нестабільныя зараджаныя элементарныя часціцы, якія маюць спін ½, час жыцця 2,2∙10−6 с і масу прыкладна ў 207 разоў большую за масу электрона; адносяцца да лептонаў. Адмоўна зараджаны (μ−) і дадатна зараджаны (μ+) М. з’яўляюцца антычасціцамі адзін аднаго.
Эксперыментальна выяўлены ў касм. праменях амер. фізікамі К.Андэрсанам і С.Недэрмаерам (1936—37). Асн. крыніцы М. — распад піонаў і каонаў (гл.Мезоны), якія інтэнсіўна нараджаюцца пры сутыкненнях адронаў, працэс нараджэння пар μ− μ+ фатонамі высокіх энергій, распады гіперонаў, «зачараваных» часціц і інш. Па сваіх уласцівасцях ва ўсіх вядомых узаемадзеяннях μ− паводзіць сябе аналагічна электрону, ад якога адрозніваецца толькі масай (μ — е-універсальнасць). Слабае ўзаемадзеянне М. выклікае іх распад на электрон (ці пазітрон) і адпаведнае нейтрына, што вызначае час жыцця М. у вакууме. У рэчыве павольныя М. страчваюць энергію на іанізацыю атамаў і могуць спыняцца. Пры гэтым μ− прыцягваецца ядром атама і ўтвараецца мезаатам, а μ+ далучае да сябе электрон і ўтвараецца мюоній.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТО́Н (ад грэч. prōtos першы),
адна з элементарных часціц, ядро атама вадароду; найлягчэйшы ферміённы адрон. Уваходзіць у групу барыёнаў, складаецца з 3 валентных кваркаў, глюонаў і кварк-антыкваркавых пар. Лічыцца абсалютна стабільнай часціцай. Эксперым. мяжа часу жыцця з улікам магчымых каналаў распаду перавышае 1031г. Пры моцным узаемадзеянні П. і нейтрон маюць аднолькавыя ўласцівасці і разглядаюцца як розныя квантавыя станы адной часціцы — нуклона. Тэрмін «П.» уведзены Э.Рэзерфардам.
Мае спін 1/2, масу спакою 983,9 МэВ, дадатны эл. зарад, роўны элементарнаму эл. зараду. магн. момант прыкладна роўны 2,79 ядз.магнетона. Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц Разам з нейтронамі ўтварае ядры ўсіх хім. элементаў, пры гэтым лік П. вызначае зарад ядра і роўны парадкаваму нумару элемента ў Перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Антычасціца П. — антыпратон. Пры сутыкненнях паскораных П. з свабоднымі П., рэчывам мішэні ці з антыпратонамі ўзнікаюць усе вядомыя элементарныя часціцы. Інтэнсіўныя патокі П. сярэдніх энергій выкарыстоўваюць у прамянёвай тэрапіі ракавых захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ ГУ́КУ,
скорасць распаўсюджвання гуку ў матэрыяльным асяроддзі. Вызначаецца пругкасцю і шчыльнасцю асяроддзя. Скорасць гарманічнай гукавой хвалі (гл.Гарманічныя ваганні) наз.фазавай скорасцю гуку. Звычайна С.г. — велічыня пастаянная для дадзенага рэчыва пры дадзеных знешніх умовах і не залежыць ад частаты хвалі і яе амплітуды. У выпадку залежнасці фазавай скорасці ад частаты гуку мае месца дысперсія хваль і тады карыстаюцца паняццем групавой скорасці.
С.г. ў газах меншая, чым у вадкасцях, у вадкасцях меншая, чым у цвёрдых целах (прычым для зрухавых хваль яна меншая, чым для падоўжных). С.г. ў газах і пары 150—1000 м/с, у вадкасцях 750—2000 м/с, у цвёрдых целах 2000—6000 м/с, у паветры пры нармальных умовах 330 м/с, у вадзе прыкладна 1500 м/с. У монакрышт. цвёрдых целах С.г. залежыць ад напрамку распаўсюджвання хвалі адносна крышталеграфічных восей. Вымярэнне С.г. выкарыстоўваецца для вызначэння многіх характарыстык рэчыва, напр., сціскальнасці газаў і вадкасцей, модуляў пругкасці цвёрдых цел, зоннай структуры паўправаднікоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ВЕ́КТАРНЫЯ БАЗО́НЫ,
цяжкія нестабільныя элементарныя часціцы са спінам 1, якія разам з фатонам забяспечваюць электраслабае ўзаемадзеянне. Існаванне П.в.б. прадказана тэарэтычна да іх адкрыцця ў 1983 (Жэнева, Швейцарыя) на падставе тлумачэння слабага ўзаемадзеяння, як выніку «прамежкавага» абмену гэтымі часціцамі.
