папха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Запхнуць куды‑н., у што‑н. усё, многае. Папхаць рэчы ў чамадан.

2. Штурхаючы, прымусіць ісці, рухацца ў якім‑н. напрамку. — А можна плыцік зрабіць каля вострава, — не здаваўся Віця. — Пагрузім рэчы на плыцік і папхаем перад сабою. Місько.

3. і без дап. Пхаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тхнуць, ‑не; безас. незак., чым.

Несці, патыхаць, перадавацца па паветры (пра пахі). З возера тхнула ілам, прэллю водарас[цей], тхнула рыбаю, якой шмат-такі загінула. Броўка. Мы адчынілі пуньку. Тхнула трухой леташняга сена. «Маладосць». З далечыні тхнула асмалкамі. Чорны. / у перан. ужыв. Зноў, як і колісь, ад слоў [мужа] тхнула такой пагардай, што захацелася закрычаць. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́чыцца, ‑чыцца; зак.

1. Адзначыць сябе, сваё прозвішча ў спісе; зарэгістравацца. Трэба, каб Валера ўжо адзначыўся [у касе] і ехаў далей, а ён яшчэ і сюды не прыбыў. Місько.

2. Стаць прыкметным; абазначыцца, выявіцца. Вочы яе [бабкі] ажывіліся, а на твары адзначылася ўнутранае перакананне ў сіле сва[ёй] здольнасці. Колас.

3. Азнаменавацца чым‑н. Перадмайскія дні адзначыліся новымі працоўнымі поспехамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памле́ць, ‑млее; ‑млеем, ‑млееце, ‑млеюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Аслабець, здранцвець, анямець (пра часткі цела). Дошкі.. [Люба] трымала рукамі, рукі памлелі, яна падпёрла дошкі галавой і плячыма. Чорны. Віця і Грыша ледзьве выбраліся з каляскі — памлелі ногі. Місько.

2. Страціць прытомнасць ад якога‑н. моцнага перажывання, пачуцця і пад. — пра ўсіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрыбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Прыбраць, прыгожа адзець усіх, многіх. // Упрыгожыць, аздобіць усё, многае.

2. Навесці парадак, чысціню ўсюды, у многіх месцах. [Харытоніха] ухадзілася па гаспадарцы, падмяла, папрыбірала. Місько.

3. што. Прыбраць, прыняць адкуль‑н. усё, многае. У снезе .. валяюцца кавалкі жалеза, нейкія адлітыя даўно ўжо дэталі. — Папрыбіраць варта, а то ржавее дарэмна, — праказаў.. [Сідар]. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрашы́ць, ‑трашу, ‑трошыш, ‑трошыць; незак., каго-што.

1. Вымаць вантробы. Патрашыць курыцу. □ [Дзядзька:] — Будзеш патрашыць рыбу і класці ў крапіву... Місько. [Матросы-рыбакі] рыхтавалі на зіму дробную камбалу пад піва: патрашылі, трохі салілі і развешвалі вяліцца на снасцях. Караткевіч.

2. перан. Разм. Даставаць, выцягваць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Тры немцы патрашылі ранцы і рэчавыя мяшкі палонных. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́рла ‘месца на пашы, дзе стаіць жывёла (авечкі, каровы, коні) у час гарачыні або ноччу’ (ТСБМ), ‘месца збору і адпачынку касцоў’ (Ян.), тырло ‘месца, дзе ў поўдзень дояць кароў’ (П. Місько). Параўн. укр. ти́рло, те́рло, ти́рво ‘месца на пашы для збору жывёлы’, ‘такавішча’, рус. ты́рло ‘агароджанае месца, стойла для скаціны’. Паводле Фасмера (4, 132) і ЕСУМ (5, 572), запазычанне з рум. tîrlă ‘загон для авечак’, якое ўзыходзіць да серб. тр́ло ‘зімовае памяшканне для жывёлы’, дыял. трла̀ ‘тс’, харв. tŕlo ‘тс’, балг. тъ́рло, макед. трло ‘летні загон для авечак’, генетычна звязаных з прасл. tьr̥ti ‘церці’ > це́рці (гл.); мяркуемая зыходная форма *tьrdlo (Куркіна, Этимология–1976, 30). Сюды далучаюць таксама формы аналагічнага паходжання са значэннем ‘нераст, нерасцілішча’, ‘цёрла, церніца’ і інш., што ўзводзяць да прасл. *tŕ̥dlo (Борысь, 627) або да прасл. *tŕ̥lo, параўн. ст.-слав. тръло (ESJSt, 16, 991).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

на́маразь, ‑і, ж.

1. Асадак снегу, падобны на шэрань, які ўтвараецца ў сырое надвор’е на галінах, дроце і пад. Заглянуць з вуліцы ў хату ніхто не мог: шыбы пакрыліся тоўстым пластам намаразі. Шамякін. Сцены і столь зямлянкі пакрывала намаразь. Сіняўскі.

2. Слой лёду на чым‑н. З імглістага неба пасыпаліся крупы — дробна і спорна. Яны тоненька пазвоньвалі ў празрыстыя, з намараззю шыбы. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Імкнуцца, намервацца што‑н. зрабіць. Палашка пазірае на Панаса і хвалюецца, парываецца нешта сказаць і не зусім яшчэ адважылася, каб гаварыць. Галавач. Не раз парываліся Антон з Іванам кінуць вучобу зусім і дапамагаць сястры ў гаспадарцы. Місько. Стары Міклюта двойчы парываўся схапіцца з Міхалам, але Міхал адбягаў, выкручваўся. Сіняўскі.

2. Зал. да парываць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саскаўзну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгануўшы, спусціцца, з’ехаць зверху ўніз. [Лёнька] ўжо быў на другім баку стога, саскаўзнуў уніз па жэрдцы. Місько. // Хутка рухаючыся, спусціцца, сысці з чаго‑н. Саскаўзнуць з ложка.

2. Коўзаючыся, саскочыць, зваліцца з чаго‑н. Бярвенні лёгка саскаўзнулі па жардзінах уніз.

3. перан. Разм. Будучы няўстойлівым, ухіліцца ад чаго‑н. Саскаўзнуць з правільнай дарогі. Саскаўзнуць на абывацельшчыну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)