арганіза́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. арганізаваць, арганізавацца.

2. Аб’яднанне, саюз людзей, грамадскіх груп, дзяржаў, з’яднаных агульнай праграмай дзеяння; дзяржаўная, партыйная ці грамадская ўстанова. Нізавая партыйная арганізацыя. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Спартыўная арганізацыя. Будаўнічая арганізацыя.

3. Будова чаго‑н., лад. Сацыялістычная арганізацыя сельскай гаспадаркі. Саветы — сацыялістычная форма палітычнай арганізацыі.

4. Фізічная ці псіхафізічная будова асобнага арганізма.

[Фр. organisation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

UNICEF = United Nations International Children's Emergency Fund (Weltkinderhilfswerk der Vereinten Nationen) – Сусветная арганізацыя дапамогі дзецям з боку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ЮНІСЭФ (англійскае: UNICEF, United Nations International Children’s Emergency Fund - Камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры) Welt-Kinderhilfswerk der Vereinten Nationen (UNICEF [´junisɛf] n)

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

БАНЧ ((Bunche) Ральф Джонсан) (7.8.1904, г. Дэтройт, ЗША — 9.12.1971),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ЗША. Адукацыю атрымаў у Каліфарнійскім і Гарвардскім ун-тах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Хартыі Аб’яднаных Нацый (1944). У студз. 1946 дэлегат ад ЗША на 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН. З 1947 супрацоўнік ААН (у 1967—71 нам. Ген. сакратара). Спрыяў падпісанню мірных араба-ізраільскіх пагадненняў (1949), у час Суэцкага крызісу (1956) узначальваў сілы ААН у Егіпце, прымаў удзел ва ўрэгуляванні ваен. канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам (1965). Узначальваў марш за грамадз. правы (1965), арганізаваны М.Л.Кінгам. Нобелеўская прэмія міру 1950.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПМАНС ((Koopmans) Цьялінг Чарлз) (28.8.1910, Грэйвленд, Нідэрланды — 26.2.1985),

амерыканскі эканаміст. Член Нідэрландскай АН. Адукацыю атрымаў ва Утрэхцкім і Лейдэнскім ун-тах. У 1938—40 эксперт Лігі Нацый па пытаннях грашовага абарачэння. У 1946—55 праф. Чыкагскага, у 1955—81 Іельскага ун-таў. З 1975 прэзідэнт Амер. эканам. асацыяцыі. Даследаванні ў галіне тэорыі эканам. цыкла і планавання, лінейнага праграміравання, аперацыйнага аналізу, аптымальнага размеркавання рэсурсаў. Аўтар прац «Тры нарысы аб стане эканамічнай навукі» (1957), «Мэты, абмежаванні, даходы ў мадэлях аптымальнага росту» (1966) і інш. Навук. даклады К. ў 2 т. выдадзены ў 1970—85. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Л.В.Кантаровічам).

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕР ((Meyer) Ханес) (18.11.1889, г. Базель, Швейцарыя — 19.7.1954),

швейцарскі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Берліне (1909—12). Жыў у Германіі (1910—20-я г.; у 1928—30 дырэктар школы «Баўгауз»), СССР (1930—36), Мексіцы (1939—49). Быў блізкі да гал. групы «Стыль» і Ле Карбюзье. Паслядоўнік прынцыпаў функцыяналізму (пас. Фрайдорф каля Базеля, 1919—21), імкнуўся да аналітычна дакладнай пабудовы аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка, якая лагічна вынікала з сістэмы функцыян. працэсаў (неажыццёўлены праект Палаца Лігі Нацый у Жэневе, з Х.​Вітверам, 1926—27; прафс. школа ў Бернаў каля Берліна, 1928—30).

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт. арг-цыя Лігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ САКРАТА́Р ААН,

галоўная адм. асоба ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узначальвае Сакратарыят ААН. Назначаецца Ген. Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі на 5 гадоў (можа быць назначаны паўторна). Удзельнічае ў пасяджэннях гал. органаў ААН (апрача Міжнар. суда), прадстаўляе Ген. Асамблеі штогоднія справаздачы аб рабоце ААН, даводзіць да ведама Савета Бяспекі любыя пытанні, звязаныя з пагрозай міжнар. міру і бяспецы, выступае пасрэднікам у вырашэнні міжнар. спрэчак і інш.

Генеральны сакратар ААН: Т.Х.Лі (Нарвегія, 1946—53), Д.Я.Хамаршэльд (Швецыя, 1953—61), У Тан (М’янма, 1961—71), Х.Вальдгайм (Аўстрыя, 1972—81), Х.Перэс дэ Куэльяр (Перу, 1982—91), Б.Бутрас-Галі (Егіпет, з 1992—96), К.​Анан (Гана, з 1997).

т. 5, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ПА РАЗЗБРАЕ́ННІ 1932—35,

міжнародная канферэнцыя аб скарачэнні і абмежаванні ўзбраення. Склікана 2.2.1932 па рашэнні Савета Лігі Нацый, удзельнічалі 63 краіны. Некаторыя краіны імкнуліся выкарыстаць канферэнцыю для аслаблення магчымых праціўнікаў і ўзмацнення сваёй ваен. магутнасці (франц. дэлегацыя дамагалася захавання ваен. перавагі над Германіяй паводле Версальскага мірнага дагавора 1919, герм. дэлегацыя патрабавала роўнасці ва ўзбраеннях, а ў кастр. 1933 адмовілася ад удзелу ў канферэнцыі). Дэлегацыя СССР прапанавала пакласці ў аснову работы прынцыпы ўсеагульнага і поўнага раззбраення, а пасля адхілення гэтай прапановы — правесці прагрэс.-прапарцыянальнае скарачэнне ўзбраенняў і ўзбр. сіл. Сав. прапановы былі адхілены, канферэнцыя зайшла ў тупік і ў 1935 фактычна спыніла сваю работу.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОС (ад англ. cross перасякаць),

спартыўнае спаборніцтва на мясцовасці з пераадоленнем прыродных перашкод (узгоркі, палі, хмызнякі і інш.); састаўная частка сучаснага пяцібор’я; метад трэніроўкі. Праводзіцца ў лёгкай атлетыцы, конным, веласіпедным, матацыклетным, аўтамабільным і інш. відах спорту.

Першы лёгкаатлетычны К. як спарт. спаборніцтва адбыўся ў 1867 у Лондане. У Расіі праведзены ў 1909. Найб. вядомы міжнар. лёгкаатлетычны К. нацый (з 1903) — асабіста-камандныя спаборніцтвы для мужчын, дыстанцыя 10—15 км. На Беларусі першыя спаборніцтвы праведзены ў 1913 у Гомелі. Афіцыйныя спаборніцтвы па К. адбыліся ў 1928 сярод спартсменаў Мінскай акругі на дыстанцыі 8 км у мужчын і 1,5 км у жанчын. Масавыя кросы праводзяцца з 1930-х г.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)