Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г.Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш.ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НЬ,
горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс.ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.
Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.І.Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з-д, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з-д. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Анатоль Яўгенавіч) (н. 14.9.1916, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Беластоцкай абл. у Вял.Айч. вайну, дзярж. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Рэсп. партшколу пры ЦККП(б)Б (1950), ВПШ пры ЦККПСС (1959). З ліст. 1941 кіраваў падп. групай на чыг. ст.Орша. У 1942—44 камісар, камандзір партыз. атрадаў. З 1961 нач.Гал. ўпраўлення, у 1963—64 міністр аўтатранспарту БССР. Старшыня Бел.рэсп. савета ветэранаў вайны, працы і ўзбр. сіл (1987—94), Камісіі па справах б. партызан і падпольшчыкаў пры Прэзідыуме ВС БССР (1987—92). Чл.ЦККПБ (1966—86). З 1986 чл., у 1990—91 нам. старшыні Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. ВС БССР у 1963—85, нар.дэп.СССР у 1989—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЛЯКО́Ў (Сяргей Віктаравіч) (н. 23.1.1959, г.Орша Віцебскай вобл.),
бел. спартсмен (плаванне). Засл. майстар спорту СССР (1979). Скончыў Ленінградскі ін-тфіз. культуры (1981). Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) на дыстанцыі 200 м, у эстафеце 4 × 200 м вольным стылем, сярэбраны прызёр у эстафеце 4 × 100 м, камбінаванае плаванне. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у эстафеце 4 × 200 м вольным стылем, чэмпіянату свету (1978, Берлін), бронз. прызёр на дыстанцыі 200 м вольным стылем. Чэмпіён Еўропы ў эстафеце 4 × 200 м вольным стылем (1977, г. Іёнчэпінг, Швецыя), на дыстанцыі 200 м вольным стылем (1981, г. Спліт, Югаславія); чэмпіён СССР (1978, 1981), рэкардсмен свету на дыстанцыі 200 м вольным стылем, Еўропы ў эстафеце 4 × 100 м і 4 × 200 м (1980). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБУНО́Ў (Уладзімір Архіпавіч) (н. 16.3.1939, г.Орша Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі.
Акад. Нац.АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1980), д-ртэхн. навук (1975), праф. (1977). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1961). З 1966 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова ў 1987—89 акад.-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. З 1994 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія. Навук. працы ў галіне ўзаемадзеяння зараджаных часціц і аптычнага выпрамянення з цвёрдым целам. Распрацаваў тэхнал. асновы стварэння паўправадніковых і гібрыдных інтэгральных схем. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Окисление металлов и полупроводников в низкотемпературной кислородной плазме (разам з В.П.Пархуцікам) // Обзоры по электронной технике. Сер. Микроэлектроника. 1978. Вып. 1;
Формирование силицидов импульсной термообработкой пленочных структур (у сааўт.) // Зарубежная электронная техника. 1985. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МЕНКА (Якаў Паўлавіч) (н. 28.3.1959, г.Орша Віцебскай вобл.),
бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.І.Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж.акад.нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́Й (Ларыса Фёдараўна) (н. 22.7.1934, г.Орша Віцебскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец. Засл. настаўнік Беларусі (1975). Скончыла Бел.тэатр.маст.ін-т (1968). У 1966—81 выкладала ў ПТВ, у 1968—70 — у Бел.тэатр.-маст. ін-це, у 1988—92 нам. дырэктара Дырэкцыі маст. выставак Мін-ва культуры Беларусі, у 1992—97 — выставачнага комплексу «На ростанях». Даследуе мастацтва сучаснае і 1930-х г., праблемы эстэт. выхавання, музеязнаўства. Аўтар творчых партрэтаў пра Г.Вашчанку, А.Гугеля, Я.Зайцава, А.Казлоўскага, У.Кожуха, П.Крахалёва, А.Кузьміча, І.Міско Л.Панамарэнку, Я.Радзялоўскую, Р.Сіплевіч, В.Целеша і інш.; арганізатар выставак бел. мастакоў у Італіі і Славакіі, складальнік каталогаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЯ АРТЫЛЕ́РЫЯ,
від артылерыі, якая выкарыстоўвае рэактыўныя снарады. Знаходзіцца на ўзбраенні сухап. войск, ВПС і ВМФ (ВМС). Прызначана для вядзення залпавага агню па розных цэлях. Мае рэактыўныя снарады з асколачна-фугаснымі, кумулятыўнымі, дымавымі і інш. часткамі.
Створана ў СССР у канцы 1930-х г. Часці Р.а., якія мелі на ўзбраенні рэактыўныя сістэмы БМ-13 і БМ-8 (нар. назва «Кацюша»), уваходзілі ў склад артылерыі рэзерву. Упершыню баявыя машыны Р.а. БМ-13 (эксперым. батарэя І.А.Флёрава) выкарыстаны 14.7.1941 у баі каля чыг. станцыі Орша Віцебскай вобл. і на пераправах цераз рэкі Дняпро і Аршына. У 2-ю сусв. вайну Р.а. была ў ням. арміі (5-, 6- і 10-ствольныя мінамёты); у арміі ЗША (114,3-мм і 182-мм рэактыўныя сістэмы). Пасля вайны атрымала шырокае распаўсюджанне ў арміях інш. краін. Гл. таксама Рэактыўная зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст.Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЛУКО́МЛЬ,
горад у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе Лукомскага возера. Таварная чыг. станцыя, за 20 км ад пасажырскай чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. За 23 км на Пд ад Чашнікаў, 118 км ад Віцебска. 15,1 тыс.ж. (2000). Працуюць Лукомская ДРЭС, з-ды: малочны, хлебны, аб’ёмнага домабудавання, керамзітавы, «Этон» і «Эласт» па выпуску электратэхн. прадукцыі, доследная азёрна-рыбная гаспадарка, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, мед. аб’яднанне, Дом быту, 2 б-кі, Палац культуры, кінатэатр. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля Н. (ва ўрочышчы Гарадок на р. Лукомка) стаянка эпохі позняга мезаліту (5—4-е тыс. да н.э.).
Узнік у сувязі з буд-вам Лукомскай ДРЭС (пачалося ў 1964) на месцы р.п. Піянерны Бешанковіцкага р-на. Са студз. 1965 у Чашніцкім р-не. З 31.12.1965 гар. пасёлак, з 31.7.1970 горад. 6,7 тыс.ж. у 1970.