(Ankylosauria), панцырныя дыназаўры, падатрад выкапнёвых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. Рэшткі вядомы з адкладаў сярэдняй і верхняй юры Зах. Еўропы і мелу Паўн. Амерыкі, Зах. Еўропы і Аўстраліі. 2 сям., каля 25 родаў, 40 відаў.
Даўж. да 9 м. Мелі шырокае, сплюшчанае цела, зверху ўкрытае касцянымі шыпамі і панцырнымі пласцінкамі, злітымі ў суцэльны панцыр (адсюль другая назва). На канцы хваста, які служыў актыўным сродкам абароны ад драпежных дыназаўраў, былі вострыя шыпы. Карміліся расліннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 25 км на З ад г. Рэчыца. Адкрыта ў 1979, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. каля 6 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2900—3900 м. Пароды калектары — трэшчынавата-кавернозна-порыстыя даламіты і вапнякі. Нафта высокапарафінавая, маласмалістая, маласярністая, лёгкая, малавязкая з удзельнай вагой 0,87 г/см³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕЧНІК,
1) буйнаабломкавая горная парода, складзеная з галькі з дамешкамі жвіру, пяску, дробных валуноў. Прамежкі паміж цвёрдымі часцінкамі могуць быць запоўнены гліністым або карбанатным матэрыялам. Пласты галечніку звязаны з прыбярэжна-марскімі, водна-ледавіковымі, рачнымі адкладамі. Галечнік з антрапагенавых адкладаў шырока выкарыстоўваецца для дарожнага буд-ва, баластавання чыгункі, фільтрацыйных збудаванняў і інш. 2) Спецыяльная расчышчаная ў лесе пляцоўка з падсыпаным буйназярністым пяском у месцах зімовага знаходжання глушцоў, рабчыкаў, цецерукоў (неабходная птушкам для лепшага засваення грубага зімовага корму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Давыдаўка. Адкрыта ў 1967. Распрацоўваецца з 1975. Паклады нафты пл. каля 11 км² прымеркаваны да падсалявых, міжсалявых і надсалявых дэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2532 — 3110 м. Пароды-калектары — кавернозна-порава-трэшчынаватыя даламіты, даламітызаваныя вапнякі, вапнякі, ангідрыты з лінзамі вапнякоў. Нафта лёгкая, маласярністая, смалістая, парафінавая з вялікай колькасцю бензінавых і газавых фракцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-МАЛАДУ́ШЫНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., за 25 км на ПдЗ ад г. Рэчыца. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1989, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. каля 1,9 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Маладушынскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 2313—3690 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОНГ-А́ЙЛЕНД (Long Island),
нізінны востраў у Атлантычным ак. каля берагоў ЗША, паблізу вусця р. Гудзон. Тэрыторыя ЗША. Аддзелены ад мацерыка пратокай Іст-Рывер і аднайменным пралівам. Пл. 4,5 тыс.км², даўж. каля 200 км, шыр. да 37 км. Складзены з рыхлых марскіх і ледавіковых адкладаў. Паверхня нізінная, выраўнаваная, з боку акіяна шматлікія пясчаныя косы. У зах.ч. — раёны Нью-Йорка Бруклін і Куінс, на астатняй тэрыторыі пераважна дачныя пасёлкі, паркі, пляжы. Адкрыты ў 1609 англ. мараплаўцам Г.Гудзонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ДЗВІНСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.
У Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Надзвін. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1972, распрацоўваецца з 1980. Паклады нафты пл. 7,2 км² прымеркаваны да дэвонскіх адкладаў ( у іх разрэзе 2 саляносныя, падсалявыя і надсалявыя тоўшчы) на ПнУ Прыпяцкага прагіну, у межах Маладушынскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаносных пластоў 2915—2939 м. Пароды-калектары — трэшчынна-порава-кавернавыя вапнякі і даламіты. Разведаныя запасы нафты 2,7 млн.т. Нафта маласярністая, смалістая, парафінавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́НСУЛЫ (Proconsul),
вымерлыя чалавекападобныя малпы. Былі вылучаны ў асобны род, пазней уключаны як падрод з 3 відамі ў род дрыяпітэкаў. Вядомы з міяцэну (каля 25—20 млн.г. назад) па шматлікіх рэштках (чарапы, сківіцы, зубы, косці канечнасцей) з адкладаў у наваколлях воз. Вікторыя (Усх. Афрыка). Верагодна, П. — продкавыя формы сучасных чалавекападобных малпаў гарыл і шымпанзэ.
Характэрныя рысы — адсутнасць надброўных дуг і адносна слабае развіццё сківіц. Разцы малыя, іклы вялікія. Перамяшчаліся пераважна на чатырох канечнасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПА́ПАРАЦІ (Primofilices),
падклас вымерлых папарацепадобных раслін. Існавалі ў сярэдзіне дэвону — пермі (каля 350—250 млн.г. назад). Вывучаны 3 парадкі: кладаксілатас (Cladoxylates), протаптэрыдыялес (Protopteridiales) і цэнаптэрыдыялес (Coenopteridiales). На Беларусі выкапнёвыя рэшткі П. трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал.адкладаў.
Вышыня да 2 м. Дрэвападобныя расліны з дыхатамічна разгалінаваным лазячым або прамастойным сцяблом. Лістападобныя органы звычайна дробныя, дыхатамічна разгалінаваныя, складаныя, зрэдку перыстыя. Спарангіі шматспоравыя, адзіночныя, размешчаны на канцах галінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАНТО́ДЫ (Acanthodei),
клас вымерлых рыб. Вядомы з адкладаў позняга сілуру — ранняй пермі Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі, Антарктыды. 4 атрады. На Беларусі рэшткі акантод (луска, шыпы) знойдзены ў адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону. Жылі пераважна ў прэсных вадаёмах з імклівым цячэннем, радзей у лагунах і морах. У асноўным планктафагі. Магчыма, ад прымітыўных акантод адасобіліся храстковыя і касцявыя рыбы.
Даўж. да 0,5 м. Цела верацёнападобнае, з дробнымі касцявымі пласцінамі на галаве, з шыпамі (іхтыядаруліты) перад усімі плаўнікамі, акрамя хваставога. Луска ганоіднага тыпу.