Да П.в.б. адносяцца 2 зараджаныя часціцы W+ і W− (маса спакою прыкладна 80,4 ГэВ) і нейтральная часціца Z0 (маса спакою 91,2 ГэВ). W+ i W− суадносяцца як часціца і антычасціца, маюць час жыцця τ = 3,1∙10−22 с, Ζ0 не мае антычасціцы, τ = 2,6∙10−22с. Атрымліваюцца ў выніку сутыкненняў паскораных пратонаў з пратонамі або антыпратонамі, а таксама электронаў з пратонамі ці пазітронамі метадам сустрэчных пучкоў (гл.Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі). У 68% выпадкаў W± распадаюцца на адпаведныя кваркі і антыкваркі і ў 32% — на лептоны e±, μ±, τ± і адпаведныя нейтрына (антынейтрына), Z0 у 70% выпадкаў — на пары кварк-антыкварк і ў 30% — на лептон-антылептонныя пары e+ e−, μ+ μ−, τ+ τ− і адпаведныя нейтрына і антынейтрына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СМАЛЕ́НСКІЯ ГРА́МАТЫ XIII—XIV стст.»
(«Смоленские грамоты XIII—XIV вв.»),
зборнік смаленскіх грамат 12—14 ст., выдадзены Інтам рус. мовы АНСССР у Маскве ў 1963. Апублікаваны комплекс актаў Смаленскай епархіі сярэдзіны 12 — пач. 13 ст. (паводле копій 16 ст.); дагавор пра ўмовы гандлю невядомага смаленскага князя з Рыгаю і Гоцкім берагам (в-аў Готланд) прыкладна 1223—25; дагавор 1229 Смаленска з Рыгаю і Гоцкім берагам (6 спісаў 13—14 ст.); судовая грамата смаленскага кн. Фёдара Расціславіча пра нямецкі звон 1284; пацвярджальныя граматы князёў Фёдара Расціславіча 1284, Аляксандра Глебавіча каля 1300, Івана Аляксандравіча 1-й пал. 14 ст.; грамата смаленскага кн. Юрыя Святаславіча пра саюз з каралём польскім і вял. князем ВКЛ Ягайлам 1386. Большасць грамат надрукавана з арыгіналаў. Выданне здзейснена найперш з лінгвістычнымі мэтамі з максімальным набліжэннем да арыгіналаў. Матэрыялы зборніка маюць вял. значэнне для асвятлення гісторыі Полацкай і Віцебскай зямель, якія ў 13—14 ст. мелі цесныя сувязі са Смаленскам, і гісторыі бел. мовы, бо ў смаленскіх граматах 13 ст. ўпершыню выявіліся рысы жывой бел. мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́Н (ад грэч. elektron бурштын),
стабільная элементарная часціца з адзінкавым адмоўным зарадам элементарным. Мае масу спакою me = 9,1095 × 10−31кг, спін 1/2 і магн. момант, прыкладна роўны магнетону Бора. Лічыцца. што час жыцця Э. большы за 2∙1022 гадоў. Адносіцца да класа лептонаў. Абазначаецца e (часам e− у адрозненне ад пазітрона). Адкрыты ў 1897 Дж.Дж.Томсанам.
