МІГА́Й Сяргей Іванавіч (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),
расійскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял.т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ПСЕЛ (Michaēl Psellos; свецкае Канстанцін; 1018, г. Стамбул, Турцыя — каля 1097),
візантыйскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Вывучаў філасофію ў школе вядомага рытара і паэта Іаана Маўрапода. У 1041 сакратар імператара. Пры Канстанціне IX [1042—55] кіраўнік Вышэйшай філас. школы. Удзельнік гуртка сталічных інтэлектуалаў, які рабіў вял. ўплыў на ўрад Канстанціна IX. Каля 1050 трапіў у апалу, у 2-й пал. 1054 пастрыгся ў манахі, але хутка зноў быў вернуты на двор. Пры Канстанціне X [1059—67] выхавацель наследніка (будучы імператар Міхаіл VII). Пасля 1075 пакінуў двор; апошнія гады жыцця правёў, верагодна, у манастыры. М.П. — вучоны новага тыпу, энцыклапедыст. Адзін з першых сярод візант. філосафаў абараняў ідэі рацыяналізму, адстойваў права чалавека на навук. пазнанне свету. «Хранаграфія» М.П. (асн.паліт. ідэя якой — асуджэнне дэспатызму) — найважнейшая крыніца па гісторыі Візантыі 976—1078, помнік перадрэнесансавай л-ры. Сярод інш. прац багаслоўскія і філас. творы, трактаты па матэматыцы, медыцыне, музыцы, праве. У яго пісьмах адлюстравана інтэлектуальнае жыццё тагачаснай Візантыі.
Тв.:
Рус.пер. — Хронография. М., 1978.
Літ.:
Любарский Я.Н. Михаил Пселл: Личность и творчество: К истории византийского предгуманизма. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮСЭ́ (Musset) Альфрэд дэ (11.12. 1810, Парыж — 2.5.1857),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1852). Вывучаў медыцыну, права. У 1828—30 належаў да гуртка рамантыкаў «Сенакль» на чале з В.Гюго. Дэбютаваў кн.рамант. паэм «Іспанскія і італьянскія аповесці» (1830). У зб.драм. твораў «Спектакль у крэсле» (1832, у т. л. паэмах «Намуна», «Вусны і чаша»), паэме «Рала» (1833) узмацніліся крытыцызм і іронія, абумоўленая расчараваннем М. ў рамант. ідэалах. У цыкле лірычных паэм «Ночы» (1835) матывы самоты, тугі, пакут. Раман «Споведзь сына веку» (1836) — узор аналіт. псіхалагізму. Схільнасцю да камерных, асабістых тэм, вольнай фантазіяй, натуральнасцю і жывасцю мовы, майстэрствам псіхал. характарыстык адметныя яго п’есы «Венецыянская ноч» (1830), «Над каханнем не жартуюць» і «Ларэнцача» (абедзве 1834), навелы «Эмеліна» (1837), «Фрэдэрык і Бернерэта» і «Марго» (абедзве 1838) і інш. Аўтар вершаванай сатыры «Закон аб друку» (1835), літ.-крытычных артыкулаў. На бел. мову яго верш «Зорка» пераклаў А.Дудар.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—2. М., 1957;
Исповедь сына века: Роман. Новеллы. Пьесы. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРО́НАК (Turonek) Юры Браніслававіч (н. 26.4.1929, г. Дукштас, Літва),
польскі даследчык бел. гісторыі, культуры, асветы. Д-ргіст.н. (1986). Скончыў Гал. школу планавання і статыстыкі ў Варшаве (1952). Адзін з арганізатараў і старшыня праўлення (1956—66) Варшаўскага аддзялення Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ), у 1970—75 старшыня Навук.гуртка БГКТ. Даследуе гісторыю бел. школьніцтва на Беласточчыне, бел. кнігавыдавецкай справы і каталіцызму, ням.акупац. палітыку ў Беларусі.
Тв.:
Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд. Беласток, 1976;
Памяці Браніслава Туронка. Ню Ёрк;
Варшава, 1990;
Каталіцызм у Беларусі — маштаб праблемы // Скарыніч. 1991. Вып. 1;
Фармаваньне сеткі рыма-каталіцкіх парафіяў у Беларусі (1387—1781 г.) // Бел.гіст. агляд. 1995. Т. 2, сш. 2;
Канфесійная трансфармацыя на Беларусі і нацыянальная самасвядомасць // Беларуская думка XX ст. Варшава. 1998;
Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). Мн.. 2002;
Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusí. Warszawa, 1992;
Książka bialoruska w II Rzeczypospolitej, 1921—1939. Warszawa, 2000;
Бел.пер. — Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993;
Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—44) // Спадчына. 1997. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСТРЖЭ́МБСКІ Іван (Ян Фердынанд) Львовіч (1814, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — пасля 1883),
рэвалюцыянер-петрашэвец, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1841). Выкладаў палітэканомію і статыстыку ў Ін-це корпуса інжынераў шляхоў зносін і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. З восені 1848 член гуртка М.В.Петрашэўскага, на сходах якога чытаў лекцыі па палітэканоміі. На фарміраванне яго філас. поглядаў паўплываў А.І.Герцэн. Як і большасць петрашэўцаў адхіляў сістэму камунізму, які адмаўляў усякую ўласнасць. Разам з тым крытыкаваў капіталізм за тое, што ён выклікае збядненне пэўных слаёў насельніцтва. 2.5.1848 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. 3.1.1850 прыгавораны да смяротнай кары, але ў той жа дзень паводле канфірмацыі на Сямёнаўскім пляцы ў Пецярбургу пакаранне заменена на 6 гадоў катаргі. Сасланы ў Табольскую губ. У 1857 яму дазволена вярнуцца на радзіму; да 1872 жыў пад наглядам паліцыі. У 2-й пал. 1850-х г. як інжынер удзельнічаў у буд-ве шашы Масква—Варшава на тэр. Магілёўскай губ. Аўтар мемуараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ажыві́цца, ажыўлюся, ажывішся, ажывіцца; зак.
1. Ажыць, прачнуцца. Прырода ажывілася.
2. Зрабіцца больш ажыўленым, вясёлым, жыццярадасным. Заўважыўшы людзей, Раман ажывіўся і значна павесялеў.Колас.Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам.Дуброўскі.
3. Зрабіцца шумным, поўным руху, дзейнасці. Пасекі ажывіліся... Зусім новыя людзі насялілі іх.Чарот.Празвінеў лясны званок, І адразу ажывіўся, І на ўсе лады заліўся З краю ў край зялёны бор.Бачыла.
4. Зрабіцца больш актыўным; пайсці жывей, хутчэй. Работа гуртка адразу ажывілася, колькасць аматараў тэхнікі падвоілася.Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БА́ЦЮШКАЎ Канстанцін Мікалаевіч (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),
рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус.дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ.гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;
Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;
Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.Н.Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;
Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕЎСКІ Іван Васілевіч (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),
расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус.правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН Аляксандр Львовіч (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-рслав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел.нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел.навук.-літ.гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕТ МАСТА́ЦТВА»,
расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час.«Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.Бенуа і С.Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.Астравумава-Лебедзева, Л.Бакст, І.Білібін, М.Дабужынскі, А.Галавін, І.Грабар, К.Каровін, Б.Кустодзіеў, М.Рэрых (старшыня), Я.Лансерэ, К.Сомаў, В.Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус.рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюз рус. мастакоў.