Вятро́ўнік ’Filipendula Mill., рус. лабазник’ (Кіс.), вятроўнік, ’Spiraea L.’, вятроўніца ’Spiraea L.?’, рус. таволга’ (БРС, РБС, КТС). Цяжка зразумець, якую расліну мелі на ўвазе складальнікі БРС, таму што рус. таволга адпавядае розным лац. тэрмінам. Параўн. Лек. расл., 6, 205, дзе рус. таволга і лабазник з’яўляюцца сінонімамі (ВСС, 1, 374, 845 і інш.). Кісялеўскі (125) рус. таволга разумее толькі як ’Spiraea L.’ Гэтыя ваганні тэрмінаў адлюстраваны і ў народнай мове; параўн. назвы спірнік, спірэй, спірэя лясная для Filipendula hexapetala Gilib. (Spiraea filipendula L.), гл. Кіс., 54; параўн. Макавецкі, Sł. botan., 153–154, 357. Бел. вятроўнік можна параўнаць з паўн.-рус. ветрянка ’дубец’, ветерье ’куст’, якія лічацца роднаснымі ст.-інд. vētráḥ ’чарот’, славен. vȋtra ’скрутак, лаза, парастак’; гл. Фасмер, 1, 307, якія далей да вить, ветвь. Да гэтага магчыма дадаць чэш. дыял. vitra ’жгут, дубец’ (< vi‑ti; гл. Махэк₂, 692–693). Бел. вятроўнік, магчыма, прымыкае да адзначаных слоў. Гэта пацвярджаецца яшчэ і наступным. Рус. лабазнік, тоеснае бел. вятроўнік, немагчыма аддзяліць ад рус. лабазка ’Spiraea ulmaria’ (Фасмер, 2, 443, іншая назва гэтай расліны — Filipendula ulmaria Maxim.). У сваю чаргу лабазка лічыцца роднасным словам тыпу рус. лабазина ’дубец, палка’, укр. лабуз ’сцяблы пустазелля’, польск. łobozg ’пустазелле’, łabuź ’вадзяныя расліны, трыснёг, чарот’; гл. больш ’падрабязна Фасмер, 2, 442–443. Параўн., дарэчы, у Даля: «Более известна под именем таволги Spiraea crenata, коей тонкие и крепкие прутья идут у нас на шомпола и кнутовища» (Даль, 4, 709) і назвы для Spiraea ulmaria — чертогрыз, топырка (Даль, 1, 135). Больш верагодным уяўляецца, аднак, што бел. вятроўнік утворана іншым шляхам. Параўн. укр. лем. вітерник ’хвароба, калі на скуры з’яўляюцца прышчы, высыпка’ і ’расліна для лячэння гэтай хваробы’. Аналагічна рус. дыял. ветреник ’Anemone silvestris L.’; ’расліна, якая ўжываецца для лячэння свербу’; ’Pulsatilla patens Mill. (= Anemone patens L.)’, якой лечаць жывёл ад свербу, ветренка (прострел!) ’Pulsatilla patens Mill.’, адвар і настой якога — добры сродак ад рэўматызму, ветрунок ’тонкія пялёсткі бяросты, якія калышуцца на ветры і якія выкарыстоўваюць як сродак ад фурункулаў’ (СРНГ). Бел. вятроўнік ’Filipendula ulmaria Maxim.’ ужываецца пры рэўматызме, падагры, хваробах скуры; гл. Лек. расл., 6, 209. Іншую матывацыю знайсці цяжка (параўн., праўда, лац. Anemone і рус. ветреница, гл. Заверуха, Квіти, 53), хаця, безумоўна, ёсць розныя прычыны, па якіх расліна можа атрымаць назву з такой асновай. У балгарскай мове, напрыклад, шмат назваў з асновай вятър‑ абазначаюць зусім розныя расліны: купену, валошку, зарніцу, касцянец, эспарцэт, букашнік і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рысь1 ’спосаб бегу жывёлы’ (ТСБМ), рысі́ць ’бегчы рыссю’ (ТСБМ), рыса́к ’пародзісты, рысісты конь’ (ТСБМ), ры́сом ’рыссю’ (ТС), рысяко́м ’рыссю’ (Юрч.), рус. рысь, ры́сью, рысцо́й, укр. ристь, ст.-руск. ристію. Звязана з рус. риста́ть, ристаю, рищу ’бегчы’ (Фасмер, 5, 531). Няпэўна.