Э. удзельнічае ў эл.-магн., слабым і гравітацыйным узаемадзеяннях элементарных часціц. У класічнай электрадынаміцы Э. апісваецца ўраўненнямі Лорэнца—Максвела; у квантавай механіцы — Шродынгера ўраўненнямі (для нерэлятывісцкіх з’яў) і Дзірака ўраўненнямі (для рэлятывісцкіх з’яў; гл.Адноснасці тэорыя). Характар размяшчэння Э. ў атамных абалонках і запаўнення імі энергетычных узроўняў абумоўлены іх спінам (г.зн. Э. падпарадкоўваюцца Паўлі прынцыпу), што вызначае эл., хім., аптычныя і інш. ўласцівасці атамаў і малекул і вядзе да перыяд. паўтарэння ўласцівасцей хім. элементаў (гл.Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева). Характар руху Э. і іх размеркаванне па энергіях вызначае электраправоднасць, цеплаправоднасць і інш. ўласцівасці цвёрдых і вадкіх цел. Даследаванні ўласцівасцей і асаблівасцей руху Э. стымулявала развіццё фізікі і стварэнне новых галін тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ЛТА,
горад і прыморскі кліматычны курорт у Аўт. Рэспубліцы Крым, ва Украіне. Адм. цэнтр Ялцінскага курортнага раёна Паўднёвага берага Крыма. На тэр. сучаснай Я. з першых вякоў н.э. існавала грэч. паселішча Яліта (больш познія назвы Галіта, Джаліта, Каўліта, Геаліта, Эталіта; сучасная назва, прыкладна, з 16 ст.). Горад з 1837. 84 тыс.ж. (2001). Порт на Чорным моры. Вузел аўтадарог. Злучаны тралейбуснай лініяй з чыг. ст. Сімферопаль. Харчасмакавая (рыбная, вінаробная, малочная, тытунёвая) прам-сць; вытв-сць сувеніраў. 2 тэатры. Дом-музей А.П.Чэхава. Музеі: краязнаўчы, літ.-мемарыяльны К.А.Транёва і П.А.Паўленкі, М.З.Бірукова; «Паляна казак». Магіла М.Багдановіча. Каля Я. — Нікіцкі батанічны сад. Я. — буйны цэнтр турызму, адзін з асн. пунктаў і круізах па Чорным моры. У Я. праходзіла Крымская канферэнцыя 1945.
Кліматычны курорт, цэнтр курортнага раёна, які займае значную ч. Паўднёвага берага Крыма, куды ўваходзяць Алупка, Алушта, Гурзуф, Місхор і інш. курортныя пасёлкі. Лечаць хваробы органаў дыхання нетуберкулёзнага паходжання, ц. н. с., сардэчна-сасудзістай сістэмы, нырак. У Я. знаходзіцца НДІфіз. метадаў лячэння і мед. кліматалогіі (засн. ў 1914).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯН (Януш; 8.1.1499, г. Кракаў, Польшча — 18.2.1538),
віленскі біскуп, пазашлюбны сын караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога і Катажыны Охстат Цельнічанкі. Выхоўваўся ў Кракаве і Глогаве. У 1512 Я. «з князёў літоўскіх» кракаўскі, пазнанскі і плоцкі канонік. У 1515 вывучаў у Балонскім ун-це права. Працаваў у каралеўскай канцылярыі. У 1519 папа Леў X прызначыў Я. кіраўніком віленскага біскупства. Аднак паўнату ўлады біскупа ён атрымаў толькі ў 1531 пасля канчатковага святарскага пасвячэння. Пасля прыезду ў Вільню стаў фактычным намеснікам вял. князя ў ВКЛ (1519—36). Актыўна ўдзельнічаў у кананізацыйным працэсе каралевіча Казіміра і стварэнні Статута ВКЛ 1529. Пры яго дапамозе Ф.Скарына заснаваў у Вільні друкарню, а з сярэдзіны 1520-х г. стаў яго сакратаром. Праводзіў палітыку бацькі ў адносінах абмежавання ўлады свецкіх магнатаў. Для ўмацавання ўлады дынастыі Ягелонаў распрацаваў (з Юрыем Радзівілам) праект прызнання ВКЛ каралеўствам (1526), аднак польскія магнаты не дапусцілі гэтага. 19.5.1536 з-за рознагалоссяў з літ. магнатамі Я. адмовіўся ад віленскага біскупства (прыкладна ў той час пакінуў Вільню і Ф.Скарына). З сак. 1537 біскуп пазнанскі.