электрычныя патэнцыялы, якія ўзнікаюць у жывых тканках і асобных клетках чалавека, жывёл і раслін; паказчык біяэл. актыўнасці; важнейшыя кампаненты працэсаў узбуджэння і тармажэння. Вызначаюцца іх рознасцю паміж двума пунктамі жывой тканкі. Асн. віды: мембранныя, або біяэлектрычныя патэнцыялы спакою, дзеяння, постсінаптычныя. Інш. віды біяэлектрычных патэнцыялаў розных органаў і тканак — аналагі або вытворныя асноўных.
Мембранны патэнцыял — рознасць патэнцыялаў паміж вонкавым і ўнутр. бакамі мембраны жывой клеткі. Абумоўлены нераўнамерным размеркаваннем іонаў (у першую чаргу іонаў натрыю і калію) паміж унутр. саставам клеткі і асяроддзем вакол клеткі. Унутр. частка мембраны ў спакоі зараджана адмоўна, вонкавая — дадатна. Патэнцыял дзеяння характэрны для спецыялізаваных узбуджальных утварэнняў, паказчык развіцця працэсу ўзбуджэння. Забяспечвае, напр., распаўсюджванне ўзбуджэння ад рэцэптараў да нерв. клетак і далей ад клетак да мышцаў, залоз, тканак У мышачным валакне садзейнічае сувязі фіз.-хім. і ферментатыўных рэакцый, якія закладзены ў аснову скарачэння мышцаў. Постсінаптычныя патэнцыялы (узбуджальны і тармазны) узнікаюць на невял. участках клетачнай мембраны. Месцы ўзнікнення градыентаў — мембраны, якія адрозніваюцца структурай і іонаабменнай уласцівасцю. Асноўная крыніца энергіі — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Біяэлектрычныя патэнцыялы інфармуюць аб стане і дзейнасці розных органаў. Іх рэгіструюць і вымяраюць пры даследаванні функцый арганізма, тканак і асобных клетак. У мед. практыцы ў дыягнастычных мэтах рэгіструюць біяэлектрычныя патэнцыялы сэрца (электракардыяграфія), мозга (эл.-энцэфалаграфія), мышцаў (эл. міяграфія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЫ,
сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.
М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз.калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НСатмасферы і падысподняй паверхні,
рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫЯ РЭА́КЦЫІ ператварэнні ядраў атамных, абумоўленыя іх узаемадзеяннямі з інш. ядрамі, элементарнымі часціцамі, у т. л. гама-квантамі. Часта да Я.р. адносяць узаемадзеянні элементарных часціц паміж сабой. Імавернасць Я.р. характарызуецца сячэннем рэакцыі. якое залежыць ад энергіі часціц (ядраў). Адрозніваюць Я.р. пругкага (састаў і станы ядраў захоўваюцца) і няпругкага (састаў захоўваецца, станы змяняюцца) рассеянняў (гл.Рассеянне мікрачасціц) і ўласна Я.р. (змяняюцца ўнутр. ўласцівасці і састаў ядраў, адбываюцца ператварэнні элементарных часціц).
У выніку ўласна Я.р. пры ўзаемадзеянні часціцы (ядра) a і ядра A атрымліваецца часціца (ядро) b і ядро B: a + A → b + B, ці ў скарочаным запісе: A(a,b)B (у дужках звычайна запісваюць больш лёгкія прадукты рэакцыі. а па-за імі — больш цяжкія). Пры высокіх энергіях колькасць прадуктаў рэакцыі можа быць значна большая. Я.р. наз. экзатэрмічнымі (эндатэрмічнымі), калі рознасць сумарных мас зыходных і канечных прадуктаў рэакцыі дадатная (адмоўная). Экзатэрмічныя рэакцыі з нейтральнымі часціцамі ідуць пры любых энергіях. для эндатэрмічных — існуе парог рэакцыі. напр., парог дзялення урану-238 нейтронамі прыкладна роўны 1.1 МэВ. Даследаванні Я.р. важныя для вывучэння ўласцівасцей і будовы атамных ядраў. Я.р. — асн. крыніца радыеактыўных ізатопаў. Для атрымання ядзернай энергіі выкарыстоўваюцца ланцуговыя ядзерныя рэакцыі і тэрмаядзерныя рэакцыі.
Літ.:
Ситенко А.Г. Теория ядерных реакций. М., 1983;
Валантэн Л. Субатомная физика: ядра и частицы: Пер. с фр.Т. 2. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРОБу арыфметыцы,
лік, які змяшчае адну ці некалькі доляў (роўных частак) адзінкі. Абазначаецца сімвалам (або a/b), дзе a — лічнік, які паказвае колькасць доляў адзінкі, падзеленай на столькі частак, колькі паказвае (называе) назоўнік b (a і b) — цэлыя лікі). Д. a/b можна таксама разглядаць як вынік дзялення ліку a на лік b; калі a дзеліцца нацэла на b, то дзель — цэлы лік (напр., 6/3 — 2; 28/7 — 4), калі не дзеліцца — дробавы (напр., 3/7; 20/12).
