помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал.фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІ́МНІ ПАЛА́Цу Санкт-Пецярбургу,
помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.В.Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.П.Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.П.Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.
Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.Растрэлі. 1754—62.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДА, Ламбардзі (Lombardo, Lombardi) П’етра (каля 1435, Карана, Швейцарыя — чэрвень 1515), італьянскі архітэктар, вядучы дойлід і скульптар эпохі Ранняга Адраджэння ў Венецыі. Яго пабудовы адметныя святочнай лёгкасцю, жывапіснай вытанчанасцю ордэрных фасадаў, выкарыстаннем каляровых мармураў і пышнага скульпт. дэкору: царква Санта-Марыя дэі Міраколі (1481—89), Палацца Вендрамін-Калерджы (1504—09), Палац дожаў (у 1489—1511 кіраваў яго буд-вам, аўтар фасада, Лесвіцы гігантаў, з А.Рыца, дэкарацый для інтэр’ераў). Спакойнай гармоніяй вылучаюцца надмагіллі дожаў (Мачэніга ў царкве Санці-Джавані э Паала, 1476—81). Большасць скульпт. твораў, дэкар. рэльефы выканаў з сынамі Туліо (каля 1455, Венецыя — 17.11.1532) і Антоніо (каля 1458, Венецыя — каля 1516).
П.Ламбарда, А.Рыца. Фасад Палаца дожаў і Лесвіцы гігантаў у Венецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 18 ст., ў цэнтры вёскі часткова перабудавана ў 19 ст. Прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка са зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтр. неф вышэйшы за бакавыя, завершаны 2-схільным дахам. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваны брусамі-лапаткамі, аконныя праёмы прамавугольныя і паўцыркульныя (у цэнтр. нефе). Спачатку гал. неф фланкіравалі 2 вежы абапал трохвугольнага франтона. Пры перабудове вежы разабраны, фасад аформлены 8-калонным порцікам (пазней калоны схаваны шалёўкай тамбура). У інтэр’еры 3-ярусны разны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ, дом Пятра I,
помнік архітэктуры з элементамі стылю барока ў г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1692 у цэнтры горада як жылы (на мяжы 18—19 ст. перабудаваны). Мураваны 1-павярховы (з паўпадвальным паверхам) будынак мае ў плане форму няправільнага прамавугольніка. Плоскасці сцен прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі і фігурнымі сандрыкамі, цэнтр.ч.гал. фасада — 2 прафіляванымі філёнгамі. Тарцовы фасад завершаны фігурным атыкам з ляпнымі разеткамі (перароблены ў 19 ст.). Парадныя ўваходныя дзверы дэкарыраваны расл. арнаментам і маскаронамі (разьба па дрэве). У доме ў 1705 жыў Пётр I. Перад будынкам пастаўлены помнік Л.Талстому. П.ж.д. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ СЯДЗІ́БЫ ВАНЬКО́ВІЧАЎ,
помнікі сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў Мінску. Звязаны з жыццём і творчасцю бел. мастака В.Ваньковіча. Гарадская сядзіба пабудавана на мяжы 18—19 ст. у гіст. цэнтры Мінска (сучасная вул. Інтэрнацыянальная). Яе комплекс уключаў жылы дом у стылі класіцызму, 2 флігелі, гасп. пабудовы, фруктовы сад. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак (з атынкаванымі сценамі, у пач. 19 ст. частка паўн.-зах. сцяны была мураваная) на каменным падмурку, накрыты высокім вальмавым дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал.паўд.-ўсх.фасад вылучаў 8-калонны порцік з цэнтр. уваходам, завершаны трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном. Аналагічны порцік на паўн.-зах. фасадзе. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў абрамленні простых ліштваў і лапатак. У інтэр’еры захаваліся кафляныя печы. Дом і флігелі ўтваралі двор-курданёр. Паўд.-зах. флігель мураваны, 2-павярховы, прамавугольны ў плане, паўн.-ўсх. (не захаваўся) — 2-павярховы (1-ы паверх мураваны, 2-і драўляны), прамавугольны ў плане, накрыты вальмавым дахам. У цэнтры яго паўн.-ўсх. фасада быў 5-гранны эркер з вежападобным завяршэннем. Захавалася шырокая праезная брама. Комплекс адноўлены. З 2000 музей «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» — філіял Нац.маст. музея Беларусі. Сельская сядзіба пабудавана ў прыгарадзе Мінска Вял. Сляпянка (цяпер у межах Мінска, вул. Парніковая). Комплекс уключаў мураваны сядзібны дом, бакавыя флігелі (не захаваліся) і парк, перапланаваны ў 1896 садаводам В.Кроненбергам (захавалася частка геам. сеткі алей). 2-павярховы Т-падобны ў плане дом з высокім цокалем. Тарцовыя сцены аформлены трохвугольнымі франтонамі. Гал.фасад вылучаны ў цэнтры шырокім рызалітам. У дэкар. аздабленні дома выкарыстаны пілястры, прафіляваныя карнізы і інш.
