СУДЗЕ́БНІК 1550, «Царскі судзебнік», юрыдычны дакумент Расіі перыяду саслоўнай манархіі, які садзейнічаў ліквідацыі феад. раздробленасці ў дзяржаве, хаця шэраг яго норм меў кампрамісны характар. Зацверджаны, на думку вучоных, першым на Русі Земскім саборам у 1550. Падставай для яго прыняцця паслужыла неабходнасць кансалідацыі сіл феадалаў для задушэння нар. паўстанняў, абмежавання баярскага самавольства ў судзе і ў кіраванні. Грунтуючыся на Судзебніку 1497, а таксама на сумесных рашэннях Івана IV Грознага, баяр і вышэйшага духавенства, С. 1550 скасаваў суд. прывілеі ўдзельных князёў і ўзмацніў ролю цэнтр.дзярж.суд. органаў, устанавіў парадак падачы і разгляду скаргаў на намеснікаў, што забяспечвала кантроль над імі з боку памеснага дваранства і падрыхтоўвала скасаванне сістэмы «кармлення». Упершыню ў гісторыі Расіі закон быў абвешчаны адзінай крыніцай права. С 1550 адлюстроўваў палітыку далейшага запрыгоньвання сялянства, падрабязна вызначыў становішча кабальных халопаў, удакладніў парадак выплаты пажылога, увёў новую пошліну «за павоз», пацвердзіў Юр’еў дзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУЛКО́Ў Міхаіл Дзмітрыевіч (1743 або 1744, Масква — 4.11.1792),
рускі пісьменнік, гісторык, этнограф, эканаміст. Быў акцёрам, прыдворным лакеем, чыноўнікам Сената; у 1779 атрымаў спадчыннае дваранства. Аўтар зб. шахрайскіх навел і чарадзейна-рыцарскіх аповесцей «Перасмешнік, або Славенскія казкі» (ч. 1—5, 1766—89), у якім упершыню ў рус. л-ры выкарыстана слав. міфалогія, затым сістэматызаваная ім у спец. міфалагічных слоўніках (самы поўны «Абэвэга рускіх забабонаў...», 1786). Яго твор «Прыгожая паварыха, або Прыгода распуснай жанчыны» (1770, няскончаны) — першая спроба рус. шахрайскага рамана, напісанага ад асобы гераіні. Складальнік «Збору розных песень» (т. 1—4, 1770—74), «Слоўніка рускіх забабонаў» (1782). Працаваў над зборам заканад. актаў і інш. дакументаў пра гандаль «Гістарычнае апісанне расійскай камерцыі...» (т. 1—7, 1781—88).
Тв.:
У кн.: Поэты XVHI в. Л., 1958. Т. 1;
Стихотворная сказка (новелла) XVIII — нач. XIX вв. Л., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,
антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах.ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс.чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯЖА́ЦЕЛІ,
рэлігійна-палітычная плынь у Расіі канца 15 — пач. 16 ст., прыхільнікі якой выступалі з патрабаваннем адмаўлення царквы ад «сцяжання» (набыццё зямельных і маёмасных каштоўнасцей), якое пярэчыць евангелічным ідэалам і шкодзіць аўтарытэту царквы. Гэта патрабаванне абгрунтавана ў працах Ніла Сорскага, Васіяна Патрыкеева, старца Арцемія і інш. У «Манастырскім статуце» Сорскі сцвярджаў, што набыццё ўласнасці несумяшчальна з манаскім зарокам, які абавязвае адмовіцца ад усяго свецкага, патрабуе весці строгі, аскетычны лад жыцця, карыстацца вынікамі ўласнай працы. Яго вучань Патрыкееў выступаў за канфіскацыю манастырскіх зямель і стварэнне манастырскага фонду для надзелу дробных і сярэдніх феадалаў. Несцяжацельства адпавядала інтарэсам буйнога баярства і ўдзельных князёў, якія імкнуліся захаваць свае ўладанні і задаволіць патрэбу велікакняжацкай улады ў зямлі для дваранства за кошт секулярызацыі царк. зямель. Супраць Н. выступалі іасіфляне на чале з Іосіфам Валоцкім, якія пераканалі Івана III адмовіцца ад падтрымкі несцяжацеляў як праціўнікаў палітыкі ўзмацнення велікакняжацкай улады. Н. зганьбаваны на царк. саборах 1503, 1531.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ ЗЕ́МСКІ СУД, земскі суд,
калегіяльны выбарны адм.-паліцэйскі орган на тэр. павета ў Рас. імперыі ў 1775—1863. Створаны на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Расійскай імперыі» 1775. Павінен быў забяспечваць у павеце «добрапрыстойнасць, добрыя паводзіны і парадак», выкананне законаў, пастаноў губернатара і губ. устаноў, сачыць за гандлем і станам цэн, займацца вышукам збеглых сялян, сачыць за станам дарог і мастоў і інш. Праводзіў папярэдняе расследаванне па пэўнай катэгорыі крымін. спраў і выконваў рашэнні, вынесеныя суд. органамі. На Беларусі такія суды ўводзіліся ў 1775—96. Напачатку ў іх уваходзілі земскі спраўнік і 2—4 засядацелі ад дваранства, якіх выбіралі на дваранскіх выбарах на 3 гады і зацвярджаў губернатар. З 1832 земскіх спраўнікаў выбіралі на 6 гадоў. Прадугледжвалася і выбранне 2 засядацеляў ад сялян (фактычна іх выбіралі толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губ.). Скасаваны ў 1863 на падставе «Часовых правіл аб арганізацыі паліцыі ў гарадах і паветах губерняў» (1862) і заменены павятовымі паліцэйскімі ўпраўленнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРШЫ́НАказацкая,
