КАРЭ́ЕЎ (Мікалай Іванавіч) (6.12.1850, Масква — 18.2.1931),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910), ганаровы чл. АН СССР (1929), д-р гіст. н. (1884). Праф. Варшаўскага (1879—84) і Пецярбургскага (1890—99, 1906—17) ун-таў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Вучань У.І.Герʼе. У 1886—99 выкладаў усеаг. гісторыю на Вышэйшых жаночых курсах. У 1899—1917 кіраўнік Гіст. т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906), выступаў за наданне ўсім народам Рас. імперыі свабоды нац. самавызначэння, супрацоўнічаў з партыяй кадэтаў. Спачатку прыхільнік пазітывізму, з 1880-х г. імкнуўся да сацыялагічнага абагульнення фактаў грамадскага жыцця (распрацаваў прынцып арган. адзінства гісторыі і сацыялогіі, канцэпцыю «агульных тыпаў», або «цывілізацый», аб’яднаных агульнасцю паходжання і гіст. лёсу). Аўтар прац «Сяляне і сялянскае пытанне ў Францыі ў апошняй чвэрці XVIII ст.» (1879), «Асноўныя пытанні філасофіі гісторыі» (т. 1—3, 1883—90), «Гістарычны нарыс Польскага сейма», «Падзенне Польшчы» ў гістарычнай літаратуры» (абедзве 1888), «Гісторыя Заходняй Еўропы ў новы час» (т. 1—7, 1892—1917), «Старыя і новыя эцюды аб эканамічным матэрыялізме» (1896), «Уводзіны ў вывучэнне сацыялогіі» (1897) і інш., падручнікаў і дапаможнікаў па ўсеаг. гісторыі.

Тв.:

Основы русской социологии. СПб., 1996.

Літ.:

Золотарев В.П. Историческая концепция Н.​И.​Кареева: Содержание и эволюция. Л., 1988.

т. 8, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,

гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел,літ. летапісным зводзе (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САРЫК ((Masaryk) Томаш Гарыг) (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),

чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш. паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп. аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — ад чэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш. нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.

І.​В.​Шаблоўская.

Т.Г.Масарык.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ПІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.4.1833, г. Саратаў, Расія —9.12.1904),

рускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст; прадстаўнік культурна-гістарычнай школы. Акад. (1898, з 1891 чл. кар.) Пецярбургскай АМ. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1853). Друкаваўся з 1852. Супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», «Современник», «Вестник Европы». У маладосці быў пад ідэйным уплывам М.​Г.​Чарнышэўскага (свайго стрыечнага брата), потым прыхільнік памяркоўна-ліберальных, асветніцкіх поглядаў. Сярод яго прац: «Гісторыя славянскіх літаратур» (з У.​Д.​Спасовічам, 2-е выд., т. 1—2, 1879—81), «Гісторыя рускай літаратуры» (4-е выд., т. 1—4, 1911—13). У «Гісторыі рускай этнаграфіі» (т. 1—4, 1890—92) у 7 раздзелах 4-га т. ўпершыню ахарактарызаваў і абагульніў найважнейшыя працы па бел. этнаграфіі і фальклоры. Агляд гісторыі бел. этнаграфіі зрабіў у цеснай сувязі з гіст. і культ. развіццём Беларусі; этнагр. навуку і л-ру разглядаў як форму выражэння самасвядомасці народа, сцвярджаў нац. самабытнасць бел. народа, аналізаваў дзейнасць даследчыкаў бел. нар. творчасці, этнографаў П.​В.​Баброўскага, І.​І.​Насовіча, Ю.​Ф.​Крачкоўскага, Е.​Р.​Раманава, П.​В.​Шэйна і інш. Працы П. вызначаюцца глыбінёй даследавання праблем, перакананасцю думкі, багаццем фактычнага, у многіх выпадках арыгінальнага матэрыялу.

Літ.:

Сакулин П.Н. А.​Н.​Пыпин: Его науч. заслуги и обществ. взгляды. М., 1905;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дакуме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Дзелавая папера, якая служыць доказам чаго‑н. ці пацвярджае права на што‑н. Апраўдальны дакумент. Прыходныя і расходныя дакументы.

2. Пісьмовае пасведчанне, якое пацвярджае асобу прад’яўніка. У вагоне загаманілі, пасажыры стоўпіліся ў калідоры — ля выхаду з вагона два вайсковыя правяралі дакументы. Хадкевіч. Васіль зайшоў у будку, падаў вартаўніку свой дакумент. Кулакоўскі.

