абяца́нне, ‑я, н.

1. Дабравольнае абавязацельства зрабіць што‑н. Даць, выканаць абяцанне. Урачыстае абяцанне. □ Аксён моцна паціснуў руку настаўніку і пайшоў дадому, даўшы абяцанне вучыцца. Колас. Абяцанне было нялёгкае, і будаўнікі рабілі ўсё, каб стрымаць сваё слова. Краўчанка.

2. Абавязацельства, прынятае паводле рэлігійных перакананняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыго́дны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не мае неабходных якасцей, не падыходзіць для чаго‑н.; нягодны. — Ты не думай, што я да нічога непрыгодны, — некалькі з папрокам прамовіў Ян. Пестрак. Радавы стралковага палка Ігнат Семяніцкі быў прызнаны непрыгодным для вайсковай службы і адпушчаны дадому. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзёншчына, ‑ы, ж.

Падзённая работа. Жывучы ў Сілцах, Рыгор заўсёды хадзіў чорны і брудны, цяжка і многа працаваў, і на падзёншчыне, і за балагола. Гартны. Праз некалькі дзён пасля нашай размовы з бацькам, неяк вярнуўшыся з падзёншчыны дадому, я застаў там брата Пятра. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перадрама́ць, ‑драмлю, ‑драмлеш, ‑дрэмле; зак., што і без дап.

Разм. Прабыць нейкі час у стане дрымоты. Перадрамаць гадзіну. □ Максімка паставіў Буланчыка ў хлеў і, ідучы ў дом, рашыў.. нікому не пападацца на вочы, як-небудзь ціх[е]нька перадрамаць ноч і назаўтра скарэй ехаць дадому. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыджга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Хутка прыйсці або прыбегчы, прыбыць куды‑н. Вясёлы гімназіст пешкі прыджгаў дадому і, як быццам бы нічога не здарылася, адразу палез на вышкі. Чорны. Сапраўды, не паспела назаўтра зайсці сонца, [сакольнік] прыджгаў.. «Я, кажа, напрасцякі, дзе лугам, дзе разоркаю». Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афо́рміцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак.

1. Набыць закончаную форму, пэўны выгляд. Як.. [Марынка] вырасла, аформілася, папрыгажэла! Хадкевіч. Раптам аформілася ў.. [Захара Зынгі] думка, што добра ж вельмі, што піць ён пакінуў. Чорны.

2. Паступіць куды‑н. з захаваннем неабходных фармальнасцей. — Паеду дадому, — сказаў [Янук], — можа нават заўтра, калі паспею аформіцца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

несумне́нна,

1. Прысл. да несумненны.

2. безас. у знач. вык. Аб тым, што не выклікае спрэчак, сумнення. Несумненна, што.. [партызаны] дзесьці тут недалёка. І.. [Наташа] не вернецца дадому, пакуль не знойдзе іх. Шамякін.

3. у знач. пабочн. Бясспрэчна, без усякага сумнення. [Андрэй:] — [Сашка] — шпік, і ён, несумненна, звязаны з паліцыяй. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпа́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падпаліць (у 1, 2 знач.).

2. Смалякі, трэскі, ламачча і пад., якія служаць для распальвання. Даніла працаваў блізка ля балаціны і, калі ехаў пад вечар дадому, укінуў у воз пару пнёў — жонка паказала, каб прывёз на падпал смалякоў. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прыкрыць, прысылаць зямлёй. Прыкапаць яблыні. □ Трактар загналі ў гушчар, прыкрыўшы саломай, прыкапалі зямлёй. Шахавец. [Сяргееў:] — Дадому вінтовак не насіце і так скажыце другім. Прыкапалі, запомнілі, у якім месцы, і ўсё. Федасеенка.

2. і чаго. Дакапаць, накапаць у дадатак. Прыкапаць бульбы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. папер, ‑перла; заг. папры; зак.

Разм.

1. Хутка, паспешна накіравацца куды‑н. Грышка што было духу папер цераз поле ў бярэзнік. Чарот. Ззаду на .. [паравоз] паперлі вагоны. Новікаў.

2. каго. Груб. Прагнаць, выгнаць. Я моцна зазлаваў і папер беднае дзіця: — Кідай дровы! Панашу іх сам. А ну марш дадому! Карпюк. // Пагнаць, адправіць куды‑н. — Дзівак чалавек, — усміхнуўся пасыльны. — Садзіся во ў брычку, паедзем, а то заўтра пехатой папруць. Асіпенка.

3. каго-што. Панесці, павалачы (звычайна што‑н. цяжкае). Для большай пачцівасці Стуканок пакінуў сваю аблавушку на ганку, а торбу з рыбай папер у хату. Рылько. Ускінуў .. Ільюк [цяля], як барака, на плечы.. і папер дадому. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)