зацягну́ць 1, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, даставіць куды‑н. Перад світаннем Грысь зацягнуў у кусты лодку, прыкрыў яе зялёным веццем, папаратнікам. Кулакоўскі. [Андрэй і Аўрам] воз зацягнулі ў гумно і пайшлі ў хату. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Гіганцкую жывёліну зацягнула пад кіль і смяртэльна параніла вінтом. Матрунёнак.

2. перан. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. На першым услоне сядзелі дзве бабулькі. Іх сілай зацягнуў старшыня сельсавета Міхаіл Сцяпанавіч Карэба і знарок пасадзіў наперадзе, на «самае ганаровае месца». Гаўрылкін. Гэты юнак аднаго разу зацягнуў Максіма на патаемны сход, які адбываўся ў хатцы на самым беразе ракі. Мікуліч.

3. Уцягнуць у сярэдзіну, унутр чаго‑н. — Адрэж кавалак дратвы, навашчы і зацягні ў іголку. Якімовіч. [Натка] зацягнула новыя шнуркі ў чаравікі. Васілевіч. // Уцягнуць, засмактаць куды‑н. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

4. Удыхнуць, уцягнуць у сябе (дым, паветра і пад.). Зірнулі хлопцы на Антося І сліну ўсе яны глынулі, Паветра носам, зацягнулі. Колас. // Разм. Закурыць. А пасля зацягнуў [стары] сваю вялізную люльку і прыхіліўся па канапе адпачыць. Кавалёў.

5. Накрыць тонкім слоем чаго‑н. Уночы быў невялікі замаразак, ён зацягнуў лужынкі тонкім ільдом. Хомчанка. Цюкнула дурнота дрэва сякераю, але яно загоіць сваю рану,.. зацягне маладою карой. Ермаловіч. / у безас. ужыв. [Дрэвы] засынала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Лынькоў. // Пакрыць чым‑н. нацягнутым. Жанчыны ў белых халатах страшэнна да ўсяго прыдзіраліся. Яны загадалі ў вокнах выняць форткі, а дзіркі зацягнуць марляй — для вентыляцыі. Нядзведскі. // безас. Загаіцца, зажывіцца (пра рану). // Завалачы (пра дым, туман і пад.). Усчаўся моцны вецер, неба зацягнулі хмары, і сыпануў дождж — золкі, халодны, і як у познюю восень. Савіцкі. / у безас. ужыв. Неба зацягнула нізкімі хмарамі, заходні вецер даносіў той няўлоўны своеасаблівы пах снегу, які адчуваецца ў адліжныя дні. Шамякін. Раку паступова зацягнула туманам. Місько.

6. Пацягнуць, расправіць (занавеску і пад.) так, каб закрыць, засланіць што‑н. [Алена] хуценька разабрала.. [бацькаву] пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі.

7. Туга завязаць, сцягнуць. Зацягнуць вузел. Зацягнуць пятлю. □ Калі скалане паветраная дарога, Над крэслам тужэй зацягні рамяні. Макаль.

8. Заняць чым‑н. часу больш, чым меркавалася; затрымаць заканчэнне чаго‑н. Зацягнуць сяўбу. □ Вітаючыся з Ірынай за руку, Салаўёў неяк міжвольна зацягнуў гэтае вітанне. Шахавец.

9. Шчыльна закруціць, зашрубаваць. Зацягнуць гайку.

•••

І на вяроўцы (на ланцугу, ланцугом, на аркане) не зацягнеш каго — пра таго, хто рашуча адмаўляецца ісці куды‑н., рабіць што‑н.

зацягну́ць 2, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.

Разм. Заспяваць. Студэнты, размясціўшыся ў сярэднім купэ, зацягнулі песню, а той, у футболцы, ужо іграў на мандаліне. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Рассунуць, расхінуць, паказаць што‑н. [Міхалка] ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! Чорны. // перан. Зрабіць што‑н. даступным, магчымым для каго‑н. То — год семнаццаты Раскрыў нам далі І парадніў народы Між сабой. Прыходзька.

2. Вызваліць ад таго, што накрывае каго‑, што‑н.; агаліць. [Клава], не зважаючы, пачала набіраць салому і раскрыла .. [Мішу] ўсяго. Чорны. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца .. квасу. Шамякін. // Зняць страху з чаго‑н. Раскрыць пуню.

3. Разгарнуць, раскласці, распасцерці (што‑н. складзенае). Раскрыць кнігу. □ І хаця ад дажджу застаўся толькі ўспамін, .. [дзяўчына] раскрыла над галавой парасон. Шыцік. // Распячатаць, распакаваць. Раскрыць канверт. Раскрыць пасылку. // Распусціць (пра пупышкі, кветкі). [Бэз:] — На час пялёсткі я раскрыў І зноў заплюшчу неўзабаве... Кляўко. // Развесці, распасцерці ў бакі (рукі, крылы). Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. В. Вольскі.

4. Адкрыць (пра рот, вочы). Сашка ад здзіўлення аж рот раскрыў, утаропіўшыся на вусы Тодара Казлянка. Даніленка. Вялічка заварушыўся і раскрыў вочы. Чорны.

5. Выявіць, зрабіць вядомым што‑н. невядомае, таемнае. Сакрэты ксяндза Аўгусціна ў той жа дзень мне раскрыла панна Марыся. Бажко. [Роля ў камедыі] раскрыла мяне з другога боку, як кажуць, раскрыла акцёрскія камедыйныя здольнасці. Сяргейчык. // Растлумачыць, паказаць сутнасць чаго‑н. Раскрыць характар героя. □ Трэба паглядзець на п’есу вачыма сучасніка, смела раскрыць яе глыбокі сацыяльны змест. «Звязда». [Маці] першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. Агняцвет. // Падрабязна і паслядоўна выкласці што‑н. Каб раскрыць тэму, трэба было карыстацца многімі архіўнымі фондамі. «Полымя». // Выкрыць. І, можа, ніхто не раскрыў бы Ніякай парубкі-пакражы, Бо ўмеў па-майстэрску Каліна Сляды за сабой заціраць. Танк.

