ІЗАЛЯ́ТАР (франц. isolateur ад isoler раз’ядноўваць),
1) рэчыва з вельмі вял. удзельным эл. супраціўленнем (гл. Дыэлектрыкі).
2) Прыстасаванне, частка канструкцыі, што прадухіляе ўтварэнне эл. кантакту, а таксама забяспечвае мех. сувязь паміж часткамі эл. абсталявання (гл. Ізалятар электрычны).
3) Адасобленае памяшканне для хворых (гл. Бокс) або асоб, для якіх ёсць патрэба ў ізаляцыі (напр., следчы ізалятар).
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУБА,
гарызантальнае перакрыцце ў корпусе судна. Складаецца з насцілу і набору (крапежныя і сувязныя бэлькі і інш.). Верхняя П. з’яўляецца асн. падоўжанай сувяззю корпуса, якая забяспечвае яго агульную трываласць і папярочную жорсткасць. Ніжнія П. служаць для падзелу грузавых памяшканняў па вышыні (на грузавых суднах), размяшчэння пасажыраў (на пасаж. суднах), тэхнал. абсталявання (напр., на рыбаапрацоўчых суднах).
т. 12, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСАДЭ́НА Пасадына
(Pasadena),
горад у ЗША, паўн.-ўсх. прыгарад Лос-Анджэлеса, штат Каліфорнія. Засн. ў 1874. 134,6 тыс. ж. (1998). Трансп. вузел. Прам-сць: радыёэлектронная (у т. л. вытв-сць ЭВМ і абсталявання), металаапр., харчовая, Каліфарнійскі тэхнал. ін-т. Кліматычны курорт. Навагодні фестываль ружаў (з 1890). Каля П. астр. абсерваторыя Маўнт Уілсан.
т. 12, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ С.М.КІ́РАВА, «ВІСТАН». Створаны ў 1918 на базе армейскіх майстэрняў (дзейнічалі з 1914) як з-д с.-г. машын. З 1922 з-д «Чырвоны металіст» у складзе Віцебскага аб’яднання металаапр. прадпрыемстваў. З 1934 металаапр. з-д імя Кірава. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Арэнбург (Расія). Адноўлены ў Віцебску ў 1945. За пасляваен. гады з-д вырас у буйное станкабуд. прадпрыемства, самае вял. ў Беларусі па вытв-сці прэцызійнага абсталявання. У 1986—89 галаўное прадпрыемства Віцебскага станкабуд. вытв. аб’яднання. З 1989 ВА «ВІСТАН». Дзейнічаюць загатоўчы, ліцейны, механічныя і зборачны цэхі. Асн. прадукцыя (1996): круглашліфавальныя бясцэнтравыя аўтаматы і паўаўтаматы высокай і асабліва высокай дакладнасці, спец. станкі на іх базе, суперфінішныя цэнтравыя і бясцэнтравыя паўаўтаматы і аўтаматы, шараапрацоўчыя станкі, шматмэтавыя фрэзерна-свідравальна-расточныя станкі з лікавым праграмным кіраваннем, камплект абсталявання для апрацоўкі акулярных лінзаў, дрэваапр. абсталяванне, універсальныя малагабарытныя металарэзныя станкі і інш.
т. 4, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ПРАЕКТАВА́ННЯ,
выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.
Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.
Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).
Літ.:
Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;
Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.
А.Г.Раковіч.
т. 2, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВО́Д-АЎТАМА́Т,
вытворчы комплекс, які аб’ядноўвае гібкія аўтаматызаваныя цэхі загатовачнай вытв-сці, апрацоўчыя і зборачныя цэхі, аўтаматызаваныя склады матэрыялаў, загатовак, камплектуючых вырабаў з дапамогай транспартна-накапляльнай сістэмы і аўтаматызаванай сістэмы кіравання (АСК) вытв-сцю; вышэйшая форма гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Забяспечвае выпуск шырокай наменклатуры аднародных па канструкцыйных і тэхнал. параметрах вырабаў і безынерцыйны пераход на выпуск новай прадукцыі за кошт комплекснай аўтаматызацыі ўсіх асн. і дапаможных тэхнал. аперацый, праграмнай пераналадкі абсталявання, сістэм аўтаматызаванага праектавання (САПР) і кіравання вытв.-тэхнал. працэсамі.