Рысь2 ’драпежная жывёліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ры́ся (Нас., Байк. і Некр.), рус. рысь, укр. рись, ст.-рус. рысь, польск. ryś, славац., чэш. rys, славен. rȋs, rȋsa, серб.-харв. ри̏с, балг. рис. Прасл. *rysъ: *rysь ’рысь’ з’яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам кантамінацыі з rysъ (< ryd‑sъ) ’руды’, ’чырванаваты’, засведчанага праз в.-луж., н.-луж. rysy ’руды’, польск. rysawy ’рудаваты’, славац. rysý, rysavý ’стракаты’, чэш. rysý, rysavý, ryšý, ryšavý ’рудаваты’, ryšán ’рудагаловы’, ’ліс’ і далей роднаснае да ры́жы, руда́, ру́сы (БЕР, 6, 265). Але такое тлумачэнне адрывае славянскую назву ад іншых і.-е. назваў звера. Таму больш верагодным падаецца тлумачэнне з *lysь з другасным r пад уплывам *rysъ ’руды, плямісты’. У апошнім выпадку трэба збліжаць з літ. lúšis ’рысь’, лат. lusis ’рысь’, ст.-пруск. luysis, ст.-в.-ням. luhs ’рысь’, ст.-англ. lox, грэч. λῡγξ (Махэк₂, 527). Кантамінацыя з *rysъ магла абапірацца на матывы табу. Менш верагоднае тлумачэнне ‑r‑ уплывам *rzkati (> бел. рыкаць) або словам рваць. Нельга даказаць запазычанне *rysь з іранскага, паколькі падобнае слова да гэтага часу не занатавана ў іранскай мове (Фасмер, 5, 530–531 з літ-рай; Брукнер, 473; Чарных, 2, 131). Пачатковае r‑ можна тлумачыць і як адзінкавае пранікненне гукавой нормы іншага і.-е. дыялекта — іранскага — у славянскі. У іранскай і індыйскай адбыўся перабой агульнаеўрапейскага плаўнага l у іншы плаўны r (арыйскі ратацызм). “Іранская” форма *rusi і адлюстравана ў слав. *rysь. Гаворка тут ідзе не пра запазычанне з іранскай (у іран. мове слова не зафіксавана), а пра тое, што фанетычная заканамернасць (l > r), якая выступае як норма у адной групе моў, арыйскай, магла, у выглядзе выключэння, праявіцца адзінкавымі выпадкамі ў іншай групе, славянскай (Абаев, Этимология–1966, 261–262). Фанетычныя хістанні ў славянскіх назвах могуць тлумачацца спецыфікай самой семантэмы ’назвы жывёл’. Этымалагічна гэтыя назвы звязаны з і.-е. коранем *leuk​[h]:*luk​[h] ’свяціць’ па прыкмеце колеру светлай ззяючай скуры або вачэй звера (параўн. лат. lûša spalvas zirgs ’конь колеру рысі’) (Гамкрэлідзэ-Іванаў, 511–512). Па версіі Махэка (Махэк₂, 527) тут было і.-е. *lŭkʼ‑ з асновай на зычны, верагодна ад асновы *leu̯kʼ‑ ’глядзець’ (грэч. λεύσσω). Ён мяркуе, што тут былі 2 часткі слова, якія па сэнсе адпавядалі чэш. ostrovid (рысь бачыць і ноччу); у слэнгу старажытных паляўнічых слова было скарочана шляхам адкідання першай часткі. Пры такой моцнай дэфармацыі замест l пачало ўжывацца r, магчыма, з мэтай табу. Аб табу сведчыць і тое, што стара-рускія помнікі стараюцца не ўжываць назву рысь, а карыстаюцца лютый зверь. Па іншай версіі, славянскае r было першасным. Іншыя даводзяць, што слав. *rysь наклалася на слав. *rysъ ’стракаты’, ’каляровы’, ’чырванаваты’, ’рудаваты’, параўн. славен. risága ’вінаградная лаза’, польск. дыял. rysawy ’чырвоны’, чэш. rysý ’тс’, rysavý (Мацэнаўэр; Безлай, 3, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)