Д. наз. правільным, калі a < b, і няправільным, калі a > b. Няправільны Д. можна запісаць у выглядае сумы цэлага ліку і правільнага Д. (змешаны лік); для гэтага патрэбна лічнік падзяліць з астачай на назоўнік, напр.,
. Множанне і дзяленне Д. выконваюць па правілах:
;
, суму (рознасць) Д. і з аднолькавымі назоўнікамі — па правілах
. Д. не зменіцца, калі лічнік і назоўнік памножыць на адзін і той жа лік, адрозны ад нуля. Таму Д. і можна прывесці да агульнага назоўніка (замяніць на роўныя ім Д. з аднолькавымі назоўнікамі, звычайна роўнымі найменшаму агульнаму кратнаму b і d). Калі лічнік і назоўнік маюць агульныя множнікі, Д. можна надаць нескарачальны від, напр., — скарачальны
, а — нескарачальны Д. Гл. таксама Дзесятковы дроб, Дробавая і цэлая часткі ліку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],
вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.
У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл.Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ РАХУ́НКІ, нацыянальнае рахункаводства,
лагічна паслядоўная і ўзаемазвязаная сістэма рахункаў, балансавых ведамасцей і табліц, мэта якой — атрыманне поўнай стат. інфармацыі пра эканам. дзейнасць дзяржавы.
Як навук. кірунак узнікла ў канцы 1930 — пач. 40-х г. у Вялікабрытаніі; у яго аснову пакладзена вучэнне Дж.М.Кейнса пра эканам. абарачэнне. Родапачынальнік — Р.Стоўн; тэрмін «нацыянальнае рахункаводства» ўведзены нідэрл. эканамістам Э. ван Кліфам у пач. 1940-х г. Развіццё міжнар.эканам. супрацоўніцтва і ўзмацненне рэгулюючых функцый дзяржавы абумовілі распрацоўку Н.р. у інш. краінах Еўропы і Амерыкі, даследаванні ў гэтай сферы стат. органамі ААН, што ўвасоблена ў стандартнай сістэме Н.р. у 1953. Сістэма Н.р. удакладнялася і дапаўнялася ў 1960-я г.; апошняя версія ў 1993 (у 1995 адаптавана да ўмоў Еўрап. Саюза).
У Рэспубліцы Беларусь укараняюцца ў практычную дзейнасць міжнар. стандарты ў галіне ўліку і статыстыкі. Выкарыстоўваюцца наступныя віды Н.р.: рахунак тавараў і паслуг; вытв-сці; утварэння даходаў; размеркавання першасных даходаў; другаснага размеркавання даходаў; пераразмеркавання даходаў у натуры; выкарыстання наяўных даходаў; аперацый з капіталам; «рахункі астатняга свету».
Рахункі ў сістэме Н.р. будуюцца па двухбаковай форме: атрыманыя вартасці запісваюцца як рэсурсы, а тыя, што выплачваюцца, — як выкарыстанне гэтых рэсурсаў. Рознасць паміж рэсурсамі і іх выкарыстаннем складае балансіруючы артыкул, які адлюстроўваецца ў рэсурсах наступнага рахунку. На ўзроўні эканомікі ў цэлым балансіруючым артыкулам рахунку вытв-сці з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (ВУП), што характарызуе канчатковы вынік вытв. дзейнасці эканам. адзінак — рэзідэнтаў у сферы матэрыяльнай вытв-сці і ў сферы нематэрыяльных паслуг. Велічыня рэальнага ВУП на душу насельніцтва — адна з састаўных частак Індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу і характарыстыка ўзроўню багацця і беднасці краіны. Балансіруючым артыкулам рахунку размеркавання першасных даходаў для эканомікі ў цэлым з’яўляецца валавы нацыянальны даход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,
метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.
Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення = 0 будуюць графік функцыі у = і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў 𝑓1(x) = 𝑓2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = 𝑓1(x) і y2 = 𝑓2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = 𝑓(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній 𝑓(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАБЛІ́ЦЫ МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ,
сукупнасць значэнняў пэўнай функцыі для некаторых значэнняў яе аргументаў. Асн. характарыстыкі: ступень дакладнасці (4, 5 і больш знакаў у значэннях функцыі), дыяпазон значэнняў аргументаў і крок (рознасць паміж суседнімі значэннямі аргументаў). Для прамежкавых значэнняў аргументаў значэнні функцый знаходзяць з дапамогай інтэрпаляцыі і экстрапаляцыі (лінейнай ці квадратычнай). Выкарыстоўваюцца як дапаможны выліч. сродак пры разліках у матэматыцы, астраноміі, тэхніцы і інш.
