САМАНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

жалезабетонныя канструкцыі, у якіх узнікае напружаны стан у працэсе цвярдзення бетону, прыгатаванага з т.зв. напружвальных (расшыральных) цэментаў; разнавіднасць папярэдненапружаных канструкцый.

Пры цвярдзенні спецыяльна прыгатаванага бетону адбываецца яго аб’ёмнае расшырэнне, напружваецца ўся арматура, жалезабетон самаўшчыльняецца і набывае значную трываласць (на 25—30% большую, чым пры цвярдзенні без арматуры), вільгаце- і газанепранікальнасць. Пры вырабе С.к. на з-дах іх падвяргаюць цеплавільготнаснай апрацоўцы. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве напорных труб, рэзервуараў, элементаў дарожных і аэрадромных пакрыццяў, тунэляў, гідратэхн. збудаванняў.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУФ ВУЛКАНІ́ЧНЫ,

вулканічная горная парода, утвораная ў выніку цэментацыі цвёрдых прадуктаў вывяржэння вулкана. Адрозніваецца паводле складу (базальтавы, андэзітавы, ліпарытавы і інш.), паводле характару і памеру абломкаў (літакластычны, крышталекластычны, вітракластычны і мяшанага складу; груба-, буйна-, сярэдне- і тонкаабломкавыя). Колер жоўты, аранжавы, ружова-фіялетавы, чырв., карычневы, шэры і чорны. Шчыльн. 1,22—2,25 г/см³, трываласць 140—820 кг/см². Высокія дэкаратыўныя якасці. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і сценавы матэрыял, напаўняльнік лёгкіх бетонаў і інш. Радовішчы ў Арменіі, Італіі, Ісландыі і інш.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРАНХІ́МА (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + enchyma налітае, тут тканка),

механічная тканка раслін, якая складаецца з таўстасценных клетак 2 тыпаў — валокны і камяністыя клеткі (склераіды). Валокны — моцна выцягнутыя празенхімныя клеткі даўж. ад некалькіх дзесятых міліметра да 4 см (рамі) з завужанымі канцамі, слаістымі порыстымі сценкамі і поравымі каналамі. Забяспечваюць трываласць органаў раслін на расцяжэнне, сцісканне, выгін. У многіх раслін валокны складаюць мех. абкладку праводных пучкоў. Неадраўнелыя валокны С. з цэлюлознымі сценкамі (напр., у джута, канапель, лёну) — сыравіна для тэкст. прам-сці.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТО́Н (франц. béton ад лац. bitumen горная смала),

штучны буд. матэрыял, які атрымліваецца пасля фармавання і цвярдзення сумесі вяжучага рэчыва (з вадой ці без яе), напаўняльнікаў і (пры неабходнасці) спец. дабавак. Вяжучае — звычайна цэмент, запаўняльнікі — пясок, жвір, пемза, туф, ракушачнік ці керамзіт, аглапарыт. Бетонная сумесь набывае трываласць пры дадатных т-рах у прыродных умовах каля месяца, пасля тэрмаапрацоўкі — за 8—10 гадз (пры адмоўных т-рах робяць пара- і электрапрагрэў).

Бетоны бываюць на неарганічных (цэментны і сілікатны бетоны, гіпсабетон і інш.) і арганічных (асфальтабетон, палімербетон) вяжучых. У залежнасці ад аб’ёмнай шчыльнасці (у кг/м³) бетоны падзяляюць на асабліва цяжкі (больш за 2500), цяжкі (ад 1800 да 2500), лёгкі (ад 500 да 1800), асабліва лёгкі (менш за 500). Па прызначэнні адрозніваюць бетоны канструкцыйныя, канструкцыйна-цеплаізаляцыйныя, цеплаізаляцыйныя і спецыяльныя (гарачаўстойлівыя, кіслотатрывалыя, дарожныя і да т.п.). Асноўная ўласцівасць бетону — трываласць, якая характарызуецца яго маркай (бывае ад 50 да 800). Бетоны ідуць на бетонныя вырабы і канструкцыі, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, збудаванні.

