МАТЫ́С ((Mathis) Эдзіт) (н. 11.2.1938, г. Люцэрн, Швейцарыя),

швейцарская спявачка (сапрана). Вучылася ў Люцэрнскай кансерваторыі. Спявала ў Кёльнскім і Гамбургскім оперных т-рах. Удзельнічала ў Зальцбургскім і інш. фестывалях. З 1963 салістка Берлінскай дзярж. оперы, з 1970-х г. выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Для творчасці характэрны высокая муз. культура, гарманічнае адзінства вак. і сцэн. малюнка. Сярод партый: Мелізанда («Пелеас і Мелізанда» К.​Дэбюсі), Паміна, Сюзанна («Чароўная флейта», «Вяселле Фігара», В.​А.​Моцарта), Марцэліна («Фідэліо» Л.​Бетховена). Вядома як выканальніца сапранавых партый у кантатах і пасіёнах І.​С.​Баха.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРГАМЫ́ЖСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (17.2.1813, с. Троіцкае Тульскай вобл., Расія — 17.1.1869),

рускі кампазітар; адзін з заснавальнікаў рус. класічнай муз. школы (разам з М.Глінкам). Атрымаў рознабаковую (у т. л. муз.) хатнюю адукацыю. Паслядоўнік Глінкі, самабытна развіваў яго традыцыі. Верны асн. прынцыпам народнасці, нац. характэрнасці музыкі, Д. праклаў новыя шляхі ў рус. муз. мастацтве, абнавіў прыёмы і сродкі муз. выразнасці. Яго найб. вядомы твор — опера «Русалка» (1856) знаменавала нараджэнне новага жанру — нар.-бытавой псіхал. муз. драмы. На аснове меладызаванага рэчытатыву, блізкага да жывых інтанацый гаворкі, стварыў тып рэчытатыўнай оперы («Каменны госць» на тэкст А.​Пушкіна; скончана Ц.​Кюі і М.​Рымскім-Корсакавым, 1872). Д. ўпершыню ўвасобіў у музыцы тэму сац. няроўнасці, узбагаціў жанры вак. лірыкі: рамансы «Я вас любіў», «Вяселле», «Начны зефір», «I сумна, і нудна», песня «Млынар», драм. песня «Стары капрал», сатыр.-камічныя песні «Чарвяк», «Тытулярны саветнік». З інш. твораў: опера «Эсмеральда» (1847), опера-балет «Трыумф Вакха» (1848); для аркестра: жарт-фантазія «Баба-яга, або 3 Волгі nach Riga» (1862), «Маларасійскі казачок» (1864), «Чухонская фантазія» (1867). Д. акрэсліў новыя шляхі ў оперным і камерна-вак. жанрах, якія вядуць да творчасці М.​Мусаргскага, П.​Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў.

Літ. тв.: Избр. письма. Вып. 1. М., 1952.

Літ.:

Пекелис М. Даргомыжский и народная песня. М.; Л., 1951;

Яго ж. А.​С.​Даргомыжский и его окружение. Т. 1—3. М., 1966—83;

Скудина Г. Даргомыжский — восхождение к правде // Муз. жизнь. 1984. № 5.

Н.​М.​Юдзеніч.

А.С.Даргамыжскі.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСТАЙН ((Bernstein) Леанард) (25.8.1918, г. Лорэнс, штат Масачусетс, ЗША — 14.10.1990),

амерыканскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це і Муз. ін-це Кёртыс. Удасканальваўся ў С.Кусявіцкага. Гал. дырыжор Нью-Йоркскіх філарманічнага (1958—69) і гарадскога (1945—48) аркестраў. З 1944 гастраліраваў як дырыжор і выканаўца фп. партыі ва ўласных і класічных творах, інтэрпрэтатар класічнай і сучаснай музыкі, у т. л. Дз.​Шастаковіча. Аўтар опер «Хваляванні на Таіці» (1956), «Ціхае месца» (1986), балетаў, мюзіклаў (у т. л. «Вестсайдская гісторыя», 1957), аперэты «Кандыд» (1956), 3 сімфоній (1943—63), вак. цыклаў, музыкі да кінафільмаў і інш. У кн. «Бясконцая разнастайнасць музыкі» (1966) выступіў супраць авангардызму.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ-ВА́ГНЕРЭ ((Heine-Vāgnere; Гейне-Вагнер) Жэрмена Леапольдаўна) (н. 23.6.1923, Рыга),

латышская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Латв. кансерваторыю (1950). У 1950—75 салістка Латв. т-ра оперы і балета. Дасканалае вак. майстэрства спалучаецца ў яе творчасці з яркім драм. талентам. Сярод партый: Банюта («Банюта» А.​Калніньша), Спідола («Агонь і ноч» Я.​Медыня), Гундэга («Прынцэса Гундэга» А.​Скултэ), Леанора, Дэздэмона, Аіда, Тоска, Віялета («Трубадур», «Атэла», «Аіда», «Тоска», «Травіята» Дж.​Вердзі), гал. партыі ў операх Р.​Вагнера «Тангейзер», «Лаэнгрын», «Валькірыя» і інш. Выканала партыі сапрана ў 9-й сімфоніі Л.​Бетховена, «Рэквіеме» Вердзі, «Асуджэнні Фауста» Г.​Берліёза і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1957.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЬПЕ (Вулпе) Іван Мікалаевіч