Некаторыя Т.м. (табліцы здабыткаў натуральных лікаў, іх квадратаў, кубаў і інш.) з’явіліся ў Вавілоне за 2 тыс.г. да н.э. Першыя табліцы трыганаметрычных функцый складзены ў Стараж. Грэцыі Пталамеем (2 ст.), дзе прыведзены даўжыні хордаў, што адпавядаюць дугам ад 0 да 180° з крокам 30′. Вядомыя таксама табліцы трыганаметрычных функцый, складзеныя у 5—11 ст. арабскімі, сярэднеазіяцкімі і індыйскімі вучонымі. У Еўропе Т.м. пачалі з’яўляцца ў 15 ст. У 7-значных табліцах Рэгіямантана, дзе выкарыстоўвалася дзесятковая сістэма лічэння, праведзены значэнні сінуса з крокам 1′. Вылічвалі і выдавалі Т.м. таксама М.Капернік (1543), І.Кеплер (1604). І.Ньютан (1658) і інш. Табліцы натуральных лагарыфмаў вылічаны Дж.Неперам (1614) і блізкія да іх табліцы — І.Бюргі (1620); табліцы дзесятковых лагарыфмаў — Г.Брыгсам (1617). У 18—19 ст. з’явіліся табліцы спец. функцый: дзесятковых лагарыфмаў гама-функцыі (К.Ф.Гаўс; 1813), дзесятковых лагарыфмаў поўных эліптычных інтэгралаў (А.М.Лежандр; 1816), цыліндрычных функцый (Ф.В.Бесель; 1826, Э.Ломель; 1868) і інш. З развіццём выліч. тэхнікі ў 20 ст. пачалі вылічваць і выпускаць у асн. высокадакладныя (да 30 і больш знакаў) табліцы спец. і інш. класаў функцый, аднак пры гэтым значэнне Т.м. значна зменшылася. Існуюць таксама Т.м. інтэгралаў, функцый, ураўненняў і інш.матэм. аб’ектаў.
Літ.:
Крылов В.И., Лугин В.В., Янович Л.А. Таблицы для численного интегрирования функций со степенными особенностями... Мн., 1963;
Брадис В.М. Четырехзначные математические таблицы. 44 изд. М., 1973;
Градштейн И.С., Рыжик И.М. Таблицы интегралов, сумм и произведений. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́,
спосаб атрымання лікавага значэння тэмпературы на аснове вядомай тэмпературнай залежнасці якой-н. фіз. велічыні; сістэма супастаўленняў такіх значэнняў т-ры. Эмпірычныя Т.ш. грунтуюцца на выбары рэперных (пастаянных) пунктаў, пачатку адліку і памеру адзінкі вымярэння т-ры (градуса), звязанымі з пэўнымі тэрмаметрычнымі (рабочымі) рэчывамі і іх адпаведнымі ўласцівасцямі.
Удасканаленую эмпірычную Т.ш. прапанаваў Г.Д.Фарэнгейт (гл.Фарэнгейта шкала); за рэперныя пункты былі прыняты т-ра сумесі снегу з нашатыром і т-ра цела чалавека (пазней т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску). За градус прынята 1/180 частка тэмпературнага інтэрвалу ў ртутным тэрмометры паміж пунктамі плаўлення лёду (+32 F) і кіпення вады (+212 F). У Т.ш., прапанаванай Р.А.Рэамюрам (гл.Рэамюра шкала), першасна за рэперны пункт прынята т-ра плаўлення лёду, за градус — рознасцьт-р, пры якой адносная змена аб’ёму этылавага спірту роўная 0,001. У Цэльсія шкале за рэперныя пункты прыняты т-ры плаўлення лёду і кіпення вады пры нармальных умовах; тэмпературны інтэрвал паміж імі падзелены на 100. У 1852 У.Томсан (лорд Кельвін) увёў абс. эмпірычную Т.ш., дзе адлік т-ры пачынаўся з абсалютнага нуля, а градус вызначаўся на аснове стоградуснай шкалы газавага тэрмометра. Асн. недахоп эмпірычных Т.ш. — іх залежнасць ад тэрмаметрычных уласцівасцей рэчываў. Каб пазбавіцца гэтага недахопу, У.Томсан прапанаваў тэрмадынамічную тэмпературную шкалу. Адвольная эмпірычная Т.ш. зводзіцца да тэрмадынамічнай увядзеннем паправак, якія ўлічваюць характар сувязі пэўнай тэрмаметрычнай уласцівасці з тэрмадынамічнай т-рай. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах зацвердзіла Міжнародную практычную тэмпературную шкалу (МПТШ-68), якая мае 11 рэперных пунктаў (у МПТШ-90 іх 15) і не залежыць ад канкрэтнага носьбіта шкалы (тэрмометра). Т-ры, адлічаныя па гэтай і па тэрмадынамічнай Т.ш., супадаюць з дакладнасцю, дасягальнай для тэхнікі эксперыменту.