3. Пісьмовы акт, грамата, здымак і пад., якія маюць значэнне гістарычнага паказання, сведчаць аб чым‑н. Архіўныя дакументы. Дакумент гістарычнай важнасці. □ У штабе атрада мне паказалі адзін з шматлікіх дакументаў мужнасці. Два лісточкі паперы, на якіх .. Гаварылася аб змаганні і смерці васемнаццаці герояў пагранічча. Брыль.

[Ад лац. documentum — доказ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меда́ль, ‑я, м.

Знак пераважна ў выглядзе металічнага кружка з якім‑н. рэльефным адбіткам і надпісам для ўзнагароды за асаблівыя заслугі, баявыя і працоўныя подзвігі. Медаль «За адвагу». Медаль «За працоўную доблесць». □ Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб .. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. // Падобны знак, які выдаецца за выдатныя поспехі ў вучобе або пераможцам конкурсаў, спаборніцтваў. Залаты алімпійскі медаль. □ Уладзімір Ільіч ганарыўся залатым медалём, які ён атрымаў разам з атэстатам сталасці. Чарнышэвіч. // Падобны знак, выпушчаны ў памяць аб якой‑н. гістарычнай падзеі або ў гонар выдатнага дзеяча.

•••

Адваротны бок медаля гл. бок.

[Фр. médaille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дзіць, ‑ра́джу, ‑ра́дзіш, ‑ра́дзіць; зак., што і з інф.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну, што ёй парадзіць? Колас.

•••

Нічога не парадзіш — а) аб немагчымасці зрабіць што‑н. так, як хочаш. Маці пачала яе адгаворваць, не пускаць. Ды дзе там — нічога не парадзіш з упартаю дачкою! Якімовіч; б) пра неабходнасць згадзіцца з тым, што ёсць. Нічога не парадзіш, прыйшлося Беразоўскаму прывезці бульбу і муку. С. Александровіч.

парадзі́ць, ‑раджу́, ‑ро́дзіш, ‑ро́дзіць; зак., што.

Быць прычынай узнікнення, з’яўлення чаго‑н. Эпоха, што парадзіла і абумовіла творчасць Купалы, характарызуецца падзеямі выключнай гістарычнай важнасці. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгая фраза, урывак прамовы, асобная шматслоўная рэпліка, якія гаворацца звычайна прыўзнятым тонам. Тырада ветліва-пустая. Ніхто брывом не варухне. — Вы есці будзеце, пытаю? Вы сядзеце абедаць? — Не! Вялюгін. Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці. Васілёнак. — Чакай, Андрэй, не хітруй, — перарваў я яго высокую тыраду. — Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду з табой. Краўчанка. // Маналог такога характару ў рамане, п’есе. Тырады Чацкага. □ У «Песні» [М. Гусоўскага] знаходзім такую, непаўторную, здаецца, па сваёй гістарычнай праўдзівасці, тыраду. Майхровіч.

[Фр. tirade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фармалі́зм, ‑у, м.

1. У філасофіі — уласцівы разнастайным відам ідэалізму адрыў формы ад зместу.

2. У мастацтве — напрамак 19 — пачатку 20 стст., які ў суцрацьлегласць рэалізму адрываў мастацтва ад сацыяльна-гістарычнай глебы і надаваў асноўнае значэнне форме. Рэвалюцыйная літаратура ў тую пару была яшчэ вельмі слабай, ёй не хапала сіл, каб даць адпор фармалізму і эстэцтву. Гіст. бел. сав. літ.

3. Фармальнае стаўленне да чаго‑н. на шкоду сутнасці справы. [Сакратар:] — Павінна нарадзіцца ідэя руху ўдарнікаў. Ды асцярожна, разумна, не патапіце гэту важнейшую справу ў фармалізме. Лобан. Шамякін з усёй рашучасцю сцвярджае, што бяздушны фармалізм, казёншчына вытручваюць з чалавека ўсё жывое. Кучар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

леге́нда 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Народнае паданне аб якой‑н. гістарычнай падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як верагоднае. Героі ніколі не паміраюць. Ім вечна жыць у легендах, песнях. «Звязда». Шмат злажылі казак, І легенд, і песень Людзі пра балота, Пра сваё Палессе. Купала. // Выдуманы, перабольшаны расказ аб кім‑, чым‑н. Па вёсках — бясконцыя чуткі і легенды пра «атамана Муху». Таўлай.

2. Вымысел, што‑н. неверагоднае. Разбіць легенды аб чым-небудзь.

3. Выдуманыя звесткі пра сябе (аб тым, хто выконвае сакрэтнае заданне). Стала відавочна, што легенда, якую .. [Косця] расказаў гестапаўцам, няўдалая. Новікаў.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

леге́нда 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец.

1. Сукупнасць умоўных знакаў і тлумачэнняў да карты, плана і пад.

2. Надпіс на манеце.

[Ад лац. legenda — тое, што павінна быць прачытана.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)