6. Знайсці, устанавіць, адкрыць у выніку назіранняў, даследаванняў. Рыса нейкай нездаволенасці пракідалася праз усю яе гаворку і клала на твар пячаць глыбокай задуменнасці, чаго раней ніколі не было. Прычыну гэтага Валя скора раскрыла. Чорны. Шамяткоўцы з дапамогай мясцовага насельніцтва і партызанскіх сувязных раскрылі месцазнаходжанне двух аэрадромаў рэзервовай танкавай дывізіі і некалькіх складаў з боепрыпасамі. Курто.

7. Расказаць аб сваіх думках, пачуццях. Нешта перашкаджала .. [Аляксею Мікалаевічу] раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу. Навуменка.

•••

Раскрыць дужкі — зрабіць пэўнае матэматычнае дзеянне над выразам, заключаным у дужкі.

Раскрыць вочы каму — тое, што і адкрыць вочы (гл. адкрыць).

Раскрыць душу (сэрца) — тое, што і адкрыць душу (сэрца) (гл. адкрыць).

Раскрыць рот — тое, што і адкрыць рот (гл. адкрыць).

Раскрыць (свае) карты — перастаць трымаць у тайне свае намеры, планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Ціскам зменшыць аб’ём чаго‑н.; згусціць. Сціснуць гаручую сумесь пад поршнем. □ Бацька сажмурыўся і тут жа спытаў: — А што, калі мы сціснем самі сценкі? А? Зробім іх танчэйшымі сантыметраў на пяць — восем. Карпаў. // Разм. Скараціць. Сціснуць тэрміны будаўніцтва.

2. Здушыць. Сціснуць у натоўпе. Сціснуць у перапоўненым вагоне.

3. Моцна, шчыльна абхапіць каго‑, што‑н. Сціснуць у абдымках. □ [Таня] моцна сціснула дзіця, і яно зноў расплакалася. Шамякін. [Старая] сціснула рукамі скроні і заплакала. Чорны. Наручнікі, што скінуць ён жадаў, Нібы аўчаркі, упіліся ў злосці, І рукі сціснула жалеза, нібы ўдаў. Сіпакоў. // Узяўшы, моцна трымаць што‑н. (у руках, зубах). Пасуровеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Лынькоў. [Ева:] — Ну, адно [цяля] хутка навучыцца піць, а ў другога і дзясны зацвярдзеюць, а яно не ўмее. Сцісне другі раз дзяснамі палец... Палтаран. Карага моцна сціснуў у руках сваю вінтоўку. Колас. // Шчыльна акружыць, абступіць з усіх бакоў. Людзі зноў сціснулі круг: здалёку ж не ўгледзіш, як ходзяць у чалавека ногі. Пташнікаў. Аўтаматчыкі сціснулі кальцо вакол трайчапцаў, і афіцэр праз перакладчыка спытаў: — Дзе партызаны? Пальчэўскі. // Звузіць якую‑н. прастору; сцясніць. [Піліп:] — Куды ні ступі, усё панскае... Сціснулі гэтых мужыкоў так, што і нікнуць нельга. Чарнышэвіч. І неўзабаве, як толькі асталіся ззаду паплавы, а раку сціснулі паміж сабой падмытыя абрывістыя берагі, туману зусім не стала. Чыгрынаў. // перан. Заглушыць, прыглушыць. І Агапа сціснула ў сабе ўласніцкія матчыны жаданні, аддала іх на ахвяру маладога кахання. Мурашка. Віктар як мага сціснуў у сабе раптоўную радасць і прыжмурыў вочы ў страшэнна дзелавітай развазе. Зарэцкі.

4. Здушыць, сцясніць (горла, грудзі). Спазмы моцна і балюча сціснулі Косцева горла, ён памкнуўся нешта сказаць, але адчуў, што не мае сілы. Адамчык. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. / у безас. ужыв. Хвядос глянуў на ўнучка, на дзяўчынку, на Апанасіху, і ў горле яго сціснула, як абцугамі. Скрыпка. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, у сэрцы). Нядобрае прадчуванне сціснула .. сэрца [Максіма]. Машара.

5. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). Доктар сціснуў губы і працёр акуляры. Чорны. Андрэй сціснуў зубы і не адказаў. Чарнышэвіч. Лявон сціснуў у кулак вузлаватыя жалезныя пальцы і, строга гледзячы на хлопцаў, паўтарыў: — Чалавек павінен па сабе след на зямлі пакінуць. Інакш ён не чалавек. Б. Стральцоў. // Насупіўшыся, зблізіць (бровы). Вольга па хвіліну сціснула бровы і прыкрыла вочы... Пестрак.

6. Схапіць, працяць (марозам, холадам). Зямлю сціснуў мароз. □ Холад на імгненне сціснуў .. [Сяргея] у сваіх абдымках, сухое калючае паветра зацяло дыханне. Шыцік. // Прыціснуць (пра мароз). [Мірон:] — Віна добрая.. Глядзі, якое здаровае зерне. Яе толькі малаціць трэба, калі ўжо крыху сцісне марозік... Скрыган.

•••

Сціснуўшы зубы — тое, што і сцяўшы зубы (гл. сцяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)