ПЕРАДКАРПА́ЦКІ СЕРАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

адзін з найбольшых сераносных басейнаў у свеце ўздоўж паўн. і паўн.-ўсх. падножжа Карпат у Польшчы, Львоўскай, Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай абл. Украіны і паўн.-ўсх. ч. Румыніі. Даўж. 1000 км, шыр. 20—50 км, пл. 40 тыс. км². Прагнозныя рэсурсы ацэньваюцца ў некалькі мільёнаў тон серы. Радовішчы прымеркаваны да карбанатна-сульфатных адкладаў міяцэну; руды маюць да 25% серы. Дробныя радовішчы на Пд Польшчы вядомы з 15 ст. П.с.б. распрацоўваецца з 1958. Здабыча адкрытым і свідравінным спосабам. Цэнтры — г. Новы Раздол і г.п. Шкло (Украіна).

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́ШНА,

возера ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 20 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,23 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 17,9 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км. Пл. вадазбору 1,45 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнУ да 8 м, стромкія), параслі лесам, на З часткова разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 5—7 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Лешна.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),

паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.

Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.

Плашчаносная яшчарка.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНЁМАНСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Прыгодзічы Гродзенскага р-на, на правым беразе р. Нёман, на паўн. схіле Калодзежнага рова. Уключае 4 буйныя глыбы пясчана-жвірова-галечнага кангламерату, з іх найб. даўж. 10,4 м, шыр. 6,1 м, выш. 5,9 м, у абводзе 27,6 м, аб’ём бачнай часткі 198,4 м³, маса каля 525,7 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі карбанатным растворам флювіягляцыяльных адкладаў пры напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

Прынёманскі кангламерат у Гродзенскім раёне.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1994). Размешчаны ў в. Вял. Пугачы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага біятытавага рапаківіпадобнага граніту даўж. 8 м, шыр. 7 м, выш. 1,3 м, у абводзе 21,9 м, аб’ём бачнай часткі 38,6 м³, маса каля 103 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад з тэр. Паўд. Фінляндыі. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае агульнаму напрамку руху ледавіка. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

Пугачоўскі вялікі камень у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобл.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 1 км на У ад в. Расходна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 4 м, шыр. 3,8 м, выш. 2,7 м, у абводзе 11,8 м, аб’ём бачнай часткі 22 м³, маса каля 58 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка, які прынёс валун каля 20—18 тыс. гадоў назад з тэр., што прылягае да Фінскага заліва. У мінулым меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРЭДНЕАЗІЯ́ЦКІЯ НАГО́Р’І,

група нагор’яў на З Азіі, што ўключае Малаазіяцкае нагор’е, Армянскае нагор’е, Іранскае нагор’е. Даўж. з З на У амаль 4 тыс. км; шыр. 600—1500 км. Агульная пл. больш за 3,5 млн. км². Унутр. ч. П.н. заняты пласкагор’ямі выш. да 2000 м, якія часта не маюць знешняга сцёку і акаймаваны ўскраіннымі гарамі (выш. да 4000 м). Знешнія, больш вільготныя, схілы гор укрыты лясамі і хмызнякамі, унутр. схілы і пласкагор’і маюць пустынна-стэпавыя рысы. Пераважаюць ландшафты сухіх субтропікаў, на Пд — сухіх тропікаў, на знешніх схілах — вільготных субтропікаў.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСАМА́ЧЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 10 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,48 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі 4,76 км. Пл. вадазбору 4,17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, на Пн участкамі невыразныя, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн тарфяныя, на З і Пд зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае, у паўн.зах. заліве сапрапелістае. Зарастае слаба. Выцякае ручай у р. Нешчарда.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСНО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 8 км на З ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 7,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,28 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, разараныя, на ПнУ пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнУ тарфяныя. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, да 4—4,5 м укрыта апясчаненым ілам, глыбей гліністым ілам і сапрапелем. Уздоўж берагоў зарастае.

т. 14, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАВО́Д,

рака ў Лельчыцкім і Жыткавіцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 511 км². Пачынаецца за 4 км на Пн ад в. Данілевічы Лельчыцкага р-на, вусце за 1 км на Пн ад в. Перароўскі Млынок Жыткавіцкага р-на. Цячэ па ўсх. ч. нізіны Прыпяцкае Палессе. Даліна ў вярхоўі месцамі трапецападобная, вузкая, у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная. Пойма ў верхнім цячэнні перарывістая, у сярэднім цячэнні шыр. 300—800 м, у ніжнім — зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча звілістае.

т. 14, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)