абыхо́дак, ‑дку, м.

1. Патрэбы штодзённага жыцця. Жанкі і дзяўчаты збіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак. Колас. [Федзя:] — Заўсёды нейкі грош трэба мець на абыходак. Крапіва.

2. Разм. Неабходныя рэчы, абстаноўка. [Маці:] — Стараючыся, дык і на дзвюх дзесяцінах льга жыць. Людзі жывуць. А гэта — што папрадаем увесь абыходак свой — дык яно, жывучы, нажывецца зноў. Чорны.

3. Ужытак, карыстанне. Увесці ў навуковы абыходак невядомыя дакументы.

•••

На першы абыходак — на першую патрэбу, на першы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зле́гчы, злягу, зляжаш, зляжа; пр. злёг, злегла і злягла, злегла і злягло; зак.

1. Захварэўшы, надоўга легчы ў пасцель. Іван Пракопавіч злёг: цела як разбітае, агнём гарыць галава. Навуменка. — Злёг стары, — сумна паківаў галавой Іван Іванавіч. — Можа, прастудзіўся, а мо гады вінаваты... Даніленка. // Разм. Загінуць у баі. Тысячы галоў зляглі ў крывавай бучы. Колас. [Завішнюк] доўга думаў пра тых, хто рана, заўчасна, злёг у лясной зямлі... Пташнікаў.

2. Прыгнуцца да зямлі, палегчы (пра злакавыя расліны, травы і пад.). Жыта злягло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́дзей, ‑я; мн. зладзе́і (з ліч. 2, 3, 4 зло́дзеі), зладзе́яў; м.

1. Той, хто крадзе, робіць кражу. Злавіць злодзея. Пільнаваць злодзея. □ Як яму кепска ні жылося, а ён ніколі ў жыцці не быў злодзеем. Бядуля.

2. Ужываецца як лаянкавае слова. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых, — ціха з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

•••

Кішэнны злодзей — той, хто крадзе з кішэняў.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Што‑н. непрыемнае, брыдкае, паскуднае; дрэнь, гадасць. [Янка:] — Ведаеш, брат, такая прыснілася брыда, што і цяпер яшчэ праціўна ў роце. Колас. А кпіны слухаць там і розную брыду — Ды ну іх, кажа [заяц], к ліху! Крапіва.

2. Разм. Аб кім‑н. брыдкім, паскудным, агідным. Усе адчувалі, што недалёка той дзень, калі рушыць наперад слаўная Савецкая Армія і дачыста змяце з зямлі фашысцкую брыду. Шчарбатаў. — Вон з хаты, брыда! — закрычала.. [Параска] і ўсхапілася. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бунт 1, ‑у, М ‑нце, м.

Стыхійнае паўстанне, мяцеж. Стралецкі бунт. Кулацкі бунт. □ Грозны вагар зямельных бунтаў пакаціўся па неабсяжных прасторах царскай Расіі, скутай астрогамі і ланцугамі няволі, пакаціўся бляскам пажараў, клубамі дыму, афарбоўваючы ў крывавы колер халоднае асенняе неба. Колас. // Спрэчка, сварка. [Гаспадыня:] — Ды яна [наймічка], разбойніца, бунт узняла. Не пайду, кажа, у Граева служыць. Бажко. // перан. Пратэст, абурэнне. У грудзях яе [Мікалаеўны] пачаўся сапраўдны бунт зняважаных пачуццяў. Гамолка.

бунт 2, а, М ‑нце, м.

Звязак, кіпа; стос.

[Ад ням. Bund — звязак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; зак.

1. Засланіць сябе чым‑н. Засланіцца шчытом ад удару. Засланіцца рукой ад сонца.

2. Аказацца нябачным, заслоненым чым‑н. Адна жоўтая лапінка ўвесь час паказваецца праз лісце. Мільгне, на момант заслоніцца, а потым зноў ярка жаўцее, амаль свеціцца, як уначы агонь машыны. Кулакоўскі.

3. перан. Адысці на задні план. Раззбраенне польскага канвою, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план, засланілася ганусанскімі падзеямі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Пацяшацца, праводзіць час у забава, гульнях. Два меншыя хлопчыкі забаўляліся сваімі дзіцячымі гульнямі. Колас. Дэльфіны дагналі яхту і пачалі забаўляцца ў бурлівых хвалях за кармой, перакочваючыся са спіны на жывот. Дуброўскі.

2. кім-чым. Адносіцца да чаго‑н. як да цацкі, гуляць ёю. Рыбіна, якая забаўлялася прынадай, адпусціла паплавок. Якімовіч. // перан. Абыходзіцца з кім‑н. як з цацкай, забаўкай. Дзяўчына кахала Бібікава.., а Бібікаў, відаць, толькі забаўляўся ёю і крывіў душой. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зага́на, ‑ы, ж.

1. Недасканаласць, недахоп, які выклікае асуджэнне. Заганы капіталістычнага ладу. □ — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог устрымацца, каб не павучаць. Шыцік. Ні адзін трактар не павінен быў сысці з канвеера з заганай, хоць бы самай нязначнай. Хадкевіч.

2. Фізічны недахоп арганізма, прыроджаны або набыты пасля хваробы ці траўмы. Была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а .. скрадваў яго і казаў «й». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накпі́ць, ‑кплю, ‑кпіш, ‑кпіць; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.

Злосна пасмяяцца, паздзекавацца з каго‑, чаго‑н. Ашукаць або хоць накпіць з акупанта быў немалы гонар. Лужанін. А дзед сядзе каля дуба, Кій паложыць на траву, Люльку возьме ў рот бяззубы І пахіліць галаву, Ды пачне сваё казанне, Як павінен жыць Сымон, Каб праз тое навучанне Лепш прыбраць яго ў палон, Бо таму не збыць пакуты, Хто б над старасцю накпіў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намо́ва, ‑ы, ж.

Разм.

1. Дамоўленасць аб чым‑н., угавор. І дзядзька доўга не чакае, Маўчком ён Костусю ківае; А Кастусёк даўно гатовы — У іх раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.

2. Падгавор, падбухторванне на якое‑н. дзеянне; указанне. Зрабіць па намове. □ Па намове жонкі.. [Марцін] заехаў у Масева і патрабаваў ад брата ўплаты за сваю частку. Карпюк.

3. Нагавор на каго‑н., паклёп. Пусціць у ход подкуп і намовы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)