У.М.Дзянісаў, А.М.Кулагін.
Да арт.Мінскія сядзібы Ваньковічаў. Гарадская сядзіба. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на. Размешчаны ў б. маёнтку Валовічаў (у пач. 20 ст. належаў Ю.Гурскаму). Пабудаваны паводле праекта італьян.арх. Дж.Сака для гродзенскага маршалка Ю.Валовіча і яго сына Антонія. Уключаў палац, капліцу. гасп. пабудовы, парк. Фарміраваўся ў 2 этапы: у 1779 — буд-ва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, у пач. 19 ст. — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. Рэканструяваны ў 1930-я г. (арх. А.Сасноўскі). Цэнтр. корпус палаца — 2-павярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Гал.фасад расчлянёны 3 рызалітамі (цэнтральны — 4-калонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі). Дваровы фасад з 5-гранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаны дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.
Інтэр’еры аздоблены размалёўкамі (маст. Т.Манькоўскі, Ф.Смуглевіч; не захаваліся), мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, люстры, вазоны, мэбля і інш.) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сака. Флігелі пастаўлены перпендыкулярна да асн. корпуса, накрыты вальмавымі дахамі, аздоблены руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асн. корпусам злучаны паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Насупраць палаца ў 19 ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудавана капліца. Парк пейзажнага тыпу (пл. 12 га) закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на 2 пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. У 1985 парк адноўлены паводле спец. праекта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
франта́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Накіраваны ў бок фронту; лабавы. Франтальны ўдар. Франтальны агонь.// Які ажыццяўляецца па ўсяму фронту (у 2 знач.); агульны. Франтальнае наступленне.
2. Які знаходзіцца ў пярэдняй частцы чаго‑н. Франтальная сцяна.// У выяўленчым мастацтве — звернуты тварам да гледача. Франтальная пастава фігуры.// У архітэктуры — сіметрычна размешчаны (пра фасад).
3.Спец. Размешчаны пярэднім бокам паралельна чаму‑н. Франтальная турбінная камера.
4. У метэаралогіі — звязаны з фронтам (у 6 знач.). Франтальная воблачнасць.
5.перан. Які распаўсюджваецца на ўсіх, адбываецца адначасова; агульны. Франтальная праверка дамашняга задання. □ Асноўны метадычны прынцып на ўроку, як і раней, франтальная работа з класам.Барсток.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзін з буйнейшых музеяў свету. Засн. ў 1753, адкрыты ў 1759 (будынак узведзены ў 1823—47 у стылі класіцызму, арх. Р. і С.Смёрк). У ім зберагаюцца помнікі першабытнага мастацтва (гал. чынам Брытанскіх а-воў), мастацтва і культуры Стараж. Егіпта, Месапатаміі (у т. л. Разецкі камень, старажытнасці г. Ур), Грэцыі і Рыма (скульптуры з Парфенона і Галікарнаскага маўзалея, збор ваз, камеяў і інш.), краін і народаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі, багатыя зборы гравюр, малюнкаў, манет і медалёў. У бібліятэцы Брытанская музея больш за 7 млн. кніг, каля 105 тыс. рукапісаў, у т. л.стараж.-егіпецкія папірусы, бел. выданні Ф.Скарыны [«Кнігі царстваў» (Прага, 1518), «Псалтыр», «Апостал» (Вільня, 1525)] і «Манархія турэцкая» П.Рыка (Слуцк, 1678).
Брытанскі музей у Лондане. Галоўны фасад. Архітэктары Р. і С. Смёрк.