МАГІЛЁЎСКАГА ЖАНО́ЧАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Магілёве. Узведзены ў 1889—92 (арх. П.​Камбураў, М.​Маркаў). Мураваны 3-павярховы П-падобны ў плане будынак на высокім цокалі. Да яго цэнтр. часткі далучаны больш кароткія бакавыя карпусы, якія ўтвараюць унутр. дворык. У цэнтры па восі гал. ўвахода размяшчалася царква (не захавалася), злучаная з будынкам крытым пераходам. Цэнтр гал. фасада вылучаны неглыбокім рызалітам, завершаным атыкам з трохвугольным шчытом, 1-ы паверх аддзелены гарыз. цягамі, аздоблены рустам, сцены завершаны карнізным поясам з сухарыкамі. Аконныя праёмы 1-га і 2-га паверхаў прамавугольныя з плоскімі ліштвамі і замковымі камянямі, 3-га паверха — арачныя, упрыгожаныя сандрыкамі.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскага губернскага праўлення будынак. Чарцёж галоўнага фасада.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНСА́РДА (ад франц. mansarde),

паддашак, памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц. арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.

В.​Б.​Ангелаў.

Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.
Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.​Мансара.

т. 10, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры 16—19 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана паміж 1533—50 як царква базыльянскага манастыра. Пасля пажару 1865 перабудавана ў рэтраспектыўна-рус. стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжна-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асн. аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1780-я г. прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х г. адносяцца 5 несапраўдных купалаў над асн. аб’ёмам. Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам.

В.​М.​Чарнатаў.

Мірская Троіцкая царква.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.​Галаўня і Я.​Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.​Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.

т. 11, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСВЕ́РЖАНСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. з цэглы як кальвінскі збор, з 1588 касцёл. Мураваны прамавугольны ў плане 1-вежавы храм са слаба акрэсленым трансептам, масіўнай абарончай вежай над уваходам і невысокай паўкруглай алтарнай апсідай, якая ўнутры мае складаны абрыс. З паўн. боку асн. аб’ёму ў 1-й пал. 17 ст. прыбудавана 3-ярусная квадратная ў плане вежа, накрытая 4-гранным шатром з кароткім шпілем. Ніжняя частка вежы ўмацавана контрфорсамі, верхнія ярусы аздоблены плоскімі арачнымі нішамі, у 2-м ярусе фланкіраванымі аркадай з пілястрамі. У ніжнім ярусе вежы вылучаны прытвор, скляпенне якога апрацавана дэкар. нервюрамі.

У.​В.​Трацэўскі.

Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ «ДОМ НА РЫ́НКУ»,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1721 на б. Рыначнай пл. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з паўпадвалам мяшанай канструкцыі: ніжні паверх мураваны, верхні — драўляны. Да плошчы дом павернуты тарцовым мураваным фасадам з фігурным шчытом, які закрывае больш вузкі паверх з 2-схільным дахам. Аконныя праёмы на гал. фасадзе размешчаны сіметрычна цэнтр. восі, падкрэсленай уваходам і балконам на 2-м паверсе. Фігурны шчыт гал. фасада вылучаны прафіляваным карнізам. Невял. праём у нішы ў завяршэнні шчыта апрацаваны дэкар. ліштвамі. Уваход на 2-і паверх з боку дваровага фасада. У 1990-я г. рэканструяваны.

Т.​І.​Чарняўская.

Нясвіжскі «Дом на рынку».

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ Існаваў у 1673—1-й трэці 19 ст. за 1 км на Пд ад Нясвіжа. Засн. падканцлерам ВКЛ Міхалам Казімірам Радзівілам, які запісаў на пабудову касцёла св. Крыжа 30 тыс. злотых. Новыя ахвяраванні зрабіў яго сын Кароль Станіслаў. У 1690 рашэнне пра заснаванне кляштара зацвердзіў сейм. Мураваны касцёл па бенедыкцінскай традыцыі быў крыжападобны ў плане, са светлавым купалам на сяродкрыжжы і вежай над гал. фасадам (пацярпеў ад пажару 1793). Паводле інвентара 1804, у касцёле было 5 ілюзорных алтароў, маляваных на сценах, 1 алтар і амбон разьбяныя. Побач з кляштарам размяшчаліся гар. прывілеяваныя могілкі. У 1830-я г. кляштар скасаваны. Будынкі разабраны ў 19 ст.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1784—90 (арх. К.​Шыльдгаўз) для пінскага старосты М.​Бутрымовіча на высокім левым беразе р. Піна, да якой павернуты дваровым фасадам. Мураваны П-падобны ў плане будынак з развітым цокальным паверхам. 1-павярховую сярэднюю ч. будынка займаюць парадныя памяшканні з авальнай залай у цэнтры, якая ўтварае эркер з балконам на гал. фасадзе. Бакавыя крылы вырашаны ў 2 узроўнях і маюць невял. жылыя памяшканні ўздоўж калідораў. Знадворны дэкор мас рысы ранняга класіцызму. Фасады аздоблены плоскімі і руставанымі лапаткамі, сандрыкамі, фрыз антаблемента — трыгліфамі і метопамі. Эркер, выкружаныя вуглы і тарцы бакавых крылаў аздоблены калонамі і паўкалонамі дарычнага ордэра.

Ю.​А.​Якімовіч.

Пінскі палац.

т. 12, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЖЫЛЫ́ ДОМ, дом Пятра I,

помнік архітэктуры з элементамі стылю барока ў г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1692 у цэнтры горада як жылы (на мяжы 18—19 ст. перабудаваны). Мураваны 1-павярховы (з паўпадвальным паверхам) будынак мае ў плане форму няправільнага прамавугольніка. Плоскасці сцен прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі і фігурнымі сандрыкамі, цэнтр. ч. гал. фасада — 2 прафіляванымі філёнгамі. Тарцовы фасад завершаны фігурным атыкам з ляпнымі разеткамі (перароблены ў 19 ст.). Парадныя ўваходныя дзверы дэкарыраваны расл. арнаментам і маскаронамі (разьба па дрэве). У доме ў 1705 жыў Пётр I. Перад будынкам пастаўлены помнік Л.​Талстому. П.ж.д. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Т.​І.​Чарняўская.

Полацкі жылы дом.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пала́та​I ж.

1. (дворец) ед. нет, уст. пала́ц, -ца м., хо́рам, -ма м.;

ка́менные пала́ты мурава́ны пала́ц, мурава́ныя пала́цы;

2. (роскошная комната) уст. пала́та, -ты ж.;

3. (комната в больнице) пала́та, -ты ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)