БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ЛІТАРАТУ́РНЫ ГУРТО́Кстудэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта,
культурна-асветная арг-цыя ў 1912—14. Узнік на хвалі нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі па ініцыятыве Я.І.Хлябцэвіча; кіраўнік гуртка А.А.Разенфельд, стараста Б.А.Тарашкевіч. У арганізац. групу ўваходзіла 16 чал. Гурток падтрымлівалі І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Я.Ф.Карскі, Е.Р.Раманаў, А.А.Шахматаў і інш. Статут гуртка 30.12.1912 зацверджаны саветам прафесараў ун-та. Мэта гуртка: «навуковае азнаямленне з духоўным і грамадскім жыццём Беларусі», навук. абгрунтаванне неабходнасці развіцця бел. мовы, л-ры і культуры. Гурткоўцы выпусцілі час. «Раніца» (1914), разам з суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альманаха «Маладая Беларусь» (1912—13).
Вокладка брашуры «Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАДЗІДЫ́ЗМ (ад араб. джадзід — новы),
культурна-рэфарматарскі, асветны і грамадска-паліт. рух мусульман Паволжа, Крыма і Сярэдняй Азіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Джадзіды выступалі за пашырэнне сеткі мусульм.культ.-асв. устаноў, выданне кніг, часопісаў, газет на нац. мове, развіццё нац. мастацтва і л-ры, рэарганізацыю мусульм. духавенства. Быў распрацаваны праект школьнай рэформы, у пач. 1880-х г. адкрыта першая джадзіцкая школа ў Бахчысараі, потым школы дзейнічалі ў Турцыі, Персіі, Індыі, Кітаі. У рэвалюцыю 1905—07 джадзіды выступалі з патрабаваннямі рэформаў паліт. ладу краіны, арганізоўвалі паліт. стачкі, антыўрадавыя дэманстрацыі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 частка джадзідаў прызнала сав. ўладу, інш. сталі ініцыятарамі стварэння ў Туркестане аўтаномнага ўрада (гл.Какандская аўтаномія), удзельнічалі ў басмацтве, мелі сувязі з белай гвардыяй, пазней эмігрыравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖЧЫЦ (Друшчыц) Васіль Данілавіч
(8.2.1886, в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.12.1937),
бел. гісторык. Скончыў Тартускі ун-т (1911). Выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўляі, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у працы Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 праф.БДУ, адначасова з 1924 правадз. член Інбелкульта, з 1927 старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Ін-та гісторыі Бел.АН, праф. кафедры гісторыі народаў СССРЛіт. ін-та імя А.І.Герцэна (Масква). 14.1.1937 арыштаваны, 19.12.1937 асуджаны ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1958. Даследаваў гісторыю Беларусі эпохі феадалізму, у т. л. магдэбургскае права ў бел. гарадах 15—18 ст., гісторыю кнігадрукавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мікрараён
(ад гр. mikros = малы + фр. rayon = раён)
структурная адзінка сучаснай забудовы горада, дзе, акрамя жылых будынкаў, размешчаны гандлёвыя пункты, установы культурна-бытавога абслугоўвання насельніцтва і інш. (параўн.макрараён).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДАў Вільні,
культурна-асветная арг-цыя ў 1920—21. Засн. ў студз. 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. Старшыня — Ф.Умястоўскі, з восені 1920 М.Кахановіч, члены рады М.Гарэцкі, Я.Станкевіч, А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю, стварала новыя школы і культ.-асв. гурткі. Працавала ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні. У канцы 1920 — пач. 1921 Беларуская школьная рада разам з бел. пададдзелам асветы пры ўрадзе «Сярэдняй Літвы» закладзена каля 200 бел.пач. школ, Барунская настаўніцкая семінарыя, арганізаваны бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Удзельнічала ў выданні падручнікаў для бел. школ, навуч. дапаможнікаў і інш.бел. л-ры. На яе аснове ў крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГМЫРА́К (Лявон) (сапр.Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),
бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.
Тв.:
Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.