На Беларусі распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць тэхналогіі прыгатавання лёгкага аглапарытабетону (гарачаўстойлівы), аглапарытасілікатабетону (канструкцыйны і цеплаізаляцыйны матэрыял), палімерцэментнага бетону (мае павышаную дэфармавальнасць, зносаўстойлівасць, устойлівы да хім. агрэсіўных асяроддзяў), палімербетонаў (каразійна-, зноса- і марозаўстойлівы), буйнапорыстага бетону (цеплаізаляцыйны і фільтравальны матэрыял), цэнтрыфугаванага бетону (ідзе на выраб танкасценных трубаў, калон, паляў і інш.) і ячэістага бетону (мае нізкую вільгацепаглынальнасць, не патрабуе параізаляцыйнага слоя).

т. 3, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТРУ́ВІЙ (Vitruvius),

рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваенне ант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).

Вітрувій. Машыны для падняцця грузаў. Іл. да кнігі «Дзесяць кніг пра архітэктуру». Парыж. 1684.

т. 4, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕ́НАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

разнавіднасць будаўнічых матэрыялаў, з якіх узводзяць сцены будынкаў (збудаванняў).

Адрозніваюць С.м.: неарганічныя (гліняная і сілікатная цэгла, камяні керамічныя, з лёгкага бетону і прыродныя пілаваныя, блокі і панэлі з сілікатнага і цэментнага бетону, шклаблокі і шклопрафіліт, панэлі з азбестацэменту, анадзіраванага алюмінію, металапластаў і інш. ліставых матэрыялаў з уцяпляльнікамі), арганічныя (драўняныя — бярвёны, брусы, шчыты, а таксама пліты на аснове чароту, саломы, торфу), С.м. на аснове мінер. вяжучых рэчываў і арган. запаўняльнікаў (арбаліт, фібраліт). Маюць дастатковую трываласць, вогнеўстойлівасць, нізкую цепла- і гукаправоднасць. Гл. таксама Каменныя матэрыялы і канструкцыі.

т. 15, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гель

(фр. gel, ад лац. gelare = застываць)

студзяністае рэчыва (напр. жэлацінавы студзень, сталярны клей, некаторыя касметычныя сродкі), здольнае пры высушванні захоўваць трываласць, пластычнасць, пругкасць.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

гартава́ць

(польск. hartować, ад ням. harten)

1) надаваць цвёрдасць, трываласць металу шляхам моцнага награвання í раптоўнага ахаладжэння;

2) перан. выхоўваць стойкасць, вынослівасць, здольнасць пераносіць цяжкасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электро́н

(гр. elektron = янтар)

1) элементарная часціца атама з адмоўным зарадам;

2) сплаў алюмінію з магніем, які мае вялікую трываласць і пластычнасць; выкарыстоўваецца ў авіябудаванні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАФРЫРАВА́ННЕ (ад франц. gaufrer прасаваць складкі, выціскаць узор),

наданне ліставым метал. і неметал. матэрыялам складкаватай хвалепадобнай формы; разнавіднасць гібкі. Павышае жорсткасць і трываласць матэрыялаў пры рабоце на выгін і змінанне. Робіцца на выгінальных прэсах або прафілёвачных станах.

Гафрыраваныя ліставая сталь, азбестацэментавыя вырабы ідуць на дахавыя матэрыялы, буд. канструкцыі; кардон — на гука- і тэрмаізаляцыю, выраб тары; дуралюмінавыя лісты выкарыстоўваюцца ў самалётабудаванні. Гафрыруюць таксама тканіны. Пры ручным спосабе гафрыравання тканіну закладваюць у папяровую форму (гафрэ), запарваюць і сушаць; пры прамысл. спосабе апрацоўваюць хім. рэагентамі, закладваюць у шаблоны, прапарваюць у аўтаклавах, потым высушваюць і ахалоджваюць.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)