катэгорыя службовых асоб у казацкіх войсках Украіны і Расіі ў 16—18 ст. Ажыццяўляла адм. і ваен. кіраўніцтва. Уключала атаманаў, палкоўнікаў, есаулаў, сотнікаў, суддзяў і інш. Падзялялася на генеральную (вайск.), палкавую і соценную. Выбіралася з асяродка заможных казакоў (у Запарожскай Сечы С. на чале з кашавым атаманам выбіралася вайск. радай). Узначальвала барацьбу супраць крымскіх татараў і туркаў, падтрымлівала дзеянні ўрадаў Рэчы Паспалітай і Расіі, выкарыстоўвалася ў барацьбе паміж рознымі паліт. групоўкамі, у ваен. сутыкненнях паміж суседнімі дзяржавамі і грамадз. вайне ў Расіі ў пач. 17 ст. (гл.Смута). Удзел казацтва ў Булавінскім паўстанні 1707—09, Сялянскай вайне 1773—75, дапамога шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 (гл. ў арт.Мазепа) прывялі да абмежавання яе самастойнасці (С. стала прызначацца ўрадам Расіі). У канцы 18 ст. многія дзеячы С. атрымалі афіцэрскія чыны, правы дваранства і інш. прывілеі. У 19 ст. тэрмін «С.» выйшаў з ужытку. Гл. таксама Казакі, Казацкія летапісы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЛО́ЎСКІ Сымон Юльянавіч (1853?, Магілёўскай губ. — пасля 1915),
бел. археолаг, краязнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1888). Працаваў у г. Клімавічы (міравым суддзёй па сял. справах, чл.пав. з’езда дваранства, кіраваў сіроцкім прытулкам), быў чыноўнікам па асобых даручэннях Магілёўскага губернатара А.С.Дамбавецкага. У 1890-я г. вёў археал. даследаванні ў Падняпроўі. Абследаваў (з М.В.Фурсавым) археал. помнікі ў Быхаўскім, Клімавіцкім. Мсціслаўскім, Рагачоўскім, Чэрыкаўскім пав. і склаў карту археал. помнікаў Магілёўскай губ. Сярод адкрытых ім помнікаў гарадзішча і 20 курганоў у Хоцімску. У Мсціславе знайшоў стараж. гравюру абразоў Тупічэўскай Маці Божай (1711), гравіраваную дошку з выявай сям’і святых і інш. матэрыялы. Удзельнік 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893).
Тв.:
Дневник курганных раскопок. произведенных по поручению г начальника Могилевской губернии А.С.Дембовецкого, в течение лета 1892 г. в уездах Рогачевском, Быховском, Климовичском, Чериковском и Мстиславском. [Могилев], 1892 (разам з М.В.Фурсавым);
Дневник курганных раскопок, произведенных по поручению... А.С.Дембовецкого... в 3-х уездах Могилевской губернии. Могилев, 1893.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТА́ЙНА—ГА́РДЭНБЕРГА РЭФО́РМЫ,
буржуазныя пераўтварэнні ў 1807—14 у Прусіі, здзейсненыя ўрадамі Г.Ф.К.Штайна і К.А.Гардэнберга. У 1807—11 скасавана асабістая залежнасць сялян ад землеўладальнікаў пры захаванні феад. павіннасцей за карыстанне зямлёй; дазволены продаж зямлі ўласнікамі, што дало магчымасць купляць яе замежным сялянам і гараджанам; уведзены выкуп сялянамі іх павіннасцей пры ўмове ўступкі землеўладальніку ад трэці да паловы замацаванага за селянінам зямельнага ўчастка або выплаты 25-кратнага памеру гадавых плацяжоў за яго. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю рыначных адносін (капіталізму) у сельскай гаспадарцы пры захаванні буйнога дваранскага (юнкерскага) землеўладання і інш.феад. перажыткаў. У 1808 уведзена абмежаванае самакіраванне ў гарадах, створаны мін-вы ваен., унутр., замежных спраў, юстыцыі і фінансаў; у кожнай правінцыі ўведзена пасада обер-прэзідэнта — вышэйшага кіраўніка, што ўзмацніла бюракратычную цэнтралізацыю краіны. У 1810—11 уведзена свабода вытв. дзейнасці, якую раней стрымлівала цэхавая сістэма. Паводле ваен. рэформы 1807—14 скасаваны прывілеі дваранства на заняцце афіцэрскіх пасад, рэзка абмежаваны цялесныя пакаранні салдат, уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (1814), створана нац. міліцыя — ландвер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст. развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.