МУХА́МЕД АЛІ́, Мехмет Алі(1769, Кавала, Грэцыя — 2.8.1849), правіцель Егіпта [1805—48], фактычны стваральнік сучаснай егіп. дзяржавы. Напачатку вядомы як гандляр тытунём, потым на тур. ваен. службе. У 1799—1801 адзін з камандзіраў тур. войска ў франка-тур. вайне ў Егіпце (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1805, знішчыўшы б.ч. егіпецкіх мамлюкаў, захапіў уладу ў Егіпце. Заваяваў Зах. Аравію (1811—18), Усх. Судан (1820—22). У 1824—28 удзельнічаў у барацьбе супраць Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвясціў усю зямлю ў краіне дзярж. маёмасцю. Ліквідаваў старую землеўладальніцкую арыстакратыю, стварыў новую са сваіх паплечнікаў. Для пераймання еўрап. вопыту накіраваў у Еўропу некалькі дэлегацый. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. сістэмы кіравання краінай: стварыў кабінет міністраў, падзяліў Егіпет на правінцыі (мудзірыі). Стварыў рэгулярнае войска на аснове ўсеаг. ваен. абавязку. Застаючыся фармальна васалам Асманскай імперыі, вёў з ёй 2 вайны (1831—33, 1838—41). Заваяваў Палесціну, Сірыю, Ліван, Кілікію, але пад націскам вял. еўрап. дзяржаў быў вымушаны ў ліст. 1840 капітуляваць, захаваўшы пад сваёй уладай толькі Егіпет і Усх. Судан. У 1848 перадаў прастол свайму сыну.

Мухамед Алі.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бык¹, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Самец буйной рагатай жывёлы, дзікай і свойскай.

Бой быкоў.

Племянны б.

2. звычайна мн. Падсямейства буйных жвачных млекакормячых (тур, бізон, зубр і пад.).

Браць быка за рогі (разм.) — пачынаць дзейнічаць энергічна, з галоўнага.

|| памянш. бычо́к, -чка́, мн. -чкі́, -чко́ў, м. Быць бычку на вяровачцы (прыказка).

|| прым. бычы́ны, -ая, -ае і быча́чы, -ая, -ае.

Нораў бычачы, а розум цялячы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

літарату́ра, -ы, мн. -ы, -ту́р, ж.

1. Сукупнасць мастацкіх твораў пісьменнасці, якія маюць грамадскае і пазнавальнае значэнне.

Навуковая л.

Мемуарная л.

2. Від мастацтва, характэрнай рысай якога з’яўляецца стварэнне мастацкіх вобразаў пры дапамозе слова.

Беларуская мастацкая л.

3. Сукупнасць твораў якой-н. галіны ведаў, па якім-н. спецыяльным пытанні.

Палітычная л.

Тэхнічная л.

|| прым. літарату́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Літаратурныя помнікі.

Літаратурныя колы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бекме́с

(тур. bäkmäz)

канцэнтраваны вінаградны сок.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ясы́р

(тур. esir)

гіст. нявольнік, палонны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЕЎПАТО́РЫЯ,

горад на Украіне, у Рэспубліцы Крым, на беразе мелкаводнага заліва Чорнага м. 110,5 тыс. ж. (1991). Порт, чыг. станцыя. З-ды: рамонтна-мех., вінаробны, малочны, рыбны. Краязнаўчы музей, тэатр. Арх. помнікі: мячэць Джума-Джамі (1552), тур. лазня (16 ст.), 2 караімскія храмы (18 ст.).

У 6—5 ст. да н.э. на месцы сучаснай Е. грэкі заснавалі калонію Керкінітыда (згадваецца ў Герадота). У 3 ст. да н.э. належала Херсанесу Таўрычаскаму. У 2 ст. да н.э. на месцы б. калоніі размяшчаўся рым, ваен. лагер, названы Е. ў гонар Мітрыдата VI Еўпатара. У 4 ст. н.э. горад заняпаў. У 15 ст. рэзідэнцыя крымскіх ханаў, у 16—17 ст. на месцы Е. тур. крэпасць і горад Гезлёў, адзін з пунктаў гандлю рабамі ў Крыме. З 1783 у складзе Расіі, у 1784 перайменавана ў Е. У час рус.-тур. вайны 1853—54 захоплена па чарзе франц., англ. і тур. войскамі. Месца ваен. дзеянняў у час грамадз. вайны (1918—22). У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (1941—44).

Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Развіваецца з канца 19 ст., у сав. час ператварыўся ў дзіцячы курорт. Субтрапічны клімат, пляжы, працяглы купальны сезон і інш. фактары спрыяюць эфектыўнаму аздараўленню і лячэнню дзяцей, хворых на рэўматызм, з парушэннямі функцый органаў дыхання (нетуберкулёзнага паходжання), руху і апоры (у т. л. касцёва-сустаўнага туберкулёзу, скаліёзу), нырак, нерв. сістэмы (інфекц. этыялогіі) і інш. У лячэнні выкарыстоўваюць аэра-, гелія- і таласатэрапію, азёрныя і ліманныя гразі, рапу, мінер. і тэрмальныя воды. Дзесяткі санаторыяў, пансіянатаў і баз адпачынку, у т. л. для дарослых.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАША́ (тур.),

тытул вышэйшых грамадз. і ваен. саноўнікаў у Асманскай імперыі. Пасля рэформ танзімату (сярэдзіна 19 ст.) — ганаровы тытул генералаў і міністраў. Скасаваны ў 1934. Захоўваўся некаторы час у Егіпце (да 1952) і Іраку (да 1958).

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1804—13,

нацыянальна-вызваленчае і антыфеад. паўстанне сербаў пад кіраўніцтвам Карагеоргія супраць тур. прыгнёту. У час паўстання фактычна адноўлена сербская нац. дзяржаўнасць. Задушана туркамі. Больш падрабязна гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІДХА́Т-ПАША́ ((Midhat Paşa) Ахмет) (18.10.1822, Стамбул — 10.4.1883, па інш. звестках 7 альбо 8.5.1884),

турэцкі дзярж. дзеяч. Ген.-губернатар Дунайскага (1864—68) і Багдадскага (1869—72) вілаетаў, праводзіў рэформы з мэтай пераадолення эканам., паліт. і культ. адсталасці Асманскай імперыі пры захаванні тур. панавання над падняволенымі народамі. Вял. візір у 1872 і 1876—77. У маі 1876 удзельнічаў у звяржэнні султана Абдул-Азіза. Супрацоўнічаў з «Новымі асманамі», распрацаваў сумесна з Намык Кемалем першую тур. канстытуцыю (прынята 23.12.1876). У лют. 1877 адхілены султанам Абдул-Хамідам II ад пасады і высланы ў Еўропу. У 1878 вярнуўся, у 1881 арыштаваны па абвінавачанні ў забойстве Абдул-Азіза і сасланы ў Таіф (Аравія), дзе быў забіты.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДЗІ,

сяло на р. Ражая (60 км на Пд ад Масквы), каля якога ў 1572 рус. войскі разграмілі тат.-тур. войска. Выкарыстаўшы сітуацыю, калі асн. сілы рас. арміі былі заняты ў Лівонскай вайне 1558—83, Крымскае ханства і Турцыя арганізавалі паход на Маскву. 120-тысячнае войска татар і туркаў на чале з крымскім ханам Даўлет-Гірэем I 26 ліп. пераправілася цераз р. Ака непадалёку ад упадзення ў яе р. Лапасня. Рус. войска мела ўсяго каля 60 тыс. чал., але было добра падрыхтавана. Яго кіраўнік М.​І.​Варатынскі ўмела выкарыстоўваў мясцовасць, манеўраваў і ў шэрагу асобных баёў разбіў праціўніка, а 3 жн. нечаканым ударам свайго рэзерву ў тыл. тат.-тур. арміі канчаткова разграміў яе.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)