рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лад 1, ‑а і ‑у, М аб ладзе, у ладу; мн. лады, ‑оў; м.

1. ‑у; звычайна адз. (з азначэннем). Дзяржаўная ці грамадская сістэма, арганізацыя. Сацыялістычны лад. Першабытнаабшчынны лад. Рабаўладальніцкі лад.

2. ‑у. Уклад жыцця. Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Колас. // перан. Сэнс жыцця, спосаб жыцця. Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я схілены ў тры пагібелі і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць... Бядуля.

3. ‑у. Разм. Згода, дружба. Бацькі .. [Аксёна] былі маўклівыя. Між імі не было ні добрага ладу, ні сваркі. Дуброўскі. [Мацей:] — Здаецца, і любяць адно аднаго, дастатак ёсць, а ладу няма: адсюль-адтуль ды ў сварку за дробязь якую. Пальчэўскі. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас. // Парадак, зладжанасць. Вялікім клопатам лета былі дарогі.. Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далёка, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа. Мележ. Гуркацяць, гудуць маторы Ці пры сонцы, ці пры зорах, Калі ў працы лад, Кожны сэрцам рад. Кірэенка.

4. ‑у. Спосаб, манера; узор. На ваенны лад. На новы лад. На свой лад. □ Домікі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу. М. Стральцоў. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў. Шамякін.

5. ‑у. Настрой, гумор; тон. Гумарыстычны лад. Філасофскі лад. Самотны лад. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.

6. ‑у. У музыцы — спосаб пабудовы гукараду, арганізацыя музычных гукаў; строй музычнага твора. Ніхто з нас не ведаў слоў песні. Але мы хутка засвоілі яе лад і дружна пачалі падпяваць адным голасам. Якімовіч. // У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго строй і эмацыянальная афарбоўка. Вобразны лад. Урачысты лад. □ Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала. Палітыка.

7. ‑а. Адно з дзяленняў на грыфе струнных музычных інструментаў; клавіша гармоніка, баяна, клапан духавога інструмента. Вася прабег пальцамі па ладах, расцягнуў гармонік. Асіпенка.

8. ‑у; звычайна адз. Сістэма будовы, склад мовы. Граматычны лад беларускай мовы.

•••

Давесці (прывесці) да ладу гл. давесці.

Дайсці (да) ладу гл. дайсці.

Даць лад гл. даць.

Збіцца з ладу гл. збіцца.

Ладу не дабраць гл. дабраць.

Навесці лад гл. навесці.

На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.

На свой лад — па-свойму.

На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).

На ўсе (розныя) лады — па-рознаму. На ўсе лады заліваліся жаваранкі, свісталі шпакі. Дайліда. Мелодыя акрыляецца, мяняе тэмп, паўтараецца на розныя лады. Бядуля.

Не ў лад — нязладжана, нястройна; не ў адпаведнасці з чым‑н.

Не ў ладу; не ў ладах з кім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.

Ні складу, ні ладу гл. склад.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Спор ды лад (у рабоце, жыцці і інш.) гл. спор.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

У лад — зладжана, стройна; у адпаведнасці з чым‑н.

У ладу; у ладах з кім-чым — дружна, у згодзе.

(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.

лад 2, ‑у, м.

У граматыцы — катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.

•••

Абвесны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае рэальнае дзеянне, што адбываецца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе.

Загадны лад — катэгорыя дзеяслова, якая выражае загад, просьбу, чыю‑н. волю.

Умоўны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае магчымае, пажаданае або мяркуемае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)