Літ.:
Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я АРМЕ́НІІ, Дзяржаўная карцінная галерэя Арменіі. Засн. ў Ерэване ў 1921 як аддзел Дзярж. музея Арменіі, з 1931 аддзел Культурна-гіст. музея Арменіі, з 1935 Музей выяўл. мастацтва, з 1948 сучасная назва. У калекцыі каля 16 тыс. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога арм., рус., зах.-еўрап. і ўсх. мастацтва. У аддзеле арм. мастацтва творы І.Айвазоўскага, С.Агаджаняна, Э.Шаіна, М.Сар’яна, С.Сцепаняна, А.Саркісяна, М.Асламазян, Э.Ісабекяна, А.Зардарана і інш.; у аддзеле рус. мастацтва работы К.Брулова, І.Рэпіна, В.Сярова, К.Сомава, А.Бенуа, С.Канёнкава. К.Пятрова-Водкіна, В.Кандзінскага, М.Шагала і інш.; у аддзеле зах.-еўрап. мастацтва карціны П.П.Рубенса, Ф.Друэ, Ж.А.Фраганара, Г.Курбэ і інш.
Літ.:
Государственная картинная галерея Армении. Ереван, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛЬНАЯ РА́ДАў Гродне,
культурна-асветная ўстанова ў 1920—21. Створана ў маі 1920 як філія Цэнтральнай беларускай школьнай рады. У прэзідыум рады ўваходзілі Л.Дзекуць-Малей (старшыня), У.Федарук (нам. старшыні), С.Кішка (сакратар), Я.Тарасевіч і інш. Кіравала дзейнасцю бел. школ і дзіцячых прытулкаў Гродзенскай губ.; стварыла Апякунчы камітэт для матэрыяльнай падтрымкі бел. школ у Гродне. Летам 1920 часова спыняла дзейнасць у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі. Аднавіла работу ў ліст. 1920 пад кіраўніцтвам С.Рак-Міхайлоўскага. Намаганнямі рады ў снеж. 1920 адкрыта Гродзенская бел. гімназія. Працавала ў цесным кантакце з мясц.Бел.нац. к-там, Грамадой бел. моладзі ў Гродне, Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і інш. арг-цыямі. У 1921 на базе Беларускай школьнай рады створана мясц. філія Таварыства беларускай школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВУЧНЁЎСКІ ГУРТО́К «АСВЕ́ТА».
Існаваў у 1918—23 у Магілёве. Пачаў дзейнічаць пры Магілёўскай настаўніцкай семінарыі, аб’ядноўваў навучэнцаў і студэнтаў Магілёва. Асн. задачы: усебаковае вывучэнне Магілёўшчыны, навук. і культ.-асв. праца. Пры гуртку існавалі бел. хор (каля 80 чал.), бел.драм. трупа М.А.Выдрыцкага (інсцэніравала бел. вяселле, ставіла п’есы Я.Купалы, Ф.Аляхновіча, У.Галубка), гіст.-этнагр., прыродазнаўчая, літ., драматычная секцыі, якія прапагандавалі бел.нац. культуру. У 1923 атрымаў назву Бел.культ.-навук. асацыяцыя студэнтаў Магілёўскага пед. ін-та. Асацыяцыя мела філіялы ў Гомельскай губ., працавала ў кантакце з Магілёўскім пав. аддзелам нар. адукацыі, Беларускай секцыяй пры Гомельскім губернскім аддзеле народнай асветы, Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР і Беларускай культурна-навуковай асацыяцыяй пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Спыніў існаванне ў сувязі з ліквідацыяй Магілёўскага пед. ін-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ТЫ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лоша, на аўтадарозе Варняны—Жодзішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 226 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Солы. 586 ж., 201 двор (1996).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. З 1563 мястэчка Віленскага пав.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, у Варнянскай вол. Віленскага пав. У 19 — пач. 20 ст. ўласнасць Дамейкаў. У 1880-я г. 147 ж., 21 двор, касцёл. З 1922 у Польшчы, у Віленскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Смаргонскім р-не. У 1970 — 377 жыхароў.
2 сярэднія школы (бел. і літоўская). Культурна-асв. цэнтр, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл.