святы́, -а́я, -о́е.

1. Надзелены боскай сілай, вышэйшай дасканаласцю і чыстатой.

Святая Тройца.

Святая вада.

2. у знач. наз. святы́, -о́га, мн. -ы́я, -ы́х, м., свята́я, -о́й, мн. -ы́я, -ы́х, ж. У хрысціян: чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў служэнню богу і рэлігіі, а пасля смерці прызнаны царквой нябесным заступнікам веруючых.

Абразы са святымі.

3. перан. Бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах, высокамаральны.

Не такі ён с., як здаецца (не такі бязгрэшны).

4. Прасякнуты высокімі пачуццямі, узвышаны, чысты, высакародны (высок.).

Святая любоў да Радзімы.

5. Сапраўдны, запаветны, выключны па сваёй важнасці, велічны.

С. абавязак дзяцей — паважаць бацькоў.

Святая святых (высок.) — пра нешта самае дарагое, велічнае.

|| наз. свя́тасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ НІ́ЖНЯЯ ЦАРКВА́,

помнік стараж. дойлідства. Пабудавана ў 12 ст. майстрамі Гродзенскай школы дойлідства на тэр. Гродзенскага Старога замка. Пасля пажару 1183 да сярэдзіны 13 ст. разбурылася. Яе руіны выяўлены пад фрагментамі больш позняй Гродзенскай Верхняй царквы ў час археал. раскопак 1931—37. Часткова захаваліся рэшткі сцен (да выш. 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкар. ўпрыгожання.

Паводле плана гэта быў 4-стаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэкса з развітой алтарнай часткай. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Гал. ўпрыгожанне інтэр’ера — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі, пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.

Да арт. Гродзенская Ніжняя царква. Фрагмент маёлікавай падлогі.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́ (каля 945 — 949 — 7.10.1003),

армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.

Тв.:

Рус. пер. — Книга скорбных песнопений. М., 1988.

А.​Казінян.

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.​Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.​Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.

Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.​Арцімовіч. 1979.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА-МЯФО́ДЗІЕЎСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

тайная паліт. арг-цыя ўкр. інтэлігенцыі ў Кіеве ў студз. 1846 — сак. 1847. Заснавальнікі: М.І.Гулак, М.І.Кастамараў, В.​М.​Белазерскі. Названа ў гонар слав. асветнікаў святых Кірылы і Мяфодзія. Налічвала некалькі дзесяткаў членаў, сярод якіх П.А.Куліш і Т.Р.Шаўчэнка. Праграма т-ва, выкладзеная ў Статуце і «Законе божым», прадугледжвала ліквідацыю прыгонніцтва і рас. манархіі, стварэнне на тэр. Усх., Паўд.-Усх. Еўропы і Расіі федэратыўнага саюза 17 слав. рэспублік («штатаў», у іх ліку і Беларусь) са сталіцай у Кіеве, што планавалася дасягнуць ненасільнымі дзеяннямі праз пашырэнне асветы і хрысц. выхаванне моладзі. Разгромлена паліцыяй. Найб. цяжка пакараны Шаўчэнка (аддадзены ў салдаты), Гулак, Кастамараў, Куліш і А.​А.​Наўроцкі (зняволены); астатнія члены сасланы.

Літ.:

Зайончковский П.А. Кирилло-Мефодиевское общество (1846—1847). М., 1959;

Кирило-Мефодіївське товариство. Т. 1—3. Київ, 1990.

т. 8, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́САРСКІ КАСЦЁЛ ГА́ННЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў в. Мосар Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1792. Прамавугольны выцягнуты па падоўжнай восі мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Гал. фасад аздоблены канеліраванымі пілястрамі, філёнгамі, паўкруглымі нішамі са скульптурамі святых. Аконныя і дзвярныя праёмы прамавугольныя, аздоблены ліштвамі. Пры ўваходзе вылучаны вузкі нартэкс з бакавымі ўваходамі ў асн. залу. Зала перакрыта люстраным скляпеннем з арнаментаванай размалёўкай. Алтарная сцяна дэкарыравана канеліраванымі пілястрамі, 10 філянговымі рамамі з ляпнымі барэльефнымі выявамі евангелістаў. Сцены завершаны па перыметры магутным антаблементам, які мае фрыз з трыгліфамі і ляпнымі гірляндамі, карнізам з сухарыкамі. З паўд.-зах. боку ад касцёла стаіць 3-ярусная мураваная званіца, накрытая шатром. Збудаванні абнесены мураванай агароджай з брамай.

Т.​В.​Габрусь.

Мосарскі касцёл Ганны. Рэльеф «Евангеліст Марк».
Мосарскі касцёл Ганны.

т. 10, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ВАЛКІ, Прывалка,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на. За 37 км на ПнЗ ад Гродна. 279 ж., 110 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, касцёл Маці Божай Шкаплернай і святых Сымона і Тадэвуша (1919).

Вядома з 16 ст. як каралеўскі двор Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1762 уладанне Агінскага. 27.2.1792 атрымала герб. У 1793—95 у Гродзенскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1885 вёска Сабалянскай вол. Гродзенскага пав., 387 ж., 33 двары, касцёл. З 1921 у складзе Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв., 611 ж., 112 двароў. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр Парэцкага сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не Беластоцкай вобл. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл., з 2.12.1961 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тае́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць таемнага. Таемнасць становішча. □ Спярша яму было крыху смешна, але па меры таго, як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна — непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Колас.

2. Нешта загадкавае, невядомае, незразумелае. Нейкай таемнасцю веяла ад постацей святых, павыразаных з дрэва. Броўка. [Дзяўчаты] былі ўсе маладыя, маладосць любіць таемнасць, сакрэты і сюрпрызы. Чорны. Гарыце, сузор’і, гарыце У гэты таемнасці час! Грамыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць (у 2, 3 знач.).

2. Уст. Вандраванне, паломніцтва. Хаджэнне па святых месцах. // Адзін з жанраў старажытнарускай літаратуры, у якім апісваюцца вандраванні. «Хаджэнне за тры моры» цвярскога купца Афанасія Нікіціна.

•••

Хаджэнне ў народ — рух разначыннай інтэлігенцыі ў вёску ў 60–70 гг. 19 ст. з асветніцкімі, рэвалюцыйнымі мэтамі.

Мець хаджэнне (кніжн.) — быць ва ўжыванні, у абыходку.

Хаджэнне па муках (пакутах) — шэраг цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, якія ідуць адно за адным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),

мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.​Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).

Л.​Л.​Кароткая.

т. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)