(1.9.1876, г. Балград, Украіна — 26.8.1929),

балгарскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў балг. вак. школы. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю (1902), спяваў у Оперным т-ры Зіміна ў Маскве, у гар. т-ры ў Іркуцку. З 1908 жыў у Балгарыі. З 1912 выкладаў у муз. вучылішчы ў Сафіі (з 1921 Дзярж. муз. акадэмія). Удзельнічаў у стварэнні Балг. опернага т-ра (з 1921 Сафійская нар. опера; да 1926 яе саліст). Сярод партый: Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Марсель («Гугеноты» Дж.​Меербера). Сярод яго вучняў Х.​Брымбараў, П.​Райчаў, М.​Папоў, А.​Нікалай.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́Б’ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (15.8.1787, г. Табольск — 6.3.1851),

рус. кампазітар, выдатны майстар раманса. У 1825 памылкова абвінавачаны і арыштаваны, у 1828—43 у ссылцы. З вак. твораў найб. папулярныя «Салавей», «Вячэрні звон». Адзін з першых інтэрпрэтатараў паэзіі А.​Пушкіна ў музыцы («Я Вас любіў», «Зімовая дарога» і інш.). Аўтар 6 опер, у т. л. «Месячная ноч, або Дамавікі» (1822), «Амалат-Бек» (1847), балета «Чароўны барабан, або Вынік Чароўнай флейты» (1827), сімф. і камерна-інстр. твораў, у т. л. сімфоніі (1830), фп. трыо, музыкі да драм. спектакляў і вадэвіляў, зборнікаў апрацовак укр. нар. песень.

Літ.:

Доброхотов Б. Александр Алябьев: Творческий путь. М., 1966.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА (Раіса Васілеўна) (н. 8.12.1926 Гомель),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыла Бел. кансерваторыю (1951, клас. Я.​Віцінга). У 1951—82 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вылучалася драм. тэмпераментам, добрай вак. школай. Сярод партый: у нац. рэпертуары Алеся («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Саўка («Марынка» Р.​Пукста), Надзея Дурава (у аднайм. оперы А.​Багатырова), Мальвіна («Калючая ружа» Ю.​Семянякі), Васілеўна і Маці («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера); у класічным — Ядвіга («Страшны двор» Манюшкі), Ваня («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Вольга («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Клітэмнестра («Арэстэя» С.​Танеева), Зібель («Фауст» Ш.​Гуно).

т. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСІЛО́ЎСКІ (Яўген Рыгоравіч) (12.11.1905, г. Растоў-на-Доне — 1981),

казахскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў прафес. жанраў у каз. муз. мастацтве. Нар. арт. Казахстана (1936). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931). З 1944 выкладаў у Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1955 праф.). Аўтар першых каз. опер («Кыз Жыбек», 1934; «Жалбыр», 1935; «Ер-Таргын», 1937; «Гвардыя, уперад!», 1942; «Дударай», 1953), сімфоній (у т. л. 6-й «Курмангазы», 1965), кантаты, вак.-сімф., камерных, інстр. твораў. У ліку яго вучняў К.Кужам’яраў, Е.Рахмадыеў, М.​Тулебаеў. Старшыня праўлення Саюза кампазітараў Казахстана (1939—53). Дзярж. прэмія СССР 1948, Дзярж. прэмія Казахстана 1967.

Літ.:

Ерзакович Б. Аксакал казахской музыки // Композиторы Казахстана: Сб. очерков. Алма-Ата, 1982. Вып. 2.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА»,

творчае аб’яднанне. Створана ў 1992 як установа культуры Гродзенскага гарвыканкома. Арганізатар і маст. кіраўнік А.Бандарэнка, з 1996 — А.​Саладухін. У складзе капэлы камерныя хор (дырыжор Л.​Іконнікава) і аркестр (дырыжор У.​Борматаў), інстр. ансамбль салістаў, салісты-вакалісты. У праграмах капэлы муз. творы розных стыляў, эпох і жанраў, ад камерных (рамансы, інстр. п’есы) да сімфанічных і вак.-сімфанічных (сімфоніі, кантаты, араторыі), старадаўніх і сучасных бел. кампазітараў, рус. і зах.-еўрап. класікаў 17—20 ст., духоўная музыка, бел. нар. песні і інш. Мае на мэце адраджэнне і развіццё традыцый бел. муз. мінуўшчыны, прапаганду лепшых узораў бел. і сусв. муз. мастацтва, культ.-асв. і выдавецкую дзейнасць.

т. 5, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБАРЭ́НКА (Віталь Сяргеевіч) (н. 13.6.1934, г. Харкаў, Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1993). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1960). У 1961—72 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. Найб. плённа працуе ў муз.-сцэн. жанры. Сярод твораў: 12 опер, у т. л. «Помні мяне» (1977), «Сват паняволі» («Шальменка-дзяншчык», 1984), «Альпійская балада» паводле В.​Быкава (1985), опера-балет «Вій» (1980), монаоперы «Пісьмы кахання» (1971) і «Адзіноцтва» (1993); балеты, у т. л. «Каменны ўладар» па матывах драмы Л.​Украінкі (1969); 3 сімфоніі (1961—74); 4 камерныя сімфоніі (1967—94), канцэрты для інструментаў з аркестрам; вак. цыклы і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1984.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)