ам’ен, Францыя — 19.8.1822),

французскі астраном, геадэзіст і метролаг. Чл. Франц. (1791) і Пецярбургскай (1810) АН. У 1792—97 прымаў удзел у градусных вымярэннях дугі мерыдыяна ад г. Дзюнкерк (Францыя) да г. Барселона (Іспанія), што стала падставай для ўвядзення метрычнай сістэмы мер. Вылічыў табліцы бачных рухаў Сонца, вял. планет і спадарожнікаў Юпітэра. Аўтар працы па гісторыі астраноміі.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛО́Н ((Delon) Ален) (н. 8.11.1935, Парыж),

французскі кінаакцёр, рэжысёр, прадзюсер. У кіно з 1957. У фільмах «Рока і яго браты», «Зацьменне», «Леапард», «Самурай», «Забойства Троцкага», «Месье Кляйн» раскрывае дваістасць чалавечай натуры сваіх герояў, канфлікт паміж матэрыяльным і духоўным. Знешні выгляд, пластычнасць, дынамізм зрабілі Д. папулярным у ролях розных амплуа. Паставіў фільм «За скуру паліцэйскага» (1981), «Неўтаймаваны» (1983). З 1968 выступае і як прадзюсер.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’АРБІНЬІ́ ((D’Orbigny) Альсід Дэсалін) (6.9.1802, г. Куэрон, Францыя — 30.6.1857),

французскі палеантолаг, вучань Ж.Кюўе. У 1826—33 падарожнічаў па Паўд. Амерыцы 3 1853 праф. палеанталогіі Музея прыродазнаўчай гісторыі ў Парыжы. Апісаў больш за 100 тыс. выкапнёвых рэшткаў (малюскаў, ігласкурых і інш.). Развіваў катастроф тэорыю і сцвярджаў, што распаўсюджанне тых самых ці блізкіх формаў арганізмаў у розных па ўзросце геал. ярусах немагчыма. Прытрымліваўся ідэй крэацыянізму.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШЭЛЕ́Т ((Dēchelette) Жазеф) (8.1.1862, г. Руан, Францыя — 4.10.1914),

французскі археолаг. Вывучаў сярэдневяковы жывапіс, гала-рымскую рэльефную чырваналакавую кераміку. У 1897—1901 кіраваў раскопкамі гарадзішча Мон-Бёўрэ (гл. Бібракта). Аўтар шматтомнай працы «Кіраўніцтва па археалогіі першабытнай, кельцкай і гала-рымскай» (т. 1—6, 1908—34), складзенай у асн. на франц. матэрыяле, якая дае класіфікацыю і храналогію шырокага кола археал. помнікаў Зах. Еўропы.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ ((Collot) Мары Ан) (1748, Парыж — 23.2.1821),

французскі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. З 1764 вучылася ў Э.М.Фальканэ, у 1766—78 працавала разам з ім у Расіі. З 1767 чл. Пецярбургскай АМ. Аўтар шматлікіх партрэтных бюстаў, якія вылучаюцца жывасцю характарыстык (Вальтэра, каля 1770; Д.​Дзідро, 1772; Фальканэ, 1773, і інш.). Каля 1773 вылепіла мадэль галавы Пятра I для помніка яму работы Фальканэ ў Пецярбургу.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТО́Н ((Martonne) Эмануэль дэ) (1.4.1873, г. Шабры, Францыя — 25.7. 1955),

французскі географ, прадстаўнік франц. школы «геаграфіі чалавека». Чл. Парыжскай АН (1942). Праф. Сарбоны (1909). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1938 прэзідэнт Міжнар. геагр. саюза (з 1952 ганаровы прэзідэнт). Навук. працы па пытаннях геаграфіі чалавека, агульнай і рэгіянальнай фіз. геаграфіі, краіназнаўстве і інш. Распрацаваў адну з класіфікацый кліматаў Зямлі.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРО́ ((Perrault) Клод) (каля 1613, Парыж — 8.10.1688),

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры. Брат Ш.Перо. Па адукацыі ўрач, займаўся матэматыкай, фізікай, тэхнікай, археалогіяй, выконваў кардоны для габеленаў. Найб. вядомыя арх. работы П. ў Луўры (фасады парадны ўсходні з каланадай, 1667—74, і паўднёвы), якія з’яўляюцца вяршыняй ранняга франц. класіцызму. Адзін з заснавальнікаў Каралеўскай акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1671). У 1673 пераклаў арх. трактат Вітрувія.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр. Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],

французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».

Літ.:

Клод К. Бурвиль: Пер. с фр. М., 1973.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЭ́Н ((Bodin) Жан) (1530, г. Анжэ, Францыя — 1596),

французскі мысліцель, сацыёлаг, прававед. Вывучаў права ў Тулузе. У працы «Метад лёгкага вывучэння гісторыі» (1566) разглядаў грамадства як суму кроўна-гасп. саюзаў. У творы «Шэсць кніг пра рэспубліку» (1576), адмаўляючы боскае паходжанне ўлады, абгрунтоўваў ідэю спадчыннай манархіі. Прычынай паліт. пераваротаў лічыў маёмасную няроўнасць. У кн. «Дыялог сямі чалавек» (1593) абараняў дэістычную ідэю прыроднага паходжання рэлігіі.

Ж.Бадэн.

т. 2, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)