БРЫ́НСКІ (Антон Пятровіч) (10.6.1906, в. Андрэеўка Чамеравецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 14.6.1981),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камянец-Падольскую саўпартшколу (1926), курсы «Выстрал» (1945) і камандзіраў палкоў (1952). З 1928 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну выконваў спецзаданні ў тыле ворага, з кастр. 1941 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на чыг. Орша—Барысаў, на Брэсцкім, Баранавіцкім і Лунінецкім чыг. вузлах. З ліст. 1942 ствараў партыз. асобыя атрады і групы ў зах. абласцях Украіны, з 1943 камандзір партыз. злучэння асобага прызначэння. Аўтар кніг-успамінаў.

А.П.Брынскі.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНРУБ (Мацей Рыгоравіч) (н. 2.5.1910, г. Барысаў),

Герой Сав. Саюза (1945). Ген.-лейт. танк. Войск (1968). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу (1931), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941), Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1929. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах: нач. разведкі дывізіі, камандзір танк. палка, нам. камандуючага войскамі 62-й (з 1943 — 8-й гвардз.) арміі. Удзельнік абароны Сталінграда. Вызначыўся ў студз. 1945 у час прарыву ўмацаванай паласы абароны ворага на левым беразе Віслы на Пд ад Варшавы. Да 1970 у Сав. Арміі.

М.Р.Вайнруб.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРО́НСКІ (Макар Кандратавіч) (14.4.1910, г. Барысаў Мінскай вобл. — 13.11.1994),

украінскі скульптар. Нар. мастак Украіны (1963). Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1945). Выкладаў у ім (1949—94), праф. (1963). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Сярод работ: помнікі Т.​Р.​Шаўчэнку (1950, у сааўт., Дзярж. прэмія СССР 1951) у г. Палерма (Канада), Багдану Хмяльніцкаму (1953) у г. Хмяльніцкі (Украіна); кампазіцыі «Леся Украінка» (1947), «На паншчыне» (1957); партрэты-бюсты М.​М.​Амосава (1961), Т.​Р.​Шаўчэнкі (1964); манумент Вечнай славы (1977) у г. Луцк (Украіна). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1984.

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНЬ (сапр. прозвішча, магчыма, Іваноў) Фёдар Савельевіч, рускі дойлід 2-й пал. 16 ст. Адзін са стваральнікаў рус. фартыфікацыйнай школы, якая зрабіла ўплыў на крапасное буд-ва 16—17 ст. у Расіі і на Беларусі. Паходзіў, верагодна, з прыгонных (раён Дарагабужа, цяпер Смаленская вобл.). Будаўнік магутных крапасных збудаванняў: каменныя сцены і вежы Белага горада Масквы (1585—93, знесены ў 18 ст.), гар. сцены Смаленска (1595—1602) і інш. Яму прыпісваюць буд-ва крэпасці Барысаў Гарадок каля Мажайска (1599, разабрана ў пач. 19 ст.).

Літ.:

Белогорцев И. Зодчий Федор Конь. Смоленск, 1949;

Косточкин В.В. Государев мастер Федор Конь. М., 1964.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́НКА (Франя Міхайлаўна) (н. 17.6. 1941, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1996), праф. (1997). Скончыла БДУ (1965). Працавала ў школе, у 1967—68 у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы. З 1969 у БДУ. Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. мовы ў сярэдняй школе. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі моўнай адукацыі на Беларусі і аўтараў падручнікаў, навуч. і метадычных дапаможнікаў па рус. мове для школы.

Тв.:

Семантико-грамматический аспект осложнения // Весн. БДУ. Сер. 4. 1992. № 3;

Предложения с характеризующим членом: семантика, интонация, актуальное членение // Вопросы лингвистики: Сб. науч. статей. Мн., 1996.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.​Я.​Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.​К.​Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в. Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЯ́ЦІЧЫ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача (бас. Дняпра). Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Барысаў, 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Прыяміна. 1922 ж., 928 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

Каля вёскі выяўлены селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 10—11 ст. Сярод знаходак на селішчы ляпная і ганчарная кераміка, крамянёвыя загатоўкі для стралы, жал. нож. У кургане з трупапалажэннем знойдзены шкляныя залачоныя і бронзавыя пацеркі, медны бранзалет, жал. нож, у курганах з трупаспаленнем — жал. спражка і фрагмент бронзавага ўпрыгожання.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Міхаіл Рыгоравіч) (н. 12.7. 1913, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідраэнергетыкі і воднай гаспадаркі. Канд. тэхн. н. (1951). Засл. меліяратар Беларусі (1973). Скончыў БПІ (1937). З 1951 вучоны сакратар прэзідыума і нам. дырэктара Ін-та энергетыкі АН Беларусі. У 1962—83 дырэктар Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Навук. працы па комплексным выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў рэспублікі і басейнаў асобных рэк. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, праграм аховы навакольнага асяроддзя і інш.

Тв.:

Водноэнергетический кадастр Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1960—62 (у сааўт.);

Водные ресурсы Белоруссии и перспективы их использования. Мн., 1976 (разам з І.​Я.​Куксіным).

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТКО́Ў (Сцяпан Дзмітрыевіч) (1.1.1911, г. Апочна Лодзінскага ваяв., Польшча — 10.4.1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. авіяцыі (1955). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну маёр П. да лютага 1943 зрабіў 43 баявыя вылеты. Знішчальная дывізія на чале з П. у чэрв.—ліп. 1944 наносіла ўдары па ворагу ў раёнах Оршы, Барысава, Мінска, Гродна; на чыг. участку Орша—Барысаў лётчыкі дывізіі паралізавалі рух у тыле праціўніка, нанеслі значныя страты ворагу ў мінскім «катле». Да 1971 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Ліда Гродзенскай вобл.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШКО́ЎСКІ (Леанід Сямёнавіч) (9.1.1937, г. Барысаў Мінскай вобл. — 31.5.1994),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1964—68). Друкаваўся з 1955. Пісаў на бел. і рус. мовах. Героі вершаў са зб-каў «Няхай не паміраюць зоркі» (1968), «Лівень» (1975), «Пераадоленне» (1979) — няскораныя і моцныя духам людзі, якія вераць ў свае сілы. Аўтар кніг паэзіі для дзяцей «Як пінгвіну шылі фрак» (1970), «Трубач» (1976), «На вясёлай каруселі» (1984) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы П.​Броўкі, С.​Грахоўскага, Е.​Лось, У.​Нядзведскага, А.​Сербантовіча. На бел. мову яго рус. вершы пераклалі Грахоўскі, М.​Калачынскі, К.​Камейша, Нядзведскі, Ю.​Свірка.

Тв.:

Откровение Мн., 1987.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)