Узаемадзеянне структурных элементаў З.-а. ажыццяўляецца сродкамі інтэграванай сістэмы кіравання на базе лакальнай вылічальнай сеткі, якая рэалізуе сумеснае выкананне функцый тэхн. і арганізац.-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці, яе планаванне, аператыўнае кіраванне на базе інтэграцыі САПР, АСК міжцэхавага ўзроўню, АСК гібкімі вытворчымі модулямі, гібкімі аўтам. лініямі, участкамі, цэхамі, заводскімі складамі, робататэхнічнымі комплексамі і асобнымі адзінкамі спец. тэхнал. абсталявання. Інфарм. забеспячэнне структурных элементаў АСК З.-а. ўключае сродкі абмену канструктарска-тэхнал., планавай, справаздачнай і нарматыўна-даведачнай інфармацыяй, кіравальнымі праграмамі для станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, данымі аб стане вытв-сці і абсталявання, камандамі і запытамі. Інтэграцыя структурных элементаў інтэграванай АСК З.-а. ажыццяўляецца сродкамі сістэмнага інтэрфейса на аснове адзінай інфарм. базы і уніфікаванага комплексу тэхн., праграмных сродкаў і пратаколаў абмену данымі. Шматузроўневы сістэмны інтэрфейс уключае сістэмныя інтэрфейсы заводскага, цэхавага ўзроўню, узроўню аўтаматызаваных участкаў і аўтам. ліній. У знешняе асяроддзе З.-а. ўваходзяць САПР, аўтаматыз. сістэмы навук. даследаванняў, што функцыянуюць у рамках навукова-вытворчых аб’яднанняў.
Г.В.Рымскі.
т. 6, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЗАМА́С,
горад у Расіі, раённы цэнтр у Ніжагародскай вобл., на р.Цёша (прыток Акі). Узнік у 1578 як горад-крэпасць. 111,3 тыс. ж. (1994). Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Машынабудаванне (вытв-сць рухавікоў, запчастак да аўтамабіляў, прылад, абсталявання для камунальнай гаспадаркі і інш.), лёгкая, харч. прам-сць. У Арзамасе была першая ў Расіі правінцыяльная школа жывапісу (1802—62).
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ, «Брэстсельмаш». Створаны ў 1946 у Брэсце як рамонтна-мех. майстэрня. З 1960 з-д, з 1970 маш.-буд. з-д абсталявання для жывёлагадоўчых фермаў, з 1975 «Брэстсельмаш», з 1992 нар. прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1995): цеплагенератары, катлы ацяпляльныя паравыя, агрэгаты для ўнясення мінер. угнаенняў, ахаладжальнікі малака, воданагравальнікі, кормазапарнікі, коранеклубнярэзкі, печкі-каменкі (для лазняў) і інш.
т. 3, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛАХО́МА-СІ́ЦІ (Oklahoma City),
горад на Пд ЗША. Адм. ц. штата Аклахома. 445 тыс. ж., з прыгарадамі 963 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фінансавы цэнтр с.-г. раёна. Авіяц., аўтамаб., радыёэлектронная (у т. л. вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі), хім., шынная, нафтаперапр., харч., паліграф. прам-сць. Металаапрацоўка, вытв-сць нафтавага абсталявання. Ун-т.
т. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НСБАРА (Greensboro),
горад на ПдУ ЗША, у штаце Паўн. Караліна. Засн. ў 1749. Каля 200 тыс. ж., з гарадамі Уінстан-Сейлем, Хай-Пойнт і агульнымі прыгарадамі каля 900 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: тытунёвая, тэкст., радыёэлектронная, харч., металаапр., хім., мэблевая; вытв-сць аўтамаб. дэталей і вузлоў, прамысл. трансп. сродкаў, рознага абсталявання. Ун-т (з 1891).
т. 5, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)