БЕН-ГУРЫЁН Давід (16.10.1886, г. Плоньск, Польшча — 1.12.1973),

дзяржаўны дзеяч Ізраіля. Прымкнуў да Сіянісцкага сацыялістычнага руху ў Польшчы. У 1906 эмігрыраваў у Палесціну, дзе быў абраны ў ЦК сіянісцкага рабочага руху Паалей Цыён. У 1916—18 засн. у ЗША арг-цыі Хехалуц і Яўрэйскі легіён. З 1920 чл. Галоўнай рады Сусв. сіянісцкай арг-цыі. У 1921—35 кіраўнік арг-цыі Хістадрут. У 1930—63 лідэр партыі Мапаі. У 1935—48 старшыня прэзідыума Яўр. Агенцтва. У 1948—53, 1955—63 прэм’ер-міністр, міністр абароны Ізраіля. Аўтар публікацый па пытаннях узнікнення дзяржавы Ізраіль і яе адносін з араб. краінамі.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Джэймс Гаральд (11.3.1916, г. Хадэрсфілд, Вялікабрытанія — 24.5.1995), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т, з 1937 выкладаў там эканоміку. У 1940—44 ва ўрадавым апараце, з 1945 чл. парламента, у 1947—51 міністр гандлю. З 1952 чл. выканкома, з 1963 лідэр Лейбарысцкай партыі. Прэм’ер-міністр у 1964—70 і 1974—76. Эканам. праграма Вільсана — жорсткія абмежавальныя меры для выхаду з фін. крызісу, дэвальвацыя фунта і інш. Пры Вільсане Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, узмацніла сувязі з НАТО. Пасля трэцяй перамогі на выбарах 1976 нечакана пайшоў у адстаўку. Працы па эканам. пытаннях.

Г.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАМАНЛІ́С (Karamanlis) Канстанцінас (23.2.1907, Проці, каля г. Серэ, Грэцыя — 23.4.1998),

грэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Афінскі ун-т. Дэп. парламента (з 1935, выбіраўся 12 разоў). У 1946—54 міністр працы, транспарту, сац. забеспячэння, нац. абароны, грамадскіх работ. Заснавальнік і старшыня партый Нац. радыкальны саюз (1955—67) і «Новая дэмакратыя» (з 1974). У 1963—74 у эміграцыі (Парыж). У 1955—63 і 1974—80 прэм’ер-міністр Грэцыі, садзейнічаў лібералізацыі эканомікі краіны і дэмакратызацыі яе грамадскага жыцця, правёў рэферэндум аб скасаванні манархіі (1974). У 1980—85, 1990—95 прэзідэнт Грэч. Рэспублікі, дамогся ўступлення Грэцыі ў Агульны рынак (1981).

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУА́РЭС ГАНСА́ЛЕС (Suárez González) Адольфа (н. 25.9.1932, г. Себрэрас, Іспанія),

іспанскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Саламанкскі і Мадрыдскі ун-ты. Д-р права. Быў грамадз. губернатарам у Сеговіі, ген. дырэктарам ісп. радыё і тэлебачання, прэзідэнтам Нац. кампаніі турызму. У першым пасля смерці ў 1975 рэгента Ф.​Франка Баамондэ ўрадзе Іспаніі міністр — ген. сакратар Нац. руху (адзінай легальнай ісп. паліт. партыі). У 1976—81 прэм’ер-міністр Іспаніі. Шмат зрабіў для дэмакратызацыі паліт. жыцця краіны: былі вызвалены ўсе палітвязні, легалізавана шматпартыйнасць, праведзены першыя свабодныя выбары, распрацавана новая канстытуцыя, нац. меншасці атрымалі аўтаномію і інш.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОЙД ДЖОРДЖ (Lloyd George) Дэвід (17.1.1863, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 26.3.1945),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф Двайфар (1945). Юрыст. З 1890 дэп. палаты абшчын ад Ліберальнай партыі, выступаў супраць англа-бурскай вайны 1899—1902. З 1905 міністр гандлю, з 1908 міністр фінансаў (на ўзор Германіі правёў у 1908 сац. рэформу — закон аб пенсіі па ўзросце, абавязковае страхаванне ад хвароб і беспрацоўя з 1911), з 1915 міністр ваен. забеспячэння, у 1916—22 прэм’ер-міністр (у 1916 і ваен. міністр) Вялікабрытаніі. Адзін з гал. удзельнікаў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 і аўтараў Версальскага мірнага дагавора 1919. Падтрымліваў Грэцыю ў час грэка-тур. вайны 1919—22, садзейнічаў заключэнню кампраміснага англа-ірландскага дагавора 1921. Кіраўнік брыт. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922. У 1926—31 лідэр Ліберальнай партыі. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі А.​Гітлера (1933) выступаў у яго падтрымку, аднак хутка зразумеў сваю памылку. У 1945 чл. палаты лордаў.

Тв.:

Рус. пер. — Военные мемуары. Т. 1—6. М., 1934—37;

Правда о мирных договорах. Т. 1—2. М., 1957.

Літ.:

Виноградов К.Б. Дэвид Ллойд Джордж. М., 1970.

Д.Лойд Джордж.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАДЗЬЕ́ (Daladier) Эдуар (18.6.1884, г. Карпантра, Францыя — 10.10.1970),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Чл. Рэспубліканскай партыі радыкалаў і радыкал-сацыялістаў, у 1927—31, 1935—38, 1957—58 яе старшыня. Дэп. парламента (1919—40, 1946—58). Ваен. міністр (1932—34), міністр абароны (1936—40). Прэм’ер-міністр Францыі ў 1933, 1934, 1938—40. Адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1936). У знешняй палітыцы прыхільнік кампрамісу з фаш. Германіяй (гл. Мюнхенскае пагадненне 1938). Удзельнік Маскоўскіх перагавораў 1939. 3.9.1939 урад Д. абвясціў Германіі вайну. Пасля капітуляцыі Францыі арыштаваны (1940) і асуджаны (1942) урадам «Вішы». У 1943—45 інтэрніраваны ў Германіі. У 1947—54 кіраваў дзейнасцю «Аб’яднання левых рэспубліканцаў». Выступаў супраць калан. вайны Францыі ў Індакітаі (1946—54), стварэння «Еўрапейскага абарончага супольніцтва». Пасля ўстанаўлення ў Францыі Пятай рэспублікі (1958) адышоў ад палітыкі.

Э.Даладзье.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРГІБА́ Хабіб Бен Алі (н. 3.8.1903, г. Манастыр, Туніс),

палітычны і дзяржаўны дзеяч Туніса. Скончыў юрыд. ф-т Сарбоны і Вышэйшую паліт. школу ў Парыжы (1927). З 1934 ген. сакратар партыі «Новы Дустур» (з 1964 — Сацыяліст. дустураўская партыя). Першы прэм’ер-міністр (1956—70) незалежнага Туніса, у 1957—87 прэзідэнт краіны. Звольнены з пасады пасля ўрадавага перавароту.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ТЭВАЛЬ (Grotewohl) Ота (11.3.1894, г. Браўншвайг, Германія — 21.9.1964),

нямецкі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Акадэміі імя Лейбніца ў Гановеры (1924—26), Берлінскім ун-це (1926—30). З 1912 чл. Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Дэп. ландтага (1920—25), міністр унутр. спраў, міністр нар. адукацыі (1920—22), міністр юстыцыі (1922—24) зямлі Браўншвайг. Дэп. рэйхстага (1925—33). У час нацысцкай дыктатуры пазбаўлены дэпутацтва, за ўдзел у нелегальным антыфаш. руху арыштаваны ў 1938 і 1939. У 1945 удзельнічаў у аднаўленні СДПГ ва Усх. Германіі, старшыня яе ЦК (1945—46). Пасля аб’яднання СДПГ з усх.-герм. камуністамі ў Сацыяліст. адзіную партыю Германіі сустаршыня партыі (разам з В.Пікам; 1946 — 54), чл. Палітбюро яе ЦК (з 1949). Першы прэм’ер-міністр Герм. Дэмакр. Рэспублікі (ГДР, з 1958 старшыня СМ) у 1949—64, у 1960—64 таксама нам. старшыні Дзярж. савета рэспублікі. Тройчы Герой Працы ГДР (1954, 1959, 1964).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. (1945—1960 гг.). М., 1966.

О.Гротэваль.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІ́ТЫ,

у Вялікабрытаніі прадстаўнікі плыні, якая існавала ў партыі торы ў 1820—40-я г. Назва ад імя лідэра Р.Піля (міністр унутр. спраў у 1822—27 і 1828—30, прэм’ер-міністр у 1834—35 і 1841—46). Выступалі за эканам. ўступкі гандл.-прамысл. буржуазіі пры захаванні паліт. панавання буйных землеўладальнікаў і фінансістаў. У 1846, выконваючы праграму прыхільнікаў свабоды гандлю (гл. Фрытрэдэрства), дамагаліся адмены «хлебных законаў», што прывяло да значнага зніжэння ўвазных пошлін на многія віды харчавання і сыравіны. Гэта выклікала незадавальненне торы-пратэкцыяністаў і прывяло да расколу партыі торы. П. далучыліся да вігаў (з сярэдзіны 19 ст. Ліберальная партыя Вялікабрытаніі).

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́У (Rau) Іаганес (н. 16.1.1931, г. Вуперталь, Германія),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў школу кніжнага гандлю ў г. Кёльн (1952). З 1952 чл. Агульнагерм. нар. партыі, у 1957 перайшоў у С.-д. партыю Германіі (СДПГ). З 1958 дэп. ландтага зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. З 1969 обер-бургамістр Вуперталя, з 1970 міністр навукі, у 1978—98 прэм’ер-міністр зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Кандыдат у федэральныя канцлеры на выбарах 1987 і ў федэральныя прэзідэнты ФРГ на выбарах 1994. Старшыня парт. арг-цыі СДПГ у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія (з 1977), нам. федэральнага старшыні СДПГ (1982 — чэрв. 1999). З ліп. 1999 федэральны прэзідэнт ФРГ.

І.Рау.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)