НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,
лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.
Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар.эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).
У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».
Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА БРАЧЫСЛА́ВАВІЧ,
ізяслаўскі (заслаўскі), магчыма і стрэжаўскі князь 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі разам з чарнігаўскімі князямі Яраславам Усеваладавічам і Ігарам Святаславічам, а таксама з віцебскім кн. Брачыславам Васількавічам, полацкім кн. Усяславам Васількавічам і лагожскім (лагойскім) кн. Усяславам Мікулічам, атрадам Літвы і ліваў удзельнічаў у вял. паходзе на Друцк, які знаходзіўся ў сферы ўплыву смаленскіх князёў, што варагавалі з паўд.-рускімі князямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСФАЛЬТАВА́ННЕ,
размеркаванне на цвёрдай трывалай аснове асфальту і асфальтабетону. Асн.сферы прымянення — буд-ва дарог, аэрадромаў, гідраізаляцыйныя работы і інш. Робіцца асфальтабетонаўкладчыкам у 1—2 (3—4) слоі таўшчынёй ад 3—4 да 7—9 см. Асфальтабетонная сумесь утрамбоўваецца лёгкімі, потым цяжкімі каткамі. На Беларусі асфальтаванне вуліц пачалося ў 2-й пал. 19 ст. літым асфальтабетонам. На пач. 1995 працягласць заасфальтаваных дарог складала 77 тыс.км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),
сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферыдзярж. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ РАСХО́ДЫ,
расходы дзяржавы, звязаныя з ажыццяўленнем яе функцый. Выкарыстоўваюцца як сродак рэгулявання эканомікі і пераразмеркавання нац. даходу. За кошт дзяржавы ажыццяўляюцца буйныя ўкладанні ў развіццё нар. гаспадаркі, фінансаванне праграм сац.-эканам. развіцця, сац. абароны насельніцтва, прыярытэтных кірункаў інвестыцыйнай дзейнасці, знешнеэканам. дзейнасці і інш. Паводле эканам. зместу і ролі ў стварэнні нац. даходу і сукупнага грамадскага прадукту Дз.р. падзяляюцца на расходы ў вытв.сферы, абумоўленыя пашырэннем вытв-сці і ўтварэннем дзярж. рэзерваў, і расходы ў невытв. сферы (сац.-культ. мерапрыемствы, кіраванне і абарона). Дз.р. групуюцца па галіновай і рэгіянальнай прыкметах, па мэтавым прызначэнні (капітальныя ўкладанні, павелічэнне абаротных сродкаў, аператыўныя расходы, заработная плата ў бюджэтных установах і інш.). Па крыніцах фінансавання Дз.р. падзяляюцца на цэнтралізаваныя (дзярж. бюджэт) і дэцэнтралізаваныя (расходы прадпрыемстваў і дзярж. арг-цый), па метадах фінансавання — на ўласныя, бюджэтныя і крэдытныя. У бюджэтных Дз.р. асн. аб’ём займаюць дзярж. датацыі (паліва-энергет. і аграпрамысл. комплексы, транспарт і інш.), дзярж. інвестыцыі (праграмы капітальнага буд-ва, сац. абароны, канверсіі, ліквідацыі вынікаў стыхійных бедстваў і катастроф і інш.). Гл. таксама Бюджэт дзяржаўны, Датацыя, Інвестыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЗНІ́,
кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер. воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІЛЯ́РНАЯ СФЕ́РА (ад лац. armilla бранзалет, кольца),
старадаўні астранамічны інструмент для вызначэння экватарыяльных або экліптычных каардынатаў нябесных свяціл. Вядомы з 3 ст. да н.э., выкарыстоўваўся да канца 16 ст. Складаецца з некалькіх метал. кольцаў з дзяленнямі, якія маюць дыёптры і могуць паварочвацца вакол свайго цэнтр. пункта. З’яўляецца мадэллю нябеснай сферы з яе найважнейшымі пунктамі і кругамі: полюсамі і воссю свету, мерыдыянам, гарызонтам, нябесным экватарам і экліптыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАР’ЕРЫ́ЗМ,
маральная якасць чалавека; імкненне да дзелавога і грамадскага поспеху, павышэння сац. статуса, дасягнення асабістага поспеху любымі сродкамі, калі не ўлічваюцца грамадскія інтарэсы. Узнікае на базе сац. і бюракратычнай іерархіі грамадства, што развіваецца ва ўмовах сац. няроўнасці. К. — адно з выяўленняў эгаізму ў сферы службовай дзейнасці; кар’ерысту ўласцівы беспрынцыповасць, прыстасавальніцтва да абставін, зменлівасць поглядаў у залежнасці ад сітуацыі, абыякавасць да лёсу людзей і інтарэсаў справы. Гл. таксама Кар’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАС-ВЕ́ГАС (Las Vegas),
горад на З ЗША, у штаце Невада. Горад з 1905. 258 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 500 тыс.ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Развіта індустрыя адпачынку і забаў агульнанац. значэння, у т. л. ігральныя дамы. Большая частка насельніцтва занята ў гандлі і сферы абслугоўвання. Прам-сць: хім., паліграф., шкляная, эл.-тэхн., харчовая. Каляровая металургія. Ун-т. Буйны цэнтр турызму. Кліматычны курорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КЛЕР (ням. Makler ад нідэрл. makelaar),
1) асоба, якая прафесійна займаецца пасрэдніцтвам у сферы куплі і продажу тавараў, каштоўных папер, страхавання і інш. 2) Біржавы пасрэднік (дылер, джобер), які купляе і прадае за свой кошт (у адрозненне ад брокера, які заключае здзелкі для кліентаў і за іх кошт). Біржавы М. — работнік, служачы біржы, які ўваходзіць у склад яе персаналу; вядзе таргі ў секцыях, фіксуе і рэгіструе згоду брокераў на заключэнне здзелкі.