«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»

(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),

навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр. т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.​Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.​Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.​Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.​Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.​Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.​Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.​Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.​Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.​Аксамітава, В.​Бандарчыка, М.​Чурак, Я.​Чачота, М.​Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

драба́нт

(польск. drabant, ад ням. Drabant)

1) целаахоўнік пры знатнай асобе ў сярэдневяковай Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім;

2) салдат кавалергардскай роты ў арміі Пятра I;

3) афіцэрскі дзяншчык у казацкіх войсках.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сейм

(польск. sęjm)

1) саслоўна-прадстаўнічы орган у старажытнай Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім; сход гараджан і шляхты на Беларусі ў 14—16 ст.;

2) назва парламента ў некаторых дзяржавах, напр. у Польшчы, Фінляндыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інстыга́тар

(ст.-польск. instygator, ад лац. instigator)

1) галоўны пракурор у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім (16—18 ст.);

2) судовы ўраднік у Трыбунале каронным (з 1578 г.) і Трыбунале Вялікага княства Літоўскага (з 1581 г.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ка́нцлер

(ням. Kanzler, ад с.-лац. cancellarius)

1) кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі ў Вялікім княстве Літоўскім, хавальнік вялікай дзяржаўнай пячаткі, член паноў-рады;

2) вышэйшая службовая асоба ў некаторых краінах;

3) прэм’ер-міністр у Аўстрыі і Германіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

старо́ства, ‑а, н.

Гіст.

1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.

2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў Коўне,

дыпламатычнае прадстаўніцтва ўрада БНР на чале з В.Ластоўскім пры літоўскім урадзе. Існавала ў 1919—23 у г. Коўна (сучасны г. Каўнас, Літва). Размяшчалася ў будынку мін-ва бел. спраў літоўскага ўрада (існавала з канца 1918). Пасля расколу Рады БНР (1919), калі большасць дзеячаў БНР спрабавалі ажыццявіць ідэалы незалежнасці ў саюзе з Літвой, у Коўне быў створаны новы ўрад БНР, які меў права экстэрытарыяльнасці ў Літве. 11.11.1920 заключаны літоўска-бел. дагавор аб узаемапрызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскай інтэрвенцыі. Літ. ўрад падтрымліваў урад БНР, садзейнічаў экспарту тавараў з Германіі ў Зах. Беларусь, фінансаваў правядзенне Першай Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921), прымаў паліт. бежанцаў, падтрымліваў партыз. рух на акупіраваных Польшчай зах. бел. землях. У складзе арміі Літвы дзейнічалі бел. вайсковыя фарміраванні. Бел. палітыкі намагаліся зрабіць Вільню бел.-літ. цэнтрам барацьбы супраць польск. акупацыі, фактарам аб’яднання двух брацкіх народаў. Урад БНР падтрымліваў намаганні літ. Боку правесці на тэр. Зах. Беларусі плебісцыт аб выбары паміж Польшчай і Літвой. Правал гэтых намераў, а таксама спробы Літвы вярнуць Вільню праз байкот выбараў у сейм т.зв. Сярэдняй Літвы ў канцы 1921 (у гэтым яе падтрымлівала і Беларускае прадстаўніцтва) пагоршыў адносіны літ. ўрада да бел. спраў. Пасля прызнання ў 1923 межаў польск. дзяржавы Камісіяй паслоў дзяржаў Антанты, разгрому бел. партыз. руху на акупіраваных Польшчай землях літ. ўрад перастаў падтрымліваць урад БНР, які ў канцы 1923 пераехаў у Прагу, мін-ва бел. спраў літ. ўрада закрылася, быў дэнансаваны літ.-бел. дагавор 1920.

З.​В.​Шыбека.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

асэ́сар

(лац. assessor = засядацель)

1) памочнік прэтара ў Стараж. Рыме;

2) судовы засядацель у каралеўскай Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім;

3) чыноўнік восьмага класа ў цэнтральных дзяржаўных установах і пры губернскіх праўленнях царскай Расіі (напр. калежскі а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

грош

(польск. grosz < чэш. groš, ад с.-лац. grossus)

1) даўнейшая дробная манета ў Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім рознай вартасці ў розныя часы;

2) літ. грошы;

3) сучасная разменная манета ў Польшчы, роўная 